Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне беларускія ўлады ня толькі зьмяншаюць агульную колькасьць забруджаных радыяцыяй населеных пунктаў, але й працягваюць пазбаўляць інваліднасьці ліквідатараў чарнобыльскай катастрофы.

Абласная мэдыка-рэабілітацыйная экспэртная камісія на днях скасавала інваліднасьць ў былога вайсковага ліквідатара з Мазыра, старшыні мясцовай грамадзкай арганізацыі “Дапамога” Валера Зайцава:
За паўтары гады да пэнсіі мяне пазбавалі кавалка хлеба ...

“Мяне выклікавалі на чарговае паседжаньне МРЭК, і на гэтай МРЭК зьнялі ў мяне групу інваліднасьці, зьвязаную з Чарнобылем, хаця там я быў сем месяцаў. Зьнялі без асаблівых тлумачэньняў. Сказалі толькі, што недастковае ў мяне захворваньне. Але ж інфаркт у мяне ніхто нікуды не падзеў, стэнакардыю нікто нікуды не падзеў. Я во зараз размаўляю й задыхаюся. За паўтары гады да пэнсіі мяне пазбавалі кавалка хлеба”.

Спадар Зайцаў лічыць, што пазбаўденьне інваліднасьці зьвязана найперш зь ягонай грамадзкай дзейнасьцю. 58-гадовы ліквідатар, апрача кіраўніцтва суполкай “Дапамога”, па даверанасьці прадстаўляе ў Беларусі французкую Асацыяцыю падтрымкі ліквідатараў і ахвяраў Чарнобылю, зьўляецца старшынём абласной чарнобыльскай камісіі пры Беларускім таварыстве інвалідаў, удзельнічае ў міжнародных канфэрэнцыях па праблемах наступстваў радыяцыйнай катастрофы.

Зайцаў: “Пачаўся перасьлед у поўным сэнсе гэтага слова. З тае прычыны, што я то там пабываў, то там выступіў. Лічу, што толькі з-за гэтага! Дык давайце наагул перагледзім гэтае пытаньне зь ліквідатарамі. У нас 80 адсоткаў інвалідаў-ліквідатараў, якія геаграфічна ня ведаюць, дзе той Чарнобыль. Яны за хабар купілі інваліднасьць. Я буду пра гэта казаць публічна, дзе толькі змагу. Маўчаць ужо нельга, бо пайшло ўсюды поўнае самаўпраўства”.

Прадстаўніца абласной мэдыка-рэабілітацыйнай экспэртнай камісіі, у сваю чаргу, заявіла, што ў Валера Зайцава ніхто не скасоўваў сувязь захворваньня з наступствамі чарнобыльскай катастрофы. Скасавалі толькі інваліднасьць:
Проста зьмянілася крыху заканадаўства...

“Няма дадзеных для інваліднасьці, а сувязь з Чарнобылем ніхто не зьнімаў. Будуць дадзеныя для інваліднасьці, будзе аўтаматычна й сувязь з Чарнобылем устаноўлена. Проста зьмянілася крыху заканадаўства – мы зараз працуем паводле інструкцыі ад 25 кастрычніка 2007 году. Тыя парушэньні, якія ёсьць у Зайцава, - яны выклікаюць лёгкае абмежаваньне жыцьцядзейнасьці”.

Да спадара Зайцава ў Мазыры пазбавілі інваліднасьці чарнобыльскага ліквідатарара Уладзімера Лузана.

Судзіцца ў Менску з міжведамаснай Навуковай экспэртнай камісіяй інвалід другой групы, ліквідатар з Рэчыцы Міхаіл Галко – дамагаецца прызнаньня таго, што шэраг ягоных захворваньняў зьвязаныя менавіта з удзелам у ліквідацыі аварыі на ЧАЭС.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG