Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Барысік — пра канфлікт бацькоў і дзяцей у беларускай прозе


Тацяна Барысік

Тацяна Барысік

Клясычным творам у гэтай тэме прынята лічыць раман Івана Тургенева «Бацькі і дзеці». Але літаратарка з Магілёву Тацяна Барысік лічыць, што ў беларускай прозе па псыхалягізьме сюжэтаў і вастрыні канфліктаў багата твораў, якія не саступаюць хрэстаматыйнай расейскай клясыцы, а мо нават больш прывабліваюць чытача пазнавальнасьцю сябе ў героях. І дапамагае зарыентавацца ў тэме.




Уладзімер Глушакоў. Расплата. Менск. «Мастацкая літаратура», 1993.


Твор пазначаны як сямейная хроніка, хоць насамрэч гэта споведзь пра няпростыя ўзаемаадносіны з бацькоўскай сям’ёй і бліжэйшым атачэньнем, на якую адважыцца ня кожны.Бацька галоўнага героя, Сьцяпан Крыга, чалавек зь цяжкім лёсам, жорсткі да блізкіх, неўраўнаважаны, схільны да выпіўкі, але надзвычай авантурны, вынаходлівы, умее зарабіць грошы і менавіта гэта лічыць галоўным у жыцьці.Але адсутнасьць паразуменьня ды п’яныя сваркі дабрабыт не кампэнсуюць. Як існаваць далей, калі цалкам нязгодны з бацькоўскай жыцьцёвай філязофіяй? Калі самыя блізкія не прымаюць таго, што ты робіш, нават прыезд на бацькаўшчыну робіцца небясьпечным? Калі ўсьведамляеш — твой клопат пра старога бацьку-алькаголіка больш нагадвае звычайную здраду, а прычына ягонага стану — твая творчасьць? Калі ўжо пасьля бацькавай сьмерці прызнаесься — ты зусім ня ведаў яго. Дарэчы, канфлікт даўжынёй у жыцьцё мог і ня ўзьнікнуць, каб героі, бацька і сын, жылі ў іншы час у іншым месцы. Месца дзеяньня — Давыд-Гарадок, час дзеяньня — другая палова 20 стагодзьдзя.

Андрэй Федарэнка. «У выхадныя дні». Апавяданьне. У кнізе «Гісторыя хваробы». Менск, «Мастацкая літаратура», 1990.


«Яму хацелася сказаць, што ён згодны зрабіць усё, што хоча бацька: што працу ён згодны кінуць, што будзе паступаць у ваеннае ці любое іншае вучылішча, што ён ня ўмее, зусім ня ўмее жыць сам…» — пад гэтымі словамі магло падпісацца дужа багата маладых і ня вельмі людзей яшчэ больш, чым дваццаць гадоў таму. І цяпер. На жаль, першая спроба самастойнага жыцьця не заўжды заканчваецца ўдала, але гэта шанец задумацца і зірнуць дзецям на бацькоў,а бацькам на дзяцей іншымі вачыма.

Алесь Дзятлаў. «Белыя людзі». Апавяданьне. У кнізе «Парог». Менск, «Мастацкая літаратура».1993.


Дачыненьні састарэлых бацькоў і дарослых дзяцей — справа складаная, а калі сюды яшчэ дамешваецца кватэрнае пытаньне… Хвораму бацьку засталося жыць мала, але на працягу ягонай хваробы ажно да скону дзяцей больш хвалюе пытаньне, як ня страціць ягоныя квадратныя мэтры, усьведамляючы — гэта адзіны шанец палепшыць свае жыльлёвыя ўмовы. Вядома, дзяцей лёгка абвінаваціць у бяздушшы, але ці толькі яны вінаватыя?

Мікола Гіль.Тэлеграма з Кавалевіч. Менск, «Мастацкая літаратура», 1984.


У школьныя гады Антон вучыўся лепш за сваіх сёстраў, таму быў у сям’і на асаблівым становішчы. Бацькі вызвалялі яго ад хатняй работы, пільна апекавалі, дзе трэба і дзе ня трэба, кожная ашчаджаная капейчына была найперш для яго. Дужа хацелася, каб сын выбіўся ў людзі. Ён і сапраўды выбіўся. Жыў у сталіцы, меў сям’ю, уплывовага цесьця, які ўладкаваў яго на працу ў міністэрства. Антон вывучыўся на радасьць бацькам, але жыць сваім розумам так і не навучыўся. Існаваў зацішна і бесклапотна, не знайшоў сябе, не займеў сапраўдных сяброў, ажаніўся з выпадковай жанчынай. А для ўласных бацькоў зрабіўся чужым чалавекам — пыхлівым, абыякавым да іхніх турботаў. Усё зьмяняе нечаканая паездка дадому.

Іван Капыловіч. Пасынак. Менск. «Мастацкая літаратура», 1993.


Цяжка гадавацца з няродным бацькам, але без яго было б яшчэ горш, а ў пасьляваеннай вёсцы проста ня выжыць. Галоўны герой раману Андрэй Цяжкі ўсьведамляе гэта з дзяцінства, нягледзячы на айчымаў дэспатычны, нястрыманы характар, сатканы з супярэчнасьцяў. Цяжка трываць і прабачыць, калі з-за дробязнай справы патрабуючы падпарадкаваньня, айчым кідаецца на пасынка з сякераю, потым піша на яго ліст-скаргу ў дэканат унівэрсытэту. Але Андрэй прабачае. Бо айчым робіць для яго і шмат добрага. У маленстве выратоўвае ад сьмерці, выхоўвае, як умее, каб не адбіўся ад рук, ня быў гультаём, сам вельмі шмат працуе, імкнецца забясьпечыць сям’ю, зьдзяйсьняе ўчынак, які ў межах сваёй сям’і роўны подзьвігу: будучы сьмяротна хворым і ведаючы пра гэта, будуе для жонкі і дзяцей дом у горадзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG