Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пастар Качагур: “Судзяць за Бога, як у камуністычныя часы”


Уладзімер Качагур
Уладзімер Качагур

Пастар царквы «Новае пакаленьне» Ўладзімер Качагур з Наваградку пакараны сёньня паводле рашэньня суду штрафам у памеры 700 тысяч рублёў за правядзеньне набажэнстваў у кватэры, дзе ён жыў, без дазволу мясцовых уладаў.


Скаргу на пастара Ўладзімера Качагура напісала суседка Зінаіда Шляхцюк, дырэктарка сельскагаспадарчага каледжа. Яна сьцьвярджала, што нібыта з кватэры пастара пасьля апоўначы чуваць гучная рэлігійная музыка, сьпевы, што там па начох нібыта праводзяцца служэньні і ў кватэру ходзяць людзі.

Сёньня ў судзе, са слоў Уладзімера Качагура, ейныя сьведчаньні былі блытаныя, яна нават не магла дакладна сказаць, у які канкрэтна дзень гэта адбывалася.

Качагур: «Я задаю пытаньне — якая музыка гучала ў кватэры? Яна адказвае — клясычная. Дык вы ж казалі, што рэлігійная? Яна зноў кажа: гэта быў рок. Я прашу яе вызначыцца ўсё ж адносна музыкі, пытаюся — як вы вызначылі, што музыка рэлігійная? Адказвае: там гучалі словы «Бог з намі».

Уладзімер Качагур засьведчыў суду дакумэнтальна, што ў тыя дні, калі нібыта ў ягонай кватэры гучала музыка, ён быў на працы. А празь некалькі дзён наагул зьмяніў кватэру і жыве ў іншым раёне гораду.

Іншыя сьведкі, якія былі выкліканыя ў суд, паказалі, што ня ведаюць сям’і Ўладзімера Качагура і ня чулі ні музыкі, ні гукаў набажэнства зь ягонай кватэры.

А адзін юнак наагул заявіў у судзе, са слоў Уладзімера Качагура, што яго прымусіў сьведчыць нейкі чалавек у цывільным. Праўда, ні імя, ні прозьвішча таго чалавека не назваў.
Мы ўдзельнічалі ў мясцовай выбарчай кампаніі. Пасьля гэтага ў нас усіх пачаліся праблемы.
І судзьдзя адмовіўся гэта ўдакладніць, пасьля чаго спадар Качагур хадайнічаў аб недаверы суду. Але судом хадайніцтва было адхілена.

У якасьці сьведкі з боку Ўладзімера Качагура быў апытаны Сяргей Ваўчок. Яго судовы працэс вельмі ўразіў. Ён заявіў нашаму радыё, што, на ягоную думку, суд выконваў заказ улады:

Ваўчок: «Таму што мы ўдзельнічалі ў мясцовай выбарчай кампаніі. Пасьля гэтага ў нас усіх пачаліся праблемы: аднаго звольнілі з працы, Таню Качагур — не ўзялі на працу, да мяне прыходзілі міліцыянты і давалі запаўняць нейкія анкеты».

Уладзімер Качагур, выслухаўшы рашэньне суду, быў узрушаны несправядлівым, на ягоную думку, выракам і заявіў нашаму радыё, што ў незалежнай Беларусі людзі дагэтуль ня могуць дамагчыся рэлігійнай свабоды.

Качагур: «За пропаведзь Эвангельля, за малітву, за Бога судзяць... Усё як у савецкія часы. Што ж, яны праваслаўныя атэісты і ні ў якага Бога ня вераць, як наш прэзыдэнт».

Пастар Уладзімер Качагур — сябра аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Ён лічыць, што насамрэч рашэньне суду зьвязанае менавіта з гэтым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG