Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя аднаго цуду: Тацяна Шчасная


Тацяна Шчасная. Здымак Арцёма Канцавога.

Тацяна Шчасная. Здымак Арцёма Канцавога.

У сям’і Шчасных было пяцёра дзяцей. Старэйшую дачку звалі Нэла – сёньня яна славутая мастачка Нінэль Шчасная, а малодшую звалі Тацяна. Розьніца ў Нэлы з Тацянай больш за дваццаць гадоў. Дык вось. У Нэлы была дачка Лада. І калі трыццаць гадоў таму малую Ладу запрасілі на Гуканьне Вясны ў Заслаўе, разам зь ёй паехала і Тацяна. Гэтак пляменьніца й цётка Шчасныя патрапілі ў Беларускую Майстроўню. А яшчэ да іх далучаліся дзьве іншыя Тацяніны пляменьніцы – Яня і Літа. Выходзіць, ажно чатыры дзяўчыны са шляхецкага роду Шчасных былі ўдзельніцамі Майстроўні, а іх сьпевы, строі ды кшталт паводзінаў сталі аздобаю майстроўскага дзіва.



Дзіва было ўзаемнае. Для Тацяны Шчаснай сама Майстроўня сталася адкрыцьцём і паваротным пунктам у жыцьці.

Тацяна: “Гэта зьява, якая перавярнула жыцьцё шматлікіх асобаў і жыцьцё нашай краіны. Для мяне, напрыклад, жыцьцё зьмянілася кардынальна, дзякуючы таму, што я натрапіла на Майстроўню ў свой час. Я ўжо была не студэнтка, я ўжо працавала, я ўжо была замужам. У мяне ўжо не было такіх матываў, што там маладыя хлопцы і нейкія тусоўкі. Не. Проста там было тое, што ў мяне было недзе глыбока, пра што мне распавядаў бацька”.

Дубавец: Бацькі Тацяны Іван Шчасны разам з жонкай Марыяй з роду Зяленскіх паводле ўзросту для большасьці майстроўцаў належалі да пакаленьня дзядоў. Гэта значыць, былі носьбітамі той культуры і нацыянальнай прыроды, якую страчвала пакаленьне майстроўскіх бацькоў. Пасьля сталінскага этнацыду амаль не засталося беларускай інтэлігенцыі і галоўнымі захавальніцамі традыцыі былі нашы вясковыя бабулі. Іх напалоханыя да сьмерці дзеці штурмавалі гарады, аддаючы за ўрбанізацыю рэшткі свае нацыянальнае прыроды, а іх унукі ў поўнай адпаведнасьці з гегелеўскім законам адмаўленьня адмаўленьня вярталіся да беларушчыны, нібы да жывое крыніцы. Так узьнікла Майстроўня.



Зьяўленьне Тацяны Шчаснай у ёй было выпадкам унікальным. Найперш таму, што ўнікальнымі былі яе бацькі. Сярод тыповага пакаленьня нашых вясковых бабуль яны ўжо да вайны былі людзьмі гарадзкімі, больш за тое, належалі да гуманітарнай беларускай інтэлігенцыі, да тых, хто з таўром “нацдэма” падлягаў татальнаму вынішчэньню.

ІВАН СЫМОНАВІЧ ШЧАСНЫ


Тацяна: “Бацька вучыўся ва ўнівэрсытэце напачатку стагодзьдзя. Ён у Пічэты вучыўся. І ў іх таксама была майстроўня. Ён мне расказваў, як яны Купальле сьвяткавалі. І гэта ў яго было зьвязана са сьлязьмі, з сумам. І ўсё беларускае для мяне было таксама зьвязана з гэтым. Я была меншая, пятая, таму мне бацька ўсё гэта расказваў, старэйшым ён нічога не казаў. Трошачку-трошачку, відаць, прайшоў страх, але ён не прайшоў да канца.

Бацька ў 1938-м вымушаны быў зьехаць. Ён быў выкладчыкам Полацкага пэдтэхнікума. Выкладаў беларускую мову і літаратуру, быў ва “Ўзвышшы” і быў крытыкам, у іх літаратурны гурток быў вельмі моцны ў Полацку тады. Ну і любілі яго студэнты.

Яго папярэдзіў адзін былы студэнт, які сам быў у “тройках”. Бацька вяртаўся ўвечары з працы, і той яго дагнаў, кажа: Іван Сымонавіч, не абарочвайцеся, да раніцы вы павінны зьехаць.

Бацькі ўзялі дзетак і тое, што маглі, у рукі. Матка, бацька, двое малых і ўжо ў праекце трэцяе было. І выехалі проста за межы Беларусі. Абвінавачвалі яго ў нацыяналізме. І потым прыехалі яго забіраць, а яго не апынулася...

Пасьля вайны ён вярнуўся, яго выклікалі адразу, і ён даў падпіску, што ня будзе займацца беларускай культурай. І толькі тады дазволілі тут застацца. Прычым, выклікалі не абы куды. Бацькі набылі дамок у Менску на Маякоўскага, а выклікалі... там такі стары млын быў ля рэчкі, выклікалі ў дзьве гадзіны ночы на гэты млын. І там ён даваў гэтую падпіску. Гэта ўжо пасьля вайны, 1947 год.

Сачылі. Бацька казаў, што і сусед прыходзіў, слухаў, ці гавораць яны па-беларуску. І ў нас дома не гаварылі па-беларуску”.

Дубавец: Майстроўня ўся складалася зь пераемнасьці. І калі ў вёску яшчэ можна было паехаць і наслухацца там жывых песень і жывое мовы, дык навязацца да колішняй кніжнай культуры можна было хіба што ў бібліятэцы. Жывых носьбітаў проста не было. Мы ведалі й наведвалі Зоську Верас і Ларысу Геніюш, але кожны такі аазіс пасярод пяску быў выключэньнем з тых правілаў дэнацыяналізацыі, якія мы адмаўлялі.

Зьяўленьне Майстроўні было цудам, бо яго нельга растлумачыць да канца, гэтаксама як нельга
...у колішнім райскім кутку засталіся толькі пясок, пыльныя буры ды тарфяны смурод...
да канца зразумець тое, што адбываецца ў прыродзе. Вось па зямлі прайшлі мэліяратары. Яны ня думалі пра далёкія наступствы, а толькі выконвалі загад і рапартавалі пра свае стаханаўскія тэмпы. Пасьля іх у колішнім райскім кутку засталіся толькі пясок, пыльныя буры ды тарфяны смурод. На нейкі час чалавек адступіў. І зноў зьявілася вада, прабіліся расьліны, краявід зазелянеў і ў рачулцы завялася стронга.

Памятаю, зь якім захапленьнем майстроўцы гаварылі пра беларускае адраджэньне пачатку мінулага стагодзьдзя і 1920-х гадоў, пра даўнейшую арыстакратыю ВКЛ, пра яе этыкет і сьветапогляд, што так супярэчылі ўсеагульным стэрэатыпам панібрацтва і ўраўнілаўкі, сярод якіх гадаваліся мы. Здаецца, мы гатовыя былі зараз жа адправіцца на край сьвету, каб пабачыць жывога беларускага арыстакрата ці яго нашчадка альбо даваеннага прафэсара-нацдэма. Мы адчувалі, як бракуе нам гэтага складніка пераемнасьці, мы ўсё, што маглі, бралі з кніг і паводле кніг, як маглі, рэканструявалі міжсобку гэтую этыку даўнейшых гаспадароў краю, але гэтага было недастаткова. І тут само здараецца дзіва. У Майстроўню прыходзяць Шчасныя, цётка і тры пляменьніцы. Чаго найболей бракуе, таго найбольш і даецца. У поўнай згодзе з законамі цуду.

ШЧАСЬЦЕ


Тацяна: “А я меншая, я ўжо нарадзілася ў 1955-м. І ў
...для мяне ўсё беларускае было зьвязана зь нейкім тленам, сумам, паміраньнем...
бацькі, відаць, было такое жаданьне некаму гэта перадаць, расказаць. І ён паціхеньку, калі ўжо ўвечары сядзім... Адчувалася, што для яго гэта так балюча. І для мяне ўсё беларускае было зьвязана зь нейкім тленам, сумам, паміраньнем, зь нечым такім.

І потым раптоўна, яшчэ былі жывыя мае бацькі, гэта быў, відаць 1980 год, калі я трапіла на Купальле. А потым Гуканьне было ў 1981-м. І калі я ўпершыню прыехала, і мы стаім у гэтай царкве, і дзеткі маленькія Ларысы Сімаковіч пяюць, жавароначкаў пускаюць, а Зьніч свае вершы чытае. Тут вы ўсе маладыя, і ўсе гавораць па-беларуску, і столькі людзей... Ну, больш за сто чалавек -- і ўсе па-беларуску. І мне так заняло, я так разраўлася, так плакала... Падышоў Мікола Купава і кажа: “Што такое, хто вас пакрыўдзіў?” А я слова сказаць не магу. Гэта было такое шчасьце. Большага шчасьця не было ў мяне ў жыцьці.
Літа, Тацяна і Лада на Купальлі ў Вязынцы, 1982 год.

Я думала, ну што, вось зараз скончыцца гэтае сьвята, вы будзеце жыць гэтым неверагодным жыцьцём, а я буду недзе збоку. І што мне цяпер? Як мне жыць бяз гэтага? І я памятаю, што мы ўжо ідзем да цягніка, і я да Вэрці падышла. Яна ў мяне й цяпер як прадказальнік пераменаў у маім жыцьці. Я чамусьці да яе падышла і кажу: прабачце, калі ласка, а ці можна мне да вас прыйсьці? Як вось вас каб ня страціць? Ну, яна так ветліва са мной абышлася, запрасіла, сказала, што ў сераду можна прыйсьці ва ўнівэрсытэт на філфак. І я ўсё адмяніла, і гэта было на першым месцы – Майстроўня, сьпевы – гэта было гадзінай шчасьця. Я як быццам знайшла Радзіму. Для мяне сьвет адкрыўся.

ПАДСТАНЦЫЯ. ШЧАСНАЯ


Я тады працавала электраманцёрам. Гэта быў мой таксама бонус нейкі, таму што я не баялася, калі нас міліцыянты забіралі, я -- рабочы клас. Тых нашых студэнтаў маглі паперці з унівэрсытэту, калі там тэатар гэты рушылі, і мы ў пікеце стаялі, ці калі мы на Каляды хацелі да Караткевіча зайсьці, павіншаваць яго, і нас там стрымлівалі і забіралі ў гэтыя машыны, калі на Купальле прыяжджала міліцыя... Мне было лягчэй.

Я працавала на падстанцыі, якая запускае энэргію для тралейбусаў. Мне трэба было адказваць па тэлефоне, і я казала: “Падстанцыя. Шчасная”. А Вэрціна сястрычка Натальля кажа: “Ці яна саромеецца свайго імя ці новае ўзяла? Яна ж Канстанцыя Шчасная. Чаму мы яе як Тацяну ведаем?” Так што я пабыла і Канстанцыяй.
Майстроўня ладзіць праводзіны зімы ў Менску, 1983 год.

І потым мае меншыя пляменьніцы ўсе... Такая ў мяне была ўпэўненасьць і радасьць і шчасьце, што гэта ўсіх захлынула маладых. Яны на дзесяць гадоў ужо маладзейшыя ад мяне. І мы разам хадзілі на сьпевы, разам езьдзілі на ўсе сьвяты і строі рабілі. І ні сямейнае жыцьцё, ні мая праца ў тры зьмены, ні мая на той час другая навука, я яшчэ вучылася на афарміцеля, нішто не замінала гэтаму.

“ЭХ, ПАЗРАЗАЮЦЬ ГАЛОВЫ”


Тацяна Шчасная і Валерыян Янушкевіч пасьля Гуканьня Вясны ў Заслаўі, 1982 год.
І калі мы з пляменьніцамі прыходзілі са сьпевак дадому і вучылі словы і сьпявалі, бацька сядзеў у крэсьле і плакаў. Я казала: тата, ну чаго ты плачаш?

Ён кажа: “Эх, пазразаюць галовы. Гэта яны чакаюць, пакуль адрастуць, як толькі адрастуць, пазразаюць”.

Ну, шчыра кажучы, пазьбівалі троху. Ужо не пазразалі, як тады, але пазьбівалі добра.

Мне што было крыўдна, што чалавек, які беларус, ён прыходзіць да ўлады і першае, што ён робіць, закрывае беларускую школу, беларускі ліцэй.

Таму што вось як мая дачушка Марыська – ёй яшчэ ўдалося скончыць коласаўскі ліцэй з тымі настаўнікамі, дай Бог ім шчасьця і здароўя. І таксама не было б гэтага, калі б не было Майстроўні. І Ліцэя не было б, таму што я памятаю, якраз я была цяжарная Марысяй, а з Майстроўні вырасла Таварыства беларускай школы. І мяне пазвалі. Я такая была ганарлівая, што мяне пазвалі ў ТБШ!"

ЛАДА


Дубавец: Лада Шчасная, таксама як і яе цётка Тацяна, адразу стала заўзятай майстроўкай. Густоўна апранутая ў белыя строі, яна проста прыцягвала аб’ектывы фатографаў на майстроўскіх сьвятах, сьпявала, танчыла ды прамянілася нейкім высакародным і таму незвычайным сьвятлом. Аліна Садоўская і Таня Лаўрыновіч і запомнілі Ладу як арыстакратку.

Таня Лаўрыновіч: “Яна
Лада Шчасная і Алесь Краўцэвіч на дні народзінаў Тацяны Лаўрыновіч, пачатак 1980-х.
вылучалася сваёй інтэлігентнасьцю, як багіня была. І такая была інтэлігентная і выхаваная, але простая, без зазнайства. Я памятаю, да яе была прыйшоўшы дахаты, і яна мне паказвала макет горада, многа-многа маленькіх домікаў з кардона, з чырвонымі дахамі, з балькончыкамі, на балькончыках кветачкі. Ёй гадоў 16-17 тады было. А яна рабіла тое, што дзеці робяць. Толькі чалавек са сьветлым пачуцьцём мог займацца такімі рэчамі”.

Аліна Садоўская: “Ладка была самая маленькая, бо я старэйшая за яе на тры месяцы. Я чэрвеньская, яна верасьнёўская. І мы калі падлічылі, хто самы малады, атрымалася Лада, хаця мы былі з аднаго году. Я не скажу, што мы вельмі сябравалі, бо з Ладай хацелі ўсе сябраваць, яна была незвычайная. Я была звычайная, а Лада была незвычайная. Побач з Ладай хацелася быць больш выхаванай. Я часам была трохі разьвязнай. Ня ведаю, адкуль гэта ў мяне. Я заўсёды была шчырая. І калі нешта не падабалася, то шчырасьць межавала, можа, трохі і з разьвязнасьцю. У Лады гэтага не было, за гэта я яе й любіла. Яна была больш стрыманая. Яна была арыстакраткай”.

Дубавец: Самая маладая майстроўка Лада Шчасная, што прамянілася арыстакратычным і таму быццам незямным сьвятлом, засталася маладой і прыгожай назаўжды. Гэта здарылася напачатку 2007 году.



Тацяна: “Лада гэта боль наш. І ён ніяк не сьціхае і ня сьцішыцца, таму што ў яе засталіся маці і дачка. Іх было тры стрыечныя сястры -- Лада, Яна і Літа. І яны як родныя расьлі, таму што яны аднаго прыкладна веку. Яны ўсе творчыя вельмі людзі. А я па ўзросьце да іх бліжэй, чым да сясьцёр. І ў нас вельмі блізкія былі адносіны.

Страшэнна шкада, што так рана яе ня стала. Але, я думаю, што толькі яшчэ зь цягам часу будзе зразумела, што яна зрабіла ў сваім жыцьці. Яна была неверагодны пэдагог. Яна выкладала кампазыцыю ў Інстытуце культуры і колеразнаўства. Мне гэта ўсё было цікава. І я любіла хадзіць на прагляды, дзе яна прымала работы студэнтаў. Яна ўкладала ўсю душу ў гэта ўсё. І апошнія гады, на мой погляд, у іх былі прагляды больш цікавыя, чым у Акадэміі. Яны былі больш нацыянальнымі. Духоўна насычанымі былі. І для яе студэнты яе былі яе дзецьмі. У нас тут яны ўсе зьбіраліся, калі дыплёмы былі. І цяпер, калі яе ня стала, адна студэнтка, якая яшчэ пасьпела ў яе павучыцца, піша кнігу пра Ладу, таму што для яе, яна кажа, Лада была зьяваю ў жыцьці, якая перамяніла яе жыцьцё. І шмат у яе такіх студэнтаў.

Нэла хацела, каб яна як мастачка больш спраўдзілася, каб яна больш пісала. Цяпер, калі Нэлачка зрабіла яе выставу ў сваёй майстэрні, аказалася, што ў яе шмат работ, і такія работы сьветлыя, харошыя. Але яна для сябе пісала. А асноўнае яе жыцьцё было – гэта пэдагогіка”.




Дубавец: Калі навіна пра сьмерць Лады абляцела інтэрнэт, мне згадалася майстроўскае
Лада на Гуканьні Вясны ў Заслаўі, 25 красавіка 1982 году. За ёю Таня Лаўрыновіч, Вэрця Лазоўская і Сяржук Цімохаў.
Купальле ў Менску на “Інтэграле”. Тады ўпершыню быў зладжаны “полечны марафон” – хто каго пераскача. Дакладней было б назваць яго не марафонам, а спрынтам, бо польку доўга не паскачаш, гэта вельмі энэргічны і “працаёмісты” танец... Уваччу стаіць тая менская лагчына ў тумане, ноч, вогнішча, народ, скокі і белая постаць Лады ў танцы. Той марафон яна выйграла. Ня толькі зграбная была Лада, але й дужая. І ня толькі дужая, але й прагная да перамогі. Пра што сьведчыць таксама імя, якім яна назвала сваю дачку.

НІКА


Тацяна: “Дачушка Ніка, сёмага траўня ў яе будзе дзень народзінаў, 14 гадоў. Джульетка наша маленькая.

А ў Лады так атрымалася, што... Яна такой у нас неверагоднай прыгажунькай была, але нешта вось асабістае жыцьцё ў яе... Ня даў Бог шчасьця такога. І калі ўжо яна вырашыла займець Нікошу, у яе знайшлі гэтае захворваньне. Ёй сказалі, што трэба пазбаўляцца, а яна адназначна сказала, што гэтага дзіцёнка народзіць абавязкова, і гэтая Ніка была як яе перамога. Ну і потым, на жаль, толькі дзевяць гадоў яна пратрымалася, пацешылася.

Дзяўчо ў нас гадуецца, дзякуй Богу. Галоўнае, што аптыміст. Нягледзячы на ўсё, што яе ў жыцьці напаткала. Яна кажа: ну, у нас у клясе пачынаюць: там спадніцу не набылі, тут мабільнік не круты і ўсё, крах, сьлёзы. А я думаю: ёлы-палы, рукі ёсьць, ногі ёсьць, зубы здаровыя ёсьць, якімі можна грызьці нешта смачнае, а ўсё астатняе ад цябе залежыць. Вось такое дзіцё ў нас неверагоднае. Я думаю, што Лада была б задаволеная сваёй дачушкай. Яна й музыкай займаецца, і тэатрам займаецца, мовы ў яе добра ідуць. І ўсё сама”.

ДОМ


Дубавец: Пасьля вяртаньня ў Беларусь Івану Шчаснаму забаранілі займацца беларускай культурай, але не маглі забараніць быць самім сабою. І ён збудаваў дом. Не кватэру, а самы сапраўдны дом, які ў безуласьніцкія савецкія часы быў увасабленьнем уласнасьці, як апірышча арыстакратычнага кшталту асобы.

Усяго ў Івана Шчаснага зь сям’ёю было чатыры дамы. Першы ў Полацку, дзе ён выкладаў у Пэдтэхнікуме, другі ў Катыні на Смаленшчыне, куды сям’я ўцякла ад перасьледу НКВД, трэці на вуліцы Маякоўскага ў Менску, куды яны вярнуліся пасьля вайны і чацьвёрты – гэты, сёньняшні, у Ждановічах. Якраз ён і памятае Майстроўню і майстроўцаў трыццаць гадоў таму.

Тацяна: “Гэта таму, што не хацелася разыходзіцца пасьля сьвятаў, і іх (сьвятаў) было малавата. І таму прыяжджалі сюды, бо хацелася працягу, хацелася слухаць, размаўляць, самому выказвацца. А мне хацелася, каб мае бацькі ўбачылі, што ўсё ж такі ёсьць гэта, не памерла, што жыве.
Майстроўцы інсцэніруюць народную песьню на сядзібе Шчасных у Ждановічах, пачатак 1980-х. Тацяна Шчасная, Вэрця Лазоўская, Алесь Істомін, Натальля Лазоўская.

Атрымалася так, што гэты дом маіх бацькоў ужо быў чацьвёрты за жыцьцё. Гэта ўжо былі людзі, якім за пяцьдзесят, і пятае дзіцё маленькае, і яны не жахаліся пачынаць усё спачатку. Будаваць дамы, садзіць сады. І гэты дом – зьдзейсьненая мара бацькі. Ён праіснаваў ужо больш за 50 гадоў. І ўжо чацьвёртае пакаленьне ў ім гадуецца. Ён і праўда існуе як істота, як гняздо. Гэта адзінае месца, дзе мы можам усе разам сабрацца і быць дома, не ў гасьцях. Гэта вялікае шчасьце.

Мы калі зьбіраліся тут летам, яшчэ мае сёстры старэйшыя ўсе са сваімі дзеткамі, у нас улетку тут жыло 14-16 чалавек. І мама ўсіх нас карміла-паіла, і сьняданьне было вясёлае хуткае. А вячэры заўсёды па тры, па чатыры гадзіны зьбіраліся піць гарбату, і гэта ўжо амаль да раніцы”.

Дубавец: Свой дом – тая зьява, да якой многія ў Беларусі вяртаюцца толькі сёньня. І тое пераважна дзеля моды, а не дзеля сьветапогляднае патрэбы. Што да савецкіх часоў, дык тады наяўнасьць свайго дому, як і ўсяго свайго, лічылася хутчэй адмоўнай характарыстыкай чалавека. І таму спадкаемцы матэрыяльных і духоўных каштоўнасьцяў сваіх продкаў выглядалі людзьмі нядобранадзейнымі. Зь іншага боку, свой дом для такіх людзей быў формай пратэсту супраць тагачаснае камуністычнай сыстэмы, своеасаблівым выразам дысэнту.

Сёньня Тацяна Шчасная – гаспадыня ў бацькоўскім доме, ад чаго ёй перадаецца роля апякункі ўсяго немалога роду. Неўзабаве яна скончыць сваю працу мастака-афарміцеля і ў хатняй майстэрні зможа цалкам прысьвяціць сябе новаму захапленьню. Гэта вырабы, а дакладней, творы зь лямца.
Тацяна паказвае гасьцям у хатняй майстэрні свае творы зь лямца.

Тацяна: “Прыемна, што там спалучэньне ўсяго – і колеру, і формы, і на ўсіх этапах... там няма сумных этапаў. Я ня ведаю, што гэта такое. Што хочацца, тое й робіш. Можаш і пано, і шалік, і капялюш, і тапкі. Можаш плед, палітон, канапу... Што заўгодна. Пакуль што яны, як блінцы, разьлятаюцца. Я не пасьпяваю нават... Нават да крамаў не даходзіла яшчэ.
Каптур і шалік зь лямца – творы Тацяны Шчаснай.
Хто едзе за мяжу, з задавальненьнем бяруць, асабліва шалікі”.

Дубавец: З папярэдніх сустрэч з майстроўцамі відаць, што Калядны цуд стаў вяхою ў жыцьці кожнага, хоць і запомнілася кожнаму найперш сваё – каму сьпевы, каму людзі і дачыненьні, каму паездкі і сьвяты. Што да іншых вехаў жыцьця, дык яны й зусім розныя. Зноў і зноў зьдзіўляесься, наколькі непадобных людзей трыццаць гадоў таму аб’яднала Беларуская Майстроўня.

ВЕХІ ЖЫЦЬЦЯ


Тацяна: “Самай важнай вяхой было дзяцінства і шчасьце нарадзіцца ў маёй сям’і. І я рана гэта адчула, таму што мне было вольна, цёпла, сьветла. Мне ў маёй сям’і было цікава і таму, што сёстры былі значна старэйшыя. І яны са мной былі нароўных, і я дапушчалася за стол на гэтыя вячэры, якія цягнуліся па пяць гадзін, і мне ўсё гэта было цікава.

Я памятаю, калі ў Нэлы зьбіраліся, Барыс Забораў, яны разам вучыліся, такі блізкі сябра ён быў. Яны езьдзілі па сьвеце, гэтым сьвеце, савецкім, яны вандравалі, і яны прыяжджалі, і гэта заўжды быў цуд. Гэта былі расказы. Потым Нэла, напрыклад, калі мне было шэсьць гадоў, яна прыехала зь Сярэдняй Азіі, прывезла піялы, выставіла вот так і сказала: выбірай. І я разумела, што для мяне гэта іспыт. Што яна нешта пра мяне скажа, калі я выберу. І мне трэба слушна выбраць. І выбрала традыцыйную азіяцкую піялу, і яна сказала: у цябе ёсьць густ. Я страшэнна хвалявалася.

А потым яна ў мяне спытала: дзеля чаго ты жывеш? І я памятаю, які гэта для мяне быў сполах.
А потым яна ў мяне спытала: дзеля чаго ты жывеш?
Я пабегла ў свой арэхавы куст, сядзела і думала, дзеля чаго я жыву. Потым я расплюшчыла вочы і ўбачыла промні сонца празь зялёныя лісты, і мне стала ўсё ясна, што я на сваім месцы і адчула бязьмежнасьць -- што ёсьць бязьмежна вялікае і бязьмежна малое, і я чамусьці сюды накіраваная і павінна адпавядаць гэтаму месцу. Тады я дзякуючы гэтаму пытаньню зразумела, што нельга быць злым, кволым, хворым, што трэба адпавядаць. Гэта было важна.

Потым была важная Майстроўня. Потым важнае страшнае – страта бацькоў, дастаткова рана, бо я апошняя была. Я нарадзілася, ужо бацьку было 55 гадоў, а маме 41. А потым выжываньне, дзякуючы Майстроўні і нараджэньню маіх дзетак. Гэта важныя вехі ў маім жыцьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG