Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шчукіну не вярнулі газэту «Наш дом»


Валер Шчукін
Валер Шчукін

Сёньня судзьдзя Гомельскага абласнога суду Дзьмітры Улога пакінуў бязь зьменаў пакараньне актывісту апазыцыі Валерыю Шчукіну, вынесенае Буда-Кашалёўскім раённым судом.


Валеры Шчукін павінен сплаціць штраф памерам у 1 мільён 50 тысяч рублёў нібыта за выраб і распаўсюд інфармацыйнага бюлетэня грамадзянскай кампаніі «Наш дом». Апрача таго, 24 тысячы асобнікаў гэтага выданьня канфіскаваныя «ў даход дзяржавы».

Валеры Шчукін: «Гэта палітычнае рашэньне. Ідзе масавы перасьлед грамадзянскай кампаніі „Наш дом“. За намі літаральна ганяюцца. Вылоўліваюць усе машыны, якія заняты перавозкай, складаюць пратаколы нават тады, калі ў кагосьці засталася адна ці дзьве газэты. Гэта цалкам палітычны заказ — яго й выконваюць».

25 сакавіка Валер Шчукін вёз з кіроўцам зь Віцебску ў Гомель 24 тысячы асобнікаў бюлетэня грамадзянскай кампаніі «Наш дом». За паўсотні кілямэтраў да Гомеля супрацоўнікі ДАІ спынілі аўтамабіль і правялі дагляд. Убачыўшы бюлетэнь, прымусілі ехаць у Буда-Кашалёўскі райаддзел міліцыі. Там на Валера Шчукіна склалі адміністрацыйны пратакол паводле часткі 2 артыкула 22.9, які і перадалі ў раённы суд.

26 сакавіка судзьдзя Ўладзімер Пракапенка пакараў праваабаронцу Шчукіна мільённым штрафам.

На пытаньне капітана міліцыі Меляшэнкі, які складаў пратакол, пра далейшы лёс бюлетэняў «Наш дом», судзьдзя заявіў: «Вярнуць Шчукіну». Аднак у пісьмовай пастанове напісана было адваротнае: «Канфіскаваць у даход дзяржавы».

Усё палітычнае й грамадзкае поле ў краіне ператвараецца ў пустыню.
У абласным судзе Валер Шчукін скрытыкаваў заключэньне ўправы юстыцыі Гомельскага аблвыканкаму, якая чамусьці ня выявіла разыходжаньняў паміж агучанай і пісьмовай пастановай раённага суду.

Праваабаронца патлумачыў таксама, што не распаўсюджваў бюлетэні, а толькі вёз іх у Гомель, што раённы суд ня высьветліў, ці сапраўды ён вырабляў бюлетэні, а калі нават і вырабляў, то якія заканадаўчыя нормы парушыў. Урэшце, якім чынам дзяржава атрымае даход ад бюлетэня «Наш дом»?

Шчукін: «Які даход дзяржава атрымае? Ці то яна прадаваць будзе? Ці то ў народнай гаспадарцы выкарыстае замест шпалераў? Калі бюлетэні зьнішчыць, то будзе толькі расход, а не даход. А як атрымаць даход, я не ўяўляю».

Тлумачэньні грамадзкага актывіста абласны судзьдзя Дзьмітры Ўлога ня ўзяў пад увагу й адхіліў скаргу на адмену пакараньня. Валер Шчукін бачыць у гэтым нежаданьне дзейнічаць паводле закону:

«Нежаданьне паступаць па законе. Калі я ня маю рацыі, дакажыце гэта! Артыкул 22.9 КаАП адсылачны — парушэньне вызначанага парадку вырабу. Напішыце: выраб друкаванай прадукцыі рэглямэнтаваны такім законам. Закон патрабуе тое й тое . І вось „тое“ й „тое“ я ня выканаў. Такога разбору не было».

Валер Шчукін і Марат Афанасьеў
Прысутны на судзе калега Валера Шчукіна, таксама былы дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Марат Афанасьеў так пракамэнтаваў судовы перасьлед праваабаронцы:

«Камусьці вельмі хочацца, каб у Беларусі была пустыня. Усё, што тут зьяўляецца, як бы не адпавядае таму разуменьню пустыні, у якую сёньня ператвараецца ўсё палітычнае й грамадзкае поле ў краіне. Усё зьнішчаецца! А выканаўцы — яны вядомыя. Гэта тыя людзі, якія складаюць пратаколы, якія выносяць судовыя рашэньні, тыя людзі, якія сочаць за іншадумствам, якое можа дзе-кольвечы праявіцца».

Сам Валер Шчукін наважаны дамагацца, каб скасавалі і штраф, і канфіскацыю 24 тысячаў бюлетэняў грамадзянскай кампаніі «Наш дом».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG