Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікам не стае “папулярызатаў” беларускай мовы


На рэклямных банэрах заклеілі пазнаку, што 2010 год – год роднай мовы. Замест яе зьявілася новая – “2010 год – поруч з мовай”
На рэклямных банэрах заклеілі пазнаку, што 2010 год – год роднай мовы. Замест яе зьявілася новая – “2010 год – поруч з мовай”

Амаль паўгоду ідэолягі Магілёўскага аблвыканкаму намагаюцца вярнуць у публічнае жыцьцё беларускую мову.

Летась 31 сьнежня кіраўнік абласной выканаўчай улады Пётар Руднік зацьвердзіў “Комплекс першачарговых мер аблвыканкаму па папулярызацыі беларускай мовы на 2010-12 гады“. Зь якімі цяжкасьцямі на шляху адраджэньня мовы сутыкаюцца чыноўнікі і хто дапамагае іх адольваць.

Да 9 траўня ў Магілёве беларускай мовы паболела. Роўнасьць моваў па-магілёўску
Чыноўніцкая праграма адраджэньня мовы малавядомая шырокаму грамадзтву. За паўгода былі адзінкавыя выпадкі, калі пра яе паведамлялі афіцыйныя крыніцы. Не паболела за гэты час беларускай мовы ў рэклямна-інфармацыйным аздабленьні вуліц. Сайт аблвыканкаму дагэтуль ня мае беларускамоўнай вэрсіі. Ініцыятар распрацоўкі праграмы Пётар Руднік і сам ня надта актыўна папулярызуе мову. Апошні раз па беларуску ён прамаўляў на Дзень канстытуцыі.

“Гэтая праграма з нашага гледзішча не закінутая. Яна ў нас стаіць на кантролі. Пакуль што цікавых момантаў і такіх сур’ёзных ня бачу. Ёсьць да пэўных раёнаў прэтэнзіі. Яны чыста фармальна ўсё распрацавалі. Ня ўніклі. Патрэбна, каб было хаця б некалькі чалавек, якія б бударажылі вось гэта ўсё, а ня проста аднаму чалавеку даць, каб ён за ўсё адказваў. Гэта ўсё дужа сур’ёзна”, – тлумачыць сытуацыю супрацоўніца ўправы ідэалягічнай працы аблвыканкаму Жана Дзьмітрыева.

Сярод памагатых у ажыцьцяўленьні праграмы спадарыня Дзьмітрыева нечакана назвала адміністрацыю свабоднай эканамічнай зоны “Магілёў”. Што ж прапанавала ідэолягам бізнэс-структура?

“Калі вы чакалі, што ў нас былі нейкія вялікія прапановы па ўкараненьні й прапагандзе, то такога не было. На сайце нашым разьмяшчаецца інфармацыя на беларускай мове. У нас на фірмавым блянку ёсьць усе рэквізыты на беларускай мове. І мы робім некаторыя прэзэнтацыйныя матэрыялы на беларускай мове”, – паведаміла супрацоўніца свабоднай эканамічнай зоны “Магілёў”.

Які ўнёсак па вяртаньні ў публічнае жыцьцё беларускай мовы робіць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Пра гэтую арганізацыю як памагатага Жанна Дзьмітрыева не згадала.
Сказаць, што мы масава гэта праводзім, то такога пакуль няма, бо, паверце, на гэта пакуль няма часу ...

“Я прапагандую, дапусьцім, Дзень беларускай мовы, то бок калі мы можам гаварыць непасрэдна на беларускай мове ў нас у арганізацыі, скажам так. Сказаць, што мы масава гэта праводзім, то такога пакуль няма, бо, паверце, на гэта пакуль няма часу. У нас ідзе мерапрыемства за мерапрыемствам. У нас жа 90 год камсамолу неўзабаве, можа быць, да гэтай даты прымяркуем нешта”, – зазначыў першы сакратар абкаму БРСМ Ігар Васільчанка.

Магілёўскі аблвыканкам прапаноўваў адміністрацыі прэзыдэнта абвясьціць 2010 год годам роднай мовы. Гэтай ініцыятывы ў адміністрацыі не падтрымалі, але дазволілі распрацаваць паэтапную праграму папулярызацыі беларускай мовы.

“Я станоўча ацэньваю гэтую праграму. Яна, прынамсі, прымусіла чыноўнікаў убачыць, што ёсьць дазвол на ўжываньне беларускай мовы. Гэта ўжо сьведчаньне зрухаў у мэнтальнасьці гэтых людзей. А тое, што яе не бударажыць грамадзкасьць, то гэта не зусім так. Ня ўсю грамадзкасьць яны чуюць. Пачаць бы ім спачатку зь сябе, з аблвыканкаму, тады й лягчэй, мабыць, усё й пайшло б”, – мяркуе магілёўскі гісторык, сябра Таварыства беларускай мовы Аляксандар Агееў.

У праграме папулярызацыі беларускай мовы некалькі дзясяткаў пунктаў. За іх ажыцьцяўленьне адказваюць, акрамя аддзелаў ідэалягічнай працы, аддзелы культуры й адукацыі. Сярод пунктаў значыцца й павышэньне ўзроўню веданьня чыноўнікамі мовы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG