Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ДОЖДЖ...


...на жаль. Тэмпэратура: 14 — 21 С.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


Творчая сустрэча з удзелам Эдуарда Акуліна і Леаніда Дранько-Майсюка адбудзецца ў Мінскім вучылішчы будаўнікоў №148, якое знаходзіцца па адрасе: вул. Ваўпшасава, 15.

Круглы стол, прысьвечаны 600-годзьдзю Грунвальдскай бітвы. Нацыянальны гістарычны музэй Беларусі, пачатак а 10.00.


ТАМ ДЗЕ НАС НЯМА:


Прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў з двухдзённым візытам ва Ўкраіне.

У Тэгеране саміт гэтак званай Групы 15, у якую ўваходзіць 17 краінаў Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі, між іншым: Іран, Аргентына, Бразылія, Вэнэсуэла, Эгіпет, Індыя, Кенія, Зімбабвэ.


ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


У 1838 наш зямляк Ігнат Дамейка ўпершыню ступіў на чылійскую зямлю. Там ён стаў навукоўцам з сусьветным імем і нацыянальным героем Чылі. Падарожжа Дамейкі на параходзе ад берагоў Францыі да чылійскага берагу цягнулася два з паловай месяцы.

У 1931 пакінуў гэты сьвет мітрапаліт Менскі і Беларускі Мэльхісэдэк. У 1922 годзе, калі беларуская праваслаўная царква ў БССР абвясьціла сваю аўтаномію ад Масквы, мітрапаліт Мэльхісэдэк узначаліў гэты працэс аддзяленьня. Як прапаведнік ён быў вядомы сваёй прыхільнасьцю да беларускага нацыянальнага адраджэньня. І якраз за гэта падпаў пад перасьлед бальшавіцкіх спэцслужбаў. Ягоны шлях па турмах пачаўся ў 1925 годзе, пасьля Мэльхісэдэк быў пераведзены ў Маскву, дзе і памёр раптоўна ў адным з храмаў проста падчас набажэнства.

А яшчэ 17 траўня ў розныя гады нарадзіліся італьянскі мастак Сандра Батычэлі і францускі кампазытар Эрык Саці, францускі празаік Анры Барбюс і лідэр украінскіх нацыяналістаў Сымон Пятлюра, знакаміты францускі кінаактор Жан Габэн. Таксама ў гэты дзень прыйшлі на сьвет дзьве расейскія жанчыны-палітыкі беларускага паходжаньня – Галіна Старавойтава і Валерыя Навадворская.


ЁСЬЦЬ НАГОДА:


Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй.

Сусьветны дзень інфармацыйнай супольнасьці.


МІНУС 365:


Год таму на сайце Свабоды: "На конкурсе Эўрабачаньня перамог нарвэскі беларус".


ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


"Мне лепш было б быць чарнаскурым, чым гомасэксуалістам, бо калі ты чарнаскуры, табе ня трэба казаць пра гэта тваёй маці" — Амэрыканскі актор, кінарэжысэр і прадусар Чарлз Пірс.
XS
SM
MD
LG