Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы "пасьлізнуліся" на немцах


Хакейная зборная Беларусі можа пакаваць валізкі. Пасьля ўчорашняй сустрэчы з гаспадарамі чэмпіянату сьвету – немцамі – выхаванцы Эдуарда Занкаўца страцілі нават гіпатэтычныя шанцы на выхад у чвэрцьфінал спаборніцтваў.

Задача – трапіць прынамсі ў васьмёрку мацнейшых – чарговым разам ня выкананая. Хоць мэта і была блізка: беларусы ня здолелі адстаяць мінімальны лік 1:0 на сваю карысьць, прапусьціўшы шайбу за 50 сэкунд да канца матчу. Сёньняшняя сустрэча са зборная Даніі ўжо нічога не вырашае.

Адмыслоўцы канстатуюць, што чорная паласа для беларускага хакею пачалася мінулагодняй восеньню, калі тагачасны старшыня хакейнай фэдэрацыі Ўладзімер Навумаў адхіліў ад пасады галоўнага трэнэра менскага "Дынама" Глена Хэнлана. Канадзкі спэцыяліст заявіў, што ва ўмовах такога татальнага недаверу з боку фэдэрацыі ня можа трэніраваць і галоўную зборную краіны. На трэнэрскую пасаду фактычна самавылучыўся настаўнік менскай "Юности" і зборнай Украіны Міхаіл Захараў, кандыдатуру якога падтрымала Міністэрства спорту і турызму. Урэшце менавіта ён павёз нацыянальную каманду Беларусі на Алімпіяду ў Ванкувэр. Аднак у Канадзе зборная паказала зусім няўцямную гульню і фінішавала ў ліку аўтсайдэраў, а Захараў калі чым і запомніўся, дык пераважна скандальнымі выказваньнямі на адрас арганізатараў алімпійскага турніру.

Да чэмпіянату сьвету галоўную каманду было даручана рыхтаваць Эдуарду Занкаўцу, які дагэтуль некалькі сэзонаў быў асыстэнтам у Глена Хэнлана. Аднак, у адсутнасьць патрэбнага досьведу самастойнай працы, стварыць за кароткі час паўнавартасны калектыў Занкаўцу так і не ўдалося. У выніку – чарговым разам ня спраўджаныя чаканьні. Між тым, адразу пасьля ванкувэрскай Алімпіяды хакейныя чыноўнікі казалі, што ў Нямеччыне каманда цалкам рэабілітуецца перад заўзятарамі. Асабліва гарачыя галовы абяцалі нават мэдалёвыя пэрспэктывы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG