Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Акцыі 16-га" раяць зьмяніць фармат


Чацьвёра ўдзельнікаў акцыі, прымеркаванай да Дня салідарнасьці з вязьнямі сумленьня, якая адбылася 16 траўня ў Менску, былі затрыманы міліцыяй. Іх пратрымалі каля трох гадзінаў і вызвалілі без складаньня пратаколаў. Пра асаблівасьці гэтай акцыі і яе пэрспэктывы.

Арганізатарам традыцыйнага Дня салідарнасьці гэтым разам выступіла толькі грамадзянская ініцыятыва "Эўрапейская Беларусь". Акцыю ладзілі адразу ў двух месцах – ля станцыі мэтро "Маскоўская" і на перакрыжаваньні праспэкту Машэрава з вуліцай Максіма Багдановіча.

Адзін з арганізатараў акцыі прадстаўнік "Эўрапейскай Беларусі" Яўген Афнагель распавёў "Свабодзе", што яе мэта застаецца ранейшай – нагадаць жыхарам Менску пра палітычныя рэпрэсіі:

"Актывісты кампаніі выстраіліся ўздоўж праспэкту і трымалі партрэты Мікалая Аўтуховіча. Таксама распаўсюджвалася інфармацыя пра вынікі суду над ім і Ўладзімерам Асіпенкам".

Яўген Афнагель тлумачыць, чаму ўчора ўдзельнікі акцыі зьбіраліся не на традыцыйным месцы – ля станцыі мэтро "Кастрычніцкая":
Мы спрабуем неяк мяняць фармат, таму што ўлады рэагуюць на агульныя акцыі ...

"Мы спрабуем неяк мяняць фармат, таму што ўлады рэагуюць на агульныя акцыі. Калі яны ведаюць, што акцыя адбываецца на Кастрычніцкай плошчы, то яе звычайна разганяюць. Таму ўчора мы і праводзілі такую акцыю, пра якую я распавёў.

Таксама некаторыя нашы людзі былі на Кастрычніцкай плошчы. Але чатырох чалавек там затрымалі яшчэ на падыходзе і пратрымалі ў пастаранку да трох гадзін. Таму мы робім і акцыі, якія рыхтуюцца ў канспыратыўных умовах і праходзяць у розных раёнах гораду. Тут акцыі працягваюцца даволі доўга. Іх бачаць шмат людзей, і таму яны таксама маюць плён".

Палітоляг Юры Чавусаў кажа: ў сваёй бальшыні беларускае грамадзтва ня ведае пра палітзьняволеных:

Юры Чавусаў
"Калі раней гаворка ішла пра зьніклых і пра асобаў, якіх грамадзтва ведала ў якасьці палітзьняволеных, то такія акцыі атрымлівалі большы розглас. Але, мне падаецца, што сам фармат "Акцыі 16-га" з большага выдахся. Трэба разумець, што кожны фармат мае сваё разьвіцьцё і час да завяршэньня. Таму, зыходзячы з таго, што гэта акцыя раскручвалася яшчэ з 2005 году, напэўна, трэба падумаць пра выхад з гэтага фармату і пра пошук нейкіх новых шляхоў".

Міліцыя затрымала наступных удзельнікаў акцыі: Максіма Вінярскага, Аляксандра Шумейку, Аляксандру Андрэеву і Зьміцера Пляшчынскага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG