Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо выходныя, 15 – 16 траўня


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.


КАРОТКІЯ ДАЖДЖЫ, МЕСЦАМІ З НАВАЛЬНІЦАМІ...


Уначы 10 – 16 °С, удзень 18 – 24°С.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


Літаратурны музэй Максіма Багдановіча запрашае на акцыю “Вясельле – Non Stop” (15 траўня, Менск, 12.00 – 22.00).

Міжнародная акцыяў “Ноч музэяў” у Музэі гісторыі беларускай літаратуры (15 траўня, Менск, 18.00 – 23.00).

Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы праводзіць у рамках акцыі “Ноч музэяў” імпрэзу “Гарадзкі бульвар. Жывая Гісторыя” (15 траўня, Менск, 18.30 – 00.00).

Праграма “Вір часу” ў Нацыянальным гістарычным музэі Беларусі (15 траўня, Менск, 19.00 – 00.00).

“Вечар у францускім стылі” ў Нацыянальным мастацкім музэі (15 траўня, Менск, 19.00 – 00.00).

Алесь Камоцкі запрашае на канцэрты ў Калінкавічах і Мазыры (15 траўня, Калінкавічы, СШ № 5, 12.00; Мазыр, ДК “Будаўнічы”, 19.00).

Літаратурныя чытаньні ў рамках Дзён культуры Швэцыі ў Беларусі (15 траўня, Пінск, Палескі дзяржаўны ўнівэрсытэт, 16.00).

Кампанія “Будзьма беларусамі!” прэзэнтуе вялікі беларускі тур гурту “Drum ecstasy” (15 траўня, Гомель, клюб “NEMO”).

Уручэньне прэміі “Гліняны Вялес” празаіку Віктару Казьку (16 траўня, Полацак, Музэй беларускага кнігадрукаваньня, 12.00).

Прэзэнтацыя перакладу першай з сэрыі кніг фінска-швэдзкай пісьменьніцы Тувэ Янсан пра мумітроляў “Маленькія тролі і вялікая паводка” (16 траўня, Менск, абласная бібліятэка імя Пушкіна, 16.00).

Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры запрашае ў сяброўскае падарожжа па паўночнай Ваўкавышчыне (16 траўня, тэлефоны для кантактаў: (375 29) 111 73 32, (375 17) 262 73 43).

ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА:


16 траўня – у Мадрыдзе адбудзецца сустрэча міністраў Эўрагрупы.

16 траўня – у Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы пройдуць прэзыдэнцкія выбары і выбары ў заканадаўчыя органы.

ЁСЬЦЬ НАГОДА:


15 траўня – Міжнародны дзень сям’і.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


15 траўня 1905 году дэбютаваў у друку Янка Купала. У газэце “Северо-западный край” быў апублікаваны верш “Мужык”.

15 траўня 1928 году першы раз зьявіўся на экранах герой мультфільмаў Мікі Маўс.

15 траўня 1997 году Аляксандар Лукашэнка дэбютаваў у якасьці старшыні Алімпійскага камітэту Беларусі. Галасавалі за яго амаль аднадушна: 116 – за, супраць быў толькі адзін, міжнародны шахматны гросмайстар Віктар Купрэйчык.

У розныя гады 15 траўня на сьвет прыйшлі беларускі геоляг Іван Чэрскі, які за ўдзел у паўстаньні Каліноўскага быў сасланы ў Сібір і стаў выдатным дасьледнікам Забайкальля; францускі фізык П’ер Кюры, які разам з жонкаю Марыяй Складоўскай-Кюры вынайшаў радый, і беларускі драматург Уладзіслаў Галубок.

15 траўня 1971 году ў Лёндане адчынілася беларуская бібліятэка імя Францішка Скарыны – унікальны збор літаратуры зь Беларусі і пра Беларусь. Кіруе лёнданскай бібліятэкай айцец Аляксандар Надсан.

16 траўня ў розныя гады прыйшлі на сьвет беларускі дзіцячы паэт Васіль Вітка, які прыдумаў віртуальнага піянэра Васю Вясёлкіна, літоўскі празаік Ёнас Авіжус, творы якога перакладаў па-беларуску Алесь Разанаў, і славутая гімнастка Вольга Корбут. Яна нарадзілася ў Горадні, першая ў сьвеце выканала сальта на бервяне, чатыры разы станавілася алімпійскай чэмпіёнкай, а цяпер ужо шмат гадоў жыве ў амэрыканскай Атланце.

16 траўня 1995 году, праз два дні пасьля рэфэрэндуму аб мове і дзяржаўнай сымболіцы, кіраўнік справаў прэзыдэнта Беларусі Іван Ціцянкоў зьняў з даху Дому ўраду бел-чырвона-белы сьцяг. Сьцяг быў зараз жа разарваны на кавалкі, на якіх Ціцянкоў ставіў свае подпісы.

МІНУС 365:


Год таму на сайце “Свабоды”: “Бэнґальскі падарунак беларусам”

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


Але хоць колькі жыць тут буду,
Як будзе век тут мой вялік,
Ніколі, браткі, не забуду,
Што чалавек я, хоць мужык.

І кожны, хто мяне спытае,
Пачуе толькі адзін крык:
Што хоць мной кожны пагарджае,
Я буду жыць! – бо я мужык!


Янка Купала. Зь верша “Мужык”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG