Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ноч зь пятніцы на суботу вядомы (праз тое, што быў аднойчы заўважаны Мядзьведзевым і запрошаны ў Крэмль) расейскі блогер Максім Калашнікаў зьвярнуўся да сваіх чытачоў з просьбай распаўсюдзіць ягоны заклік па стварэньні ў Расеі «ўраду народнага даверу», узначаліць які, на ягоную думку, павінен... Аляксандар Лукашэнка.

НАБАЛЕЛА!


Усё пачалося з стыхійных пратэстаў шахтароў у горадзе Междурэчанск Кемераўскай вобласьці - тым самым, дзе 9 траўня ў шахце «Распадзкая» загінула 66 чалавек (паводле folksland.net, загінулых ня меней чым 150). Абураныя хлусьнёй прадстаўнікоў улады пра памеры шахтарскіх заробкаў (называлася лічба 80 тысячаў, хаця насамрэч яны атрымліваюць ад 15 да 30 тысячаў), небясьпечнымі ўмовамі працы, тым, што ў краіне не была абвешчаная нацыяльная жалоба ў зьвязку з гібельлю іхніх таварышаў, і наогул «набалела», пасьля двух дзён бясплённых мітынгаў междурэчанскія шахтары перакрылі чыгунку Новакузнецк-Абакан. Для іх уціхамірваньня быў пасланы АМАП. І ўпершыню за дзесяцігодку пуцінскай стабільнасьці ў міліцыянтаў паляцелі камяні.



(Відэа ўзятае ў журнале shraibman. Блогер суправадзіў ролік загалоўкам: «Грэцыя прыйшла ў Расею?»)

Нягледзячы на позьні час зьяўленьня інфармацыі пра забурэньні ў Междурэчанску, яна з хуткасьцю агню распаўсюдзілася ў расейскай блогасфэры, падхопленая блогерамі з апазыцыйнага лягеру, якія вырашылі, што «пачалося», рэвалюцыя не за гарамі. Некаторыя недвухсэнсоўна да яе заклікалі:

«Калі ў гэтай краіне яшчэ застаўся Рускі народ, устаньце на абарону шахтароў у Междурэчанску! Як кляшчы ўпілася, угрызлася ў цела Расеі карумпаваная ўлада, зажратыя мільянэры і мільярдэры, якія буяюць за кошт грошай, палітых чалавечай крывёй, потам і сьлёзамі рабоў! Яхты і вілы абрамовічаў вырасьлі на чалавечых касьцях, на магілах шахтароў і нафтавікоў... Думаеце, вы яшчэ доўга будзеце баляваць? Вам ня страшна?.. Калі паўстане Сібір, ня будзе ані Пуціна, ані Мядзьведзева, ані іхніх выкармышаў!» (dicaine)

Каб не дапусьціць таго, што на хвалі меркаванага ўсерасейскага паўстаньня рабочых да ўлады прыйдуць «хітрыя антырускія сілы», то бок лібэралы, Максім Калашнікаў і прапануе запрасіць на царства Лукашэнку - часова, «да ўсеагульных выбараў». Напэўна, з таемнай надзеяй, што ён у іх, па завядзёнцы, элегантна пераможа.

РАСЕЙСКІ НАРОД СХАПІЎСЯ ЗА СТАЛІНА, ЯК ЗА ВІЛЫ


Вядома ж, я не плянаваў пачынаць агляд з падзеяў у далёкім Междурэчанску, яны выбухнулі ў апошні момант. А зьбіраўся пачаць з параўнальнага аналізу абмеркаваньня ў расейскай і беларускай блогасфэрах 65-годзьдзя перамогі. Галоўная розьніца палягае ў тым, што ў Расеі гадавіна перамогі не перастае быць нагодай для гарачых дыскусіяў, у цэнтры якіх знаходзіцца «праблема Сталіна».



Гэты флэш-ролік, зроблены блогерам zhgun, ёсьць кароткай сатырычнай замалёўкай на тэму ролі Сталіна ў гісторыі Другой сусьветнай вайны: перадваенныя рэпрэсіі, хаўрус з Гітлерам на глебе падзелу сьвету, ігнараваньне зьвестак пра напад, які рыхтуе Нямеччына, ужо пасьляваенныя рэпрэсіі. Агульныя месцы і прапісныя ісьціны, назубок вядомыя тым, хто засьпеў эпоху галоснасьці. Можна з упэўненасьцю сьцьвярджаць, што большасьцю беларускіх блогераў яны гэтак і ўспрымаюцца - як ісьціны. Як ні працавала беларуская дзяржпрапаганда над рэабілітацыяй і ўзьвялічваньнем постаці Сталіна, яе высілкі аказаліся марнымі. Прынамсі ў адносінах да адукаваных прадстаўнікоў пакаленьня дваццаціпяці-трыццаціпяцігадовых, а менавіта яны складаюць касьцяк блогасфэры. Таму яны маглі б хіба парадавацца дасьціпнасьці роліка.



(Каляж блогера dmitrivrubel. За аснову ўзяты фотаздымак аўтобусу з выявай Сталіна, якую аплацілі блогеры з ініцыятывы viklamist - маладога пецярбуржца, журналіста, які піша пра тэлекамунікацыі - цалкам лішні чалавек, з пункту гледжаньня артадаксальнага сталінізму, і непатрыятычна разьяжджае па замежжах.)

У расейскай блогасфэры іншая сытуацыя. Дастаткова пачытаць камэнтары да флэш-роліка, дзе там і сям успыхвалі ачагі бязьлітасных сутычак паміж сталіністамі і антысталіністамі. Характэрна, што апошнімі найчасьцей аказваліся жыхары сумежных з Расеяй дзяржаваў, былых савецкіх рэсублікаў. Самым мяккім папрокам аўтару з боку сталіністаў было тое, што ён «дэгенерат-аніматар», а ягоны ролік - «убогі антысавецкі агітпрап». Гучалі і абяцаньні адправіць яго, у найлепшым выпадку, у дызайнэрскую «шарашку» - «калі тыя, хто трэба, прыйдуць да ўлады».

Справа тут ня ў тым, што сярод расейцаў нібыта пераважаюць асобы аўтарытарнага "азіяцкага" складу, як думаюць многія беларускія русафобы. Чаму тады гэты аўтарытарны склад не праяўляўся напачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя, калі станоўча ацэньвалі Сталіна ўсяго каля 10% грамадзянаў Расеі? Канечне, адыграла сваю ролю зьмена знака зь мінуса на плюс у ацэнцы Сталіна расейскай дзяржпрапагандай. Але, мабыць, ня самую галоўную, бо найбольш палымяныя сталіністы ў Расеі адначасова зьяўляюцца палымянымі праціўнікамі сёньняшняй («сталінісцкай», паводле лібэральных крытыкаў) улады.

Расейскі народ схапіўся за Сталіна, як за вілы. Да такой высновы прыйшоў блогер resta_by. Бо дапяклі, ніякай меры ня ведаюць - «алігархі, бандыты, чыноўнікі». Адсюль і жаданьне «цьвёрдай рукі», якая «навядзе парадак» любой цаной.

Хто ведае, ці ня будуць калі-небудзь беларусы гэтак жа сама настальгаваць па часах кіраваньня Лукашэнкі...

ЗАМЕСТ "ДНЯ ПЕРАМОГІ" - "ГАДАВІНА МІРНАГА ЖЫЦЬЦЯ"


Вострая і актуальная для расейцаў «праблема Сталіна», у беларускім грамадзтве, мяркуючы з настрояў блогераў, не зьяўляецца сёньня колькі-небудзь значнай. З гэтай прычыны ацэнкі прамінулай вайны вагаюцца ў даволі вузкім дыяпазоне, не спараджаючы канфліктных, непрымірымых меркаваньняў.

Згодна з Федэральным законам ад 13.03.1995 г. № 32-ФЗ, 9 траўня - адзін дзень зь пятнаццаці «пераможных дзён - дзён вайсковай славы Расеі». Прэамбула да гэтага закону гучыць так: «Ва ўсе вякі гераізм, мужнасьць ваяроў Расеі, моц і слава рускай зброі былі неад'емнай часткай велічы Расейскай дзяржавы». Менавіта такім чынам пераважна і ўспрымаецца Дзень Перамогі на ўзроўні калектыўнай сьвядомасьці ў Расеі - як апагей «славы рускай зброі». Таму гэты дзень прасякнуты пераможным мілітарысцкім патасам.

Вынікі апытанкі, у якой узялі ўдзел 94 беларускія блогеры, сьведчаць, што ў нас успрыманьне 9 траўня зусім іншае:

Дзень нацыянальнага гонару і славы - 8 (9.5%)

Дзень памяці і смутку па ахвярах - 31 (36.9%)

Дзень перамогі над нацызмам - 10 (11.9%)

Дзень вэтэранаў - 3 (3.6%)

Проста гістарычная дата - 22 (26.2%)

Чужароднае савецкае сьвята - 10 (11.9%)


У расейскай блогасфэры, без сумневаў, на першым месцы быў бы варыянт «нацыяльнага гонару». Бо для расейцаў гэта нібыта «свая» вайна, тады як для беларусаў - «чужая». Беларускія блогеры наступным чынам адказалі на пытаньне, чым, на іхную думку, была Другая сусьветная:

Абаронай нашай роднай зямлі ад захопнікаў - 15 (16.0%)

Супрацьстаяньнем сілаў дабра і зла (розуму і хаосу, цывілізацыі і барбарства і г.д.) - 3 (3.2%)

Барацьбой двух (і болей) зол, зь якіх нацыстоўская Нямеччына была найбольшым - 14 (14.9%)

Імпэрыялістычнай вайной за перадзел сьвету. Дзяржавы-удзельнікі ў розны час выступалі і ў якасьці "агрэсараў", і ў якасьці "ахвяраў" - 40 (42.6%)

Цывілізатарскім паходам супраць бальшавізму. Да жалю, няўдалым - 5 (5.3%)

Наймацнейшым выплескам чорнай энэргіі ў гісторыі чалавецтва. Бессэнсоўнай крывавай калатнечай - 17 (18.1%)


Зыходзячы з гэтых вынікаў, можна сказаць, што блогерка sestry_fromm выказала думку большасьці калі не беларусаў, то беларускіх блогераў, прапанаваўшы перайменаваць Дзень Перамогі ў «Гадавіну мірнага жыцьця»:



(Фотаздымак блогеркі pani_tekila)

«Пражэкт, канечне, выключна беларускі. У Беларусі "абы не было вайны" - гэта наша ўсё. А вось расейцам пакуль ня сьвеціць, яны ўвесь час ваююць усярэдзіне сябе...

Імкненьне да міру прасьцей падзяліць у любым пакаленьні, чым мінулую перамогу народу, які, як ні круці, ужо раствараецца ў гісторыі (я пра савецкі). У нас тут былі ахвотнікі перанесьці на беларускую глебу расейскую акцыю "Георгіеўская стужка". За паўдня гуляньня па горадзе мы сустрэлі роўна адну кампанію з трох чалавек, якіх гэтая ідэя ўзбудзіла. Адзін з трох у кампаніі быў у камуфляжы.

Наконт міру ўсё больш зразумела. Нават падлетак, які абдумвае жыцьцё, можа думаць, як прыкласьці свой мозг і мускулы да выпуску мірных канкурэнтаздольных тавараў, а не да будаўніцтва ракетаў. Як паставіцца да чужых войнаў і адмовіцца браць у іх удзел. Як, урэшце, разьвіваць у сабе ўменьне мірна вырашаць побытавыя канфлікты. То бок Гадавіна мірнага жыцьця - гэта сьвята, якое можна сьвяткаваць стагодзьдзямі. І гістарычная памяць захоўваецца, і сьвята застаецца асабістым, незалежна ад зьмены пакаленьняў.

Гэтае перайменаваньне пагражае ўсяго адной стратай. Прыйдзецца ў чарговы раз пацьвердзіць зьнікненьне мітычнага адзінства народаў, якія па-ранейшаму схільныя да масавага практычнага ўжываньня агнястрэльнай зброі. Але, можа быць, прызнаньне рэальнасьці - гэта ня так ужо і дрэнна?

Карацей, дарагія беларускія чытачы, віншую вас з тым, што мы ўжо 65 гадоў ні з кім не ваюем. А дарагіх небеларускіх чытачоў магу павіншаваць з тым, што вашыя продкі дамагліся гэтага разам з намі для нашага беларускага народу. Калі жадаеце – паспрабуйце зрабіць гэта і для вашых суайчыньнікаў».


З афарыстычнай сьцісласьцю тую самую думку дасьціпна выказаў zelanton:

«Нашыя прадзяды і дзяды змагаліся і гінулі за тое, каб на вуліцах нашых гарадоў не было танкаў. Чаму палітыкі хочуць дэвальваваць іхную перамогу?»



(Фотаздымак блогеркі l_kupalinka_l)

«У Беларусі "пераможны" патас і ўзьнёслыя прамовы Лукашэнкі выглядаюць чамусьці ня строга і пагрозьліва, а як клаўнада... Ад парадаў, паказной моцы, пяцігадовага хлопчыка, якому аддаюць гонар афіцэры, чырвона-зялёных стужак і залатых пагонаў вее нейкай шызафрэніяй...» - піша mikola_a. Што да пяцігадовага хлопчыка, mikalaj_achyzha заўважае: «Маленькага чалавечка перад парадам трэба было апрануць у форму сына палка (салдацкая гімнасцёрка, салдацкі рамень, пілётка), а ня ў строй генералісімуса...»

«Нават мая бабуля» - кажа aksakalko - «якая на свае вочы бачыла ўсе "прыгажосьці" той вайны, гаворыць: "Надаела гэтая вайна! Вязьдзе вайна"».

ХАВАЙСЯ Ў БУЛЬБУ


Найбольшая колькасьць допісаў, прысьвечаных Дню Перамогі, тычылася асаблівасьцяў нацыяльнага сьвяткаваньня. Працытую самы, на мой погляд, цікавы допіс на гэтую тэму блогера timmoore:

«9 траўня я, як правіла, хаваюся ў бульбу. Бо гэта сьвята, калі з усіх куткоў, з усіх раёнаў Менску пачынаюць выпаўзаць варожыя сілы, якія затым павольна рушаць у бок праспекту Незалежнасьці, па дарозе спальваючы вёскі, рабуючы мірных жыхароў і гвалтуючы маладзіц-цнатлівіц. Гэта сьвята, калі без праблемаў можна разбіць свайму суайчыньніку пысу, каб замежныя непрыяцелі баяліся. Сьвята, калі твой унутраны непераможны акупант патрабуе, каб ты ўліў сабе ў пашчу некалькі бутэлек гаручага і вызваліў пакутлівую беларускую сталіцу ад… сябе. О, Дзень Перамогі, ты ня порахам, а вядома чым прапах!

Але навошта рабіць са сьвята, якое, па ўсёй лёгіцы, павінна было б сьвяткавацца “са сьлязьмі на вачах”, з задуменнымі самотнымі тварамі, пад чарачку-другую мацаванага віна, і самае галоўнае – дома, нейкі быдляцкі агульнадзяржаўны пагул. Па сутнасці такое сьвяткаванне – гэта апафеоз пахмельнай абыякавасьці да людзей, якія загінулі на той вайне і якіх мы ўжо ня памятаем...»


ЖАНЧЫНЫ НА ПАРАДЗЕ




(Фотаздымак блогеркі alyonaby)

Блогерка vinah напісала дасьціпны расповед пра тое, як яны зь сяброўкай хадзілі на парад (чытайце поўнасьцю ў ейным блогу):

«- Касмэтыку, усю касмэтыку забіраюць! - скардзіліся дзяўчынкі, якія ўцякалі прочкі ад мэталашукальнікаў, прыціскаючы да сэрца рознакаляровыя цюбікі і слоічкі - Бяжыце адсюль!
- Памаду губную забралі, лак для пазногцяў! - гэта крыкі ў натоўпе - Усю касмэтычку перакапалі! Хрэн я ім яе аддам! Пілачку - і тую забраць хацелі!..
- Крэм для рук... бу-бу-бу, бляск для вуснаў... бу-бу-бу, лак для валасоў! Усё забіраюць! - вылі жанчыны.
- Жанчыны - асобна! Жанчынаў у асобную чаргу! - гарлапанілі ля мэталашукальнікаў. Усё гэта пачынала нагадваць канцлягер - калі жанчынаў зганялі ў асобную чаргу і прымушалі здаваць усё: рэчы, золата, каштоўнасьці, мэталічныя прадметы, валасы стрыгчы таксама».


ВАЙНА - САМЫ ШЧАСЬЛІВЫ ЧАС У ЖЫЦЬЦІ


Блогерка zevzik_27 прыгадвае, як ейны ўнівэрсытэцкі выкладчык распавядаў на лекцыі, што калі ён пытаецца ў сваёй маці пра самы шчасьлівы для яе час у жыцьці, яна нязьменна адказвае - «вайна». Задумаўшыся над гэтымі парадксальнымі, на першы погляд, словамі, блогерка прыйшла да высновы, што не такія яны ўжо і парадксальныя:

«Аднойчы, згубіўшыся ў лесе, я ня стала панікаваць, пачала раўнамерна-рытмічна дыхаць, успамінаць, што ў такіх выпадках трэба рабіць. Супакоіцца ў мяне атрымалася, а вось выбрацца ці хоць бы натрапіць на сьлед якой-небудзь сьцяжынкі - не. Блукала я доўга. Ушчэнт зьнясілеўшы і страціўшы надзею, села проста на зямлю і пачала маліцца. Памятаю, усякай дробязі я тады наабяцала незразумела якому заступніку, але было сярод гэтага струменя сьвядомасьці, выкліканага страхам за сваю шкуру, сёе-тое вартае - я вырашыла, што буду шанаваць зараз кожную чалавечую істоту, кожны гук чалавечага голасу, кожны дзень жыцьця, кожны ўздых. Ці варта казаць, што калі гэта ў мяне і атрымліваецца, то адно зь пераменным посьпехам?

А вось у тых, хто прайшоў праз жорны вайны такі стан быў кожны дзень на працягу 4 гадоў. Калі ты ня ведаеш, ці расплюшчыш заўтра вочы, ці ўбачыш калі-небудзь ізноў родныя, блізкія твары, ці зможаш з задавальненьнем дыхаць, піць, есьці, размаўляць, сьпяваць, слухаць музыку - жыць. У такім стане кожная дробязь, якая зьмяшчае ў сабе цяпло, рытм і радасьць жыцьця ўспрымаецца асабліва востра, як апошні раз.

Да таго ж, на вайне як на вайне - з чалавека спадае ўся шалупіна, напластаваньні, мішура, і застаецца ядзерка, сутнасьць. І што гэта за сутнасьць - можна зразумець, апынуўшыся ў такім самым становішчы. Кожны дзень выбар - ратаваць сваё жыцьцё ці дапамагчы выратаваць жыцьцё іншага, падзяліцца чэрствым кавалкам зь іншым ці зьесьці ўсё самому, сказаць словы падтрымкі ці лаяцца, не падзяліўшы нейкую дробязь, прабачыць ці ненавідзець.

P.S. Калі я бачу на вуліцах улюбёнага Менску ўсьмешлівы, зараджаны аптымізмам старэчы, але ня стомлены, твар - хутчэй за ўсё, гэта вэтэран вайны. Ён шчасьлівы, што жывы. Яму ёсьць, з чым параўноўваць»
.

Нібы далей разьвівае думку папярэдняй блогеркі dolka777:

«...Цэламу пакаленьню дарагой цаной дасталася сытуацыя асэнсаванасьці жыцьця: яны рызыкавалі жыцьцём, яны аддавалі свае жыцьці за кагосьці, за будучае нейкае, за нас. Танец са сьмерцю асьвяціў іх уласнае жыцьцё і жыцьцё на некалькі пакаленьняў наперад. Нашае жыцьцё, якое бессэнсоўна жыве-жуе.

Жывіце! Мы за вас паміралі. Жуйце спакойна - гэта так цудоўна, жыць самому і не губляць блізкіх! І менавіта ў гэтым сэнсе гэтае пакаленьне падарыла нам жыцьцё. "Мы паміралі, каб вы жылі" - гэтая фраза выклікала калісьці ў мяне адчуваньне незразумелай магічнай спэкуляцыі. Пры чым тут МАЁ жыцьцё, маё нараджэньне?

Зараз пачынае праясьняцца. І ў гэтых вэтэранах, вельмі старых, проста гліняных чалавечых камяках колеру зямлі, раптам стала адчуваць асэнсаванасць той вялікай вайны.

Мая мама сёньня распавяла, як падчас вайны бабуля брала яе, маленькую, з сабой у лес. Нібы за ягадамі. Апранаючы на яе шырокую сукеначку, а да жывата прывязваючы хлеб для партызанаў. Бабуля рызыкавала жыццём свайго маленькага дзіцяці і сваім уласным, каб накарміць галодных сваякоў і аднавяскоўцаў. Якое гераічнае жыцьцё было тады ва ўсіх людзей.

Сытуацыя вайны ня можа паўтарыцца. Гэта, магчыма, запатрабуе такіх жа гераічных высілкаў ад нас, як тая вайна і тая перамога.

Гэта не павінна паўтарыцца, але што ў гэтым выпадку пэрсанальна для нас задумаў лёс, каб асьвяціць нашае жыцьцё і надаць яму сэнс?»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG