Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за дзясятак удзельнікаў “Славянскага гей-параду 2010” трапілі ў міліцыю ў выніку разгону акцыі. Само шэсьце доўжылася літаральна некалькі хвілінаў.


ФОТАРЭПАРТАЖ

У парадзе ўдзельнічалі прадстаўнікі арганізацыі па абароне правоў сэксуальных меншасьцяў Беларусі, Расеі і Аўстраліі. Ёсьць зьбітыя. Двое затрыманых папрасілі аказаць ім мэдычную дапамогу, але міліцыянты Першамайскага РУУС адмовілі ім у гэтым.

У міліцыі Першамайскага раёну Менску знаходзяцца грамадзяне Расеі і Беларусі. Яны ўсе казалі, што былі гатовыя да разгону акцыі. Кожны з удзельнікаў “Славянскага гей-параду 2010” меў пры сабе заяву, у якой было напісана на імя кіраўніка міліцыі, што затрыманы прызнае сябе парушальнікам Адміністрацыйнага кодэксу Рэспублікі Беларусь і таму просіць ужыць да яго мінімальны штраф.

Арганізатары плянавалі правесьці акцыю а 13-й гадзіне, але перад тым патэлефанавалі журналістам і папрасілі пачакаць. Арганізатары патлумачылі затрымку тым, што іх паўсюль суправаджаюць міліцыянты, каб ня даць правесьці акцыю.

Нарэшце на вуліцы Сурганава недалёка ад інстытуту матэматыкі зьявіліся дэманстранты. Ім насустрач кінуліся журналісты і спэцназаўцы.

Ігар Іваноў 13 гадоў жыве ў Лёндане. Ён упершыню ўдзельнічаў у гей-парадзе ў Беларусі:
Тут няма ніякіх законаў, якія б абаранялі двух мужчын ці кабет ...

“Гэта вяртае на зямлю. Папросту ў Лёндане гэта вялікае сьвята. Тут няма роўных правоў і сацыяльнай абароненасьці для геяў і лесьбіянак. Тут я баюся, бо, калі б я вырашыў са сваім хлопцам пайсьці ў гатэль, то яны маглі б мяне папросту паслаць... Тут няма ніякіх законаў, якія б абаранялі двух мужчын ці кабет, якія жывуць разам, каб іх не прагналі з кватэры, якую яны арандуюць... Гэта вельмі важна – мець абарону і адчуваць сябе спакойна”.

Мікалай Аляксееў прыехаў з Расеі:

“Нас прыехала шмат з Расеі, каб падтрымаць нашых калегаў у Беларусі і дапамагчы ім правесьці гей-парад”.

Яму не далі дагаварыць, бо ў гэты час пачаўся разгон акцыі. Спэцназаўцы пачалі выхопліваць сьцягі колеру вясёлкі, а дэманстрантаў закідваць у міліцэйскія машыны.

Марыя Яфіменкава прыехала ў Менск з Санкт-Пецярбургу. На яе вачах брутальна цягнулі ў машыны ўдзельнікаў акцыі:
Мы жывем у рэпрэсіўных краінах. Я маю на ўвазе і Расею, і Беларусь...

“Вы бачылі, як цяпер па-барбарску затрымалі людзей. Вырвалі ў іх сьцягі. Гэта беззаконьне. Мы якраз супраць гэтага і пратэстуем.

Гэта мой першы прайд. Я, вядома, у шоку, але гэтага й трэба было чакаць. Мы жывем у рэпрэсіўных краінах. Я маю на ўвазе і Расею, і Беларусь. Нам базавыя палітычныя правы не даюць магчымасьці рэалізоўваць”.

Некалькі чалавек, якім удалося пазьбегчы затрыманьняў, адышлі да будынку міжнароднага факультэту БДУ.

Сярод іх студэнт гарадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы Ігар Ціханюк:
Яны за намі сачылі, праслухоўвалі нашы тэлефоны і не хавалі гэтага ...

"Я ў шоку. Некалькі разоў мянялі месца правядзеньня акцыі. За намі сачылі, нам перакрывалі шматлікія аб'екты. Мы езьдзілі па горадзе і шукалі, дзе б можна было правесьці акцыю. Яны за намі сачылі, праслухоўвалі нашы тэлефоны і не хавалі гэтага”.

Сябра Ігара, які назваў сябе транссэксуалам, дадаў:

“Мы так і думалі, што нам не дадуць правесьці акцыю. Гэта ня дзіўна. У мяне праблемы заўсёды. Даволі часта зьбіваюць. Асабліва “скіны”. Часта даводзіцца мець дачыненьні зь міліцыяй. Нам кажуць, што нас не павінна быць тут дый увогуле ў сьвеце. Што мы сьмецьце, і ўсё такое”.

Ігара зь сябрам схапілі і пацягнулі ў машыну. Тым часам з аўтобуса выбеглі спэцназаўцы і схапілі маладога чалавека, які толькі пасьпеў крыкнуць, каб яму не білі акуляраў. Зь ім была жанчына:
Не чапайце яго!!! Ён быў са мной! Мы міма ішлі! ...

“Не чапайце яго!!! Ён быў са мной! Мы міма ішлі! Ён сябра майго сына. Ён да нас прыехаў зь Вільні. Ён наш госьць! Ідзем, бачым – журналісты. Я сама яму сказала: “Давай паглядзім. Цікава”. Чуем, як міліцыянты кажуць і кажуць: “Підарасы”. Кажу: “Давай паглядзім, што тут такое”. Толькі спыніліся, як яны раптам схапілі Ўладзю. Што ж гэта робіцца!?”

У міліцыі Першамайскага раёну Менску двое затрыманых папрасілі аказаць ім мэдычную дапамогу. Адзін хлопец быў вельмі моцна зьбіты. Ён паведаміў “Свабодзе”, што ў яго шматлікія пабоі. Правая рука яго павісла, і ён казаў, што, магчыма, у яго пералом. Другі хлопец сядзеў на падлозе. Ён казаў, што ў яго пухліна, а пасьля таго, як атрымаў некалькі моцных удараў, стаў кепска сябе адчуваць.

У дзяжурнай частцы праігнаравалі просьбы затрыманых. Яны сказалі, што выклікаюць хуткую толькі пасьля таго, як дапытаюць затрыманых.

ВІДЭА


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG