Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Правы цэнтар шукае кандыдата ў прэзыдэнты


Сёньня зроблены яшчэ адзін крок па вызначэньню адзінага кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі ад правацэнтрыскай кааліцыі. Палітычныя суб'екты, якія пагадзіліся на гэту ідэю, абмяняліся сваімі прапановамі па працэдуры абраньня адзінага прэтэндэнта.


Ідэю абраньня адзінага кандыдата ад правага цэнтру агучылі пасьля сустрэчы групы апазыцыйных палітыкаў на пачатку гэтага тыдня з прэзыдэнтам Эўрапейскай народнай партыі Вільфрэдам Марцінсам. У Вільні з уплывовым эўрапейскім палітыкам вялі кансультацыі Анатоль Лябедзька, Аляксандар Мілінкевіч, Віталь Рымашэўскі і Аляксей Янукевіч.

Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька называе пазыцыю сваёй партыі ў гэтай справе "пасьлядоўнай і прынцыповай"

Анатоль Лябедзька
"Мы прапануем элемэнт самай дэмакратычнай працэдуры, якая зьвязаная з рашэньнем выбарцаў. Мы прапануем тым правацэнтрыскім структурам, якія хочуць удзельнічаць у вызначэньні працэдуры і яе рэалізацыі на практыцы і якія вылучаюць свайго кандыдата ў прэзыдэнты, ўзяць за аснову праймэрыз. Кожная структура альбо прэтэндэнт называюць адзін горад. Напрыклад, АГП, БХД, рух "За свабоду"называюць тры гарады, і ў іх праводзіцца праймэрыз. І хто з прэтэндэнтаў са сваімі праграмамі і камандамі набірае больш галасоў, той і ёсьць адзіны прэтэндэнт ад правацэнтрыскіх сіл".

Сустаршыня аргкамітэту ў стварэньні Партыі БХД Павал Севярынец кажа, што базавая прапанова партыі, "вызначыць, хто з кандыдатаў мацнейшы, хто зможа правесьці пераможную кампанію":

Павал Севярынец
"Дзеля гэтага мы спачатку прапаноўвалі адзін крытэр – колькасьць ініцыятыўнай групы, моц, велічыня каманды. Але зараз, пасьля перамоваў з камандай Аляксандра Мілінкевіча, мы падрыхтавалі некалькі крытэраў. Сярод іх – станоўчы і адмоўны рэйтынг, колькасьць згадак пра структуру ці каманду за апошнія 3 ці 6 месяцаў. Ёсьць яшчэ некалькі базавых крытэраў.

І мы прапаноўваем да 27 ліпеня, да 20-годзьдзя прыняцьця Дэклярацыі аб незалежнасьці Беларусі вызначыць, хто ж з кандыдатаў найбольш моцны".

Анатоль Лябедзька гаворыць. АГП будзе прытрымлівацца сваёй пазыцыі. Але гэта не азначае адмовы ад кампрамісу:

"Мы з цікавасьцю вывучым і прапановы астатніх удзельнікаў перамоўнага працэсу".

Такім чынам, пасьля вывучэньня розных прапаноў суб'екты правага цэнтру паспрабуюць выпрацаваць агульную пазыцыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG