Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусам раяць не баяцца поліяміеліту


У суседняй зь Беларусьсю Расеі — паніка. У Маскве і ў Іркуцкай вобласьці выяўлены выпадкі поліяміеліту — цяжкога віруснага захворваньня, пра перамогу над якім было афіцыйна абвешчана ў гады існаваньня СССР.


Паводле афіцыйнай інфармацыі, цяжкая хвароба, якую выявілі ў дзьвюх расейскіх немаўлятак, прыйшла з Таджыкістану, дзе сымптомы поліяміеліту выяўленыя амаль у 300 чалавек, 52 выпадкі пацьверджаныя лябараторна, 13 чалавек памерлі. Лічыцца, што небясьпека захворваньня — у яго надзвычайна хуткай дынаміцы. Вірус, які трапляе ў арганізм паветрана-кропельным шляхам або праз рот, паражае сьпінны мозг, што вядзе да паралічу і нават сьмерці. Асаблівая група рызыкі — дзеці да шасьці гадоў.

Характэрна, што ў Расеі вірус поліяміеліту ўпершыню пасьля развалу СССР быў выяўлены ў 1997 годзе. Як лічаць экспэрты, у краіне, дзе хвароба не рэгіструецца, зьяўленьне хоць аднаго, нават «завезенага», выпадку — гэта сапраўды вельмі небясьпечна.

У сувязі з гэтым галоўны санітарны лекар Расеі Генадзь Анішчанка забараніў імпарт з Таджыкістану сушанай садавіны і арэхаў — бо ў іх можа ўтрымлівацца ўзбуджальнік хваробы.

Што да Беларусі, то мясцовыя адмыслоўцы-эпідэміёлягі раяць жыхарам краіны не хвалявацца. Хвароба, якая перадаецца праз прадукты харчаваньня, ваду, не перадасца беларусам, бо тут усім яшчэ ў дзяцінстве зрабілі прышчэпкі ад поліяміеліту і ўсе маюць імунітэт да хваробы.
Хвароба, якая перадаецца праз прадукты харчаваньня, ваду, не перадасца беларусам, бо тут усім яшчэ ў дзяцінстве зрабілі прышчэпкі ад поліяміеліту і ўсе маюць імунітэт да хваробы.
Вакцынацыя — адзіная абарону ад вірусу — праводзіцца ў Беларусі (гэтаксама як і ў Расеі) зь сярэдзіны 1960-х гадоў. Паводле беларускіх адмыслоўцаў, прышчэпкі ад поліяміеліту ў Беларусі абавязковыя, выпадкаў адмовы ад іх, прынамсі ў сталіцы і ў буйных гарадах краіны, не назіралася.

Як сьведчаць эпідэміёлягі, ад 2002 году, калі Ўсясьветная арганізацыя аховы здароўя (УААЗ) прызнала Беларусь вольнай ад поліяміеліту, гэты статус пацьвярджаецца штогод.

Тым часам усясьветную перамогу над хваробай рыхтаваліся сьвяткаваць ужо ў 2005-м. За год да гэтага прадстаўнікі аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі Global Polio Eradication Initiative заявілі, што знойдзеныя навукоўцамі новыя спосабы барацьбы з хваробай шляхам масавай кампаніі імунізацыі могуць неўзабаве прынесьці плён. Для гэтага, сьцьвярджалі экспэрты Global Polio Eradication Initiative, неабходна, каб у барацьбе з поліяміелітам удзельнічалі ня толькі мэдыкі, але і палітыкі, дыпляматы, перш за ўсё — мясцовыя лідэры. Аднак з-за таго, што шэраг азіяцкіх і афрыканскіх краінаў адмовіліся далучыцца да праграмы, вірус у рэгіёне перамагчы не ўдалося. Паводле экспэртаў, у глябальную праграму вакцынацыі трэба ўкладаць сотні мільёнаў даляраў, інакш справа барацьбы з поліяміелітам будзе адкінутая на шмат гадоў назад.

Як лічаць навукоўцы з унівэрсытэту Паўночнай Караліны ў ЗША, складанасьць генэтычнай інфармацыі вірусаў поліяміеліту — як, дарэчы, і вірусаў грыпу, гепатыту С і СНІДу, — у тым, што яна ўтрымліваецца не ў падвойнай сьпіралі ДНК, а ў адзінарнай сьпіралі РНК — рыбануклеінавай кіслаты. Калі ў першым выпадку геном расшыфраваць даволі проста, то ў выпадку з РНК гэта нашмат больш складана, бо РНК здольная ўтвараць вельмі дзіўныя ўзоры і складаныя структуры.

«Мы ўжо блізкія да разуменьня таго, на якія „хітрыкі“ ідзе вірус, каб заставацца непрыкметным, якія мутацыі зь ім могуць адбывацца, а таму працуем над тым, каб парушыць яго структурна. Наколькі вынікі гэтай працы дапамогуць пры распрацоўцы новых мэдыкамэнтаў, сказаць цяжка, аднак гэта дазволіць атрымаць карысныя веды на дадатак да тых, якія мы ўжо маем», — кажа прафэсар-мікрабіёляг Рон Суонстрам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG