Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забыты Грунвальд


Помнік “Пагоня на Грунвальд” ля Барысаглебскай царквы ў Горадні

Помнік “Пагоня на Грунвальд” ля Барысаглебскай царквы ў Горадні

У Нацыянальным гістарычным музэі Беларусі адбыўся круглы стол, прысьвечаны 600-гадоваму юбілею Грунвальдзкай бітвы. Удзел у ім бралі гісторыкі з розных рэгіёнаў Беларусі. Навукоўцы заяўляюць, што значнасьць Грунвальдзкай бітвы ў гісторыі краіны незаслужана забыта.

"Сымболіка харугваў войскаў ВКЛ ў бітве пад Грунвальдам", "Выкладаньне падзеяў Грунвальдзкай бітвы ў гісторыі Беларусі", "Рэканструкцыя бітвы ў дэкаратыўна-ўжытковым мастацтве" – гэтыя ды іншыя тэмы навуковых паведамленьняў сталіся падставай для дыскусіі ўдзельнікаў круглага стала. Пра мэту яго гаворыць намесьнік дырэктара па навуковай працы Нацыянальтнага гістарычнага музэя Ніна Калымага:
сёньня Грунвальдзкая бітва, магчыма, незаслужана забыта ...

"Перадусім мы хацелі прыцягнуць увагу грамадзкасьці да гэтай тэмы, бо на сёньня Грунвальдзкая бітва, магчыма, незаслужана забыта. Таксама напярэдадні Міжнароднага дня музэяў і ночы музэяў мы адкрылі выставу, якая прысьвечана юбілею гэтай падзеі. На выставе можна пабачыць карціны, на якіх выяўленыя фрагмэнты бітвы, а таксама партрэты выдатных палкаводцаў таго часу".

Грунвальдзкая бітва – вырашальная бітва Вялікай вайны 1409–1411 гадоў паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польшчай з аднога боку і Тэўтонскім ордэнам з другога. Войскі саюзьнікаў, якія ўзначальвалі Вітаўт і Ягайла, ушчэнт разьбілі крыжакоў. Аднак сёньня роля беларускіх войскаў у пераможнай бітве незаслужана забыта і задача навуковай супольнасьці выправіць гэтую гістарычную несправядлівасьць, мяркуе яшчэ адзін удзельнік круглага стала, кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў:

Алег Трусаў
"Наша задача – вярнуць прысутнасьць беларусаў на Грунвальдзкім полі ў эўрапейскі кантэкст. Бо ні ў якіх падручніках суседніх дзяржаў вы ня знойдзеце, што беларусы ваявалі пад Грунвальдам. Там будуць рускія, будуць татары, нават чэхі і маравы, літоўцы і палякі, а беларусаў там, нібыта, і не было. Не зважаючы на тое, што там загінулі тысячы нашых людзей. У свае падручнікі мы вярнулі гэтую праўду, але ж наша задача вярнуць таксама ў эўрапейскі кантэкст".

У Польшчы, на месцы гістарычнай падзеі 15 ліпеня адбудуцца ўрачыстасьці дзяржаўнага ўзроўню з маштабнай рэканструкцыяй Грунвальдзкай бітвы. У Беларусі 600-гадовы юбілей будзе адзначаны ў Наваградку тэатралізаваным шэсьцем і рыцарскімі турнірамі. У пераважнай бальшыні гэтая дата адзначаецца правядзеньнем мастацкіх выставаў, круглых сталоў, навуковых канфэрэнцый і дыскусій. Аднак гэта вельмі сьціплая ўвага да падзеі, якая мала адпавядае гістарычнай значнасьці Грунвальдзкай бітвы, мяркуе прафэсар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, гарадзенец Алесь Смалянчук:

Алесь Смалянчук
"У Горадні ёсьць невялічкі помнік "Пагоня на Грунвальд", які быў пастаўлены напачатку 90-х гадоў, бо ў тыя часы было значна больш увагі да беларускай гісторыі і гэтай вельмі важнай падзеі беларускай мінуўшчыны. Зараз увагі значна менш, але я лічу, што гэта вельмі значная дата для гістарычнай памяці беларусаў, бо ў нас ня так шмат аналягічных падзей, якімі мы можам ганарыцца. А гэта была безумоўная перамога і беларускай зброі разам зь літоўскай і польскай, то гэта факт, на якім можна будаваць памяць нацыі".

У Менску створаны грамадзкі аргкамітэт, які рыхтуе паездку беларусаў на Грунвальдзкае поле, якое зараз завецца Дубровенскім, з 15 да 18 ліпеня. Мяркуецца, што ад Беларусі на Грунвальд паедуць некалькі дзесяткаў груп з гарадоў і мястэчак, якія прымалі ўдзел у Грунвальдзкай бітве.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG