Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква мяняе акцэнты ў палітыцы адносна суседзяў


Крэмль прапаноўвае новую канцэпцыю сваёй зьнешняй палітыкі.

Гэта будзе асьцярожнае адкрыцьцё Расеі Захаду з тым, каб прыцягнуць у сваю краіну як найбольш інвэстыцыяў і тэхналёгіяў. Што да такіх краінаў, як Беларусь, Украіна, былыя савецкія рэспублікі Цэнтральнай Азіі, дык тут, каб здабыць для Масквы большы ўплыў у рэгіёне, адбудзецца ссоўваньне акцэнтаў — з геапалітычных момантаў на геаэканамічныя, піша нямецкая Die Tageszeitung.

«Праграма эфэктыўнага выкарыстаньня зьнешняй палітыкі ў мэтах устойлівага разьвіцьця Расеі» — так называецца дакумэнт, надрукаваны ў расейскамоўнай вэрсіі амэрыканскага выданьня Newsweek.

Як вынікае з артыкула ў англамоўнай вэрсіі выданьня, цяперашняя Расея, так бы мовіць, наносіць удар у адказ. Дэмакратычныя рэвалюцыі ў былых савецкіх рэспубліках напалохалі Маскву, але цяпер Крэмль пераводзіць стрэлкі гадзіньніка назад.

«Сёлета, напрыклад, Расея можа запісаць на свой рахунак два скальпы — Юшчанкі і Бакіева, абодвух пазбавілі ўлады прэтэндэнты, якія ставяцца да Масквы больш прыязна», піша Newsweek. Паводле аўтараў, выглядае, што Крэмль імкнецца зьмяніць іншыя рэжымы ў блізкім замежжы.

«Мішэнь нумар адзін — Грузія і прэзыдэнт Саакашвілі, пасьлядоўны прыхільнік уступу ў НАТО». Мішэньню нумар два, мяркуюць аглядальнікі, можа стаць Лукашэнка, які патрабаваў арэнднай платы за расейскія ваенныя базы і даў прытулак зрынутаму прэзыдэнту Кіргізіі. «Магчыма, Масква аддасьць перавагу Андрэю Саньнікаву — вэтэрану беларускай апазыцыі, які ня надта блізкі да Захаду», гаворыцца ў артыкуле.

«Самасьцьвярджэньне Расеі непазьбежнае», мяркуюць аглядальнікі.

Як падае брусэльскае выданьне EUobserver, Эўракамісія днямі запэўніла Маскву, што палітыка ЭЗ у дачыненьні да ўсходніх суседзяў — ня форма спаборніцтва, і Брусэль трымае дзьверы адчыненымі для супрацоўніцтва з Расеяй, якое будзе «грунтавацца на сумесных праектах».

«Мы ня хочам спаборніцтва ў гэтым рэгіёне, каб Расея і ЭЗ апынуліся бакамі-праціўнікамі. Расеі было прапанавана ўзяць удзел у палітыцы суседзтва. У Маскве адмовіліся. Але гэта не азначае, што мы не адкрытыя для прапаноў з боку Расеі пра ўдзел у розных праектах», прыводзіць выданьне словы камісара ЭЗ у пытаньнях пашырэньня эўрапейскай палітыкі суседзтва Штэфана Фюле.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG