Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крычаўскі раённы суд разглядае крымінальную справу пра злоўжываньні службовым становішчам чыноўнікаў у часе будаўніцтва ў райцэнтры басэйну для плаваньня.

Паводле матэрыялаў справы, адказныя асобы ўнесьлі ў дакумэнты непраўдзівыя зьвесткі, у патураньні невыкананьня паказьнікаў, што прывяло да стратаў у буйным памеры.

Абвінавачаным, якія часткова прызнаюць сваю віну, пагражае да дзесяці гадоў пазбаўленьня волі.

“Сёньня мы прыступаем да разгляду матэрыялаў. Нам давядзецца вывучыць 14 тамоў справы. Потым будуць спрэчкі. Ніякіх адметнасьцяў у працэсе няма. У справе фігуруюць заказчык, галоўны падрадчык ды субпадрадчыкі”, - заявіў судзьдзя Міхаіл Браўсаў, які разглядае справу.

З меркаваньнем судзьдзі не пагаджаецца крычаўскі журналіст Мікалай Гердзі. Паводле яго на працэсе як сьведкі праходзяць кіраўнікі райвыканкаму, а гэта і ёсьць яго адметнасьцю:

“Гэта сёньняшні старшыня райвыканкаму Іван Пракопаў, першы яго намесьнік Сяргей Марозаў а таксама былы кіраўнік раённай вэртыкалі Леанід Скоцкі. Ды шмат іншых чыноўнікаў. Як высьветлілася на судзе першапачаткова на будоўлю басэйна выдзяляліся 2,8 мільярды рублёў, а патрацілі каля сямі мільярдаў. На будоўлю адводзілася 10 месяцаў, а ўзводзілі два з паловай гады. У ходзе праверкі выявілі, што груба парушалася тэхналёгія будаўніцтва. І гэта магло паўтарыць трагедыю маскоўскага аквапарку”.

Судовы працэс распачаўся пасьля таго, як дзяржкантролем праверыў будоўлі. На тэмпы будаўніцтва ў Камітэт дзяржаўнага кантролю паскардзіўся Мікалай Гердзі.
XS
SM
MD
LG