Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каваленка зьбіраецца абскарджваць прысуд


Сяргей Каваленка пасьля суду
Сяргей Каваленка пасьля суду

У Кастрычніцкім райсудзе Віцебску завяршыўся працэс па крымінальнай справе сябра КХП БНФ Сяргея Каваленкі, які вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на гарадзкой навагодняй ёлцы 7-га студзеня. Яго прызналі вінаватым у злосным хуліганстве і ў супраціве міліцыянтам, якія яго затрымлівалі пасьля акцыі.

Віцебскі судзьдзя Яўген Буруноў пасьля трох дзён працэсу над Сяргеем Каваленкам, вынес апазыцыйнаму актывісту адносна мяккі вырак.

Сяргей Каваленка асуджаны на тры гады абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу. Гэта так званае «ўмоўнае пакараньне», калі асуджаны жыве дома, працуе, але яго ставяць на ўлік у міліцыі, куды ён мусіць пэрыядычна зьяўляцца на кантроль. Нагадаем, што ўчора пракурор Зьміцер Рудакоў запатрабаваў пакараць актывіста трыма гадамі «хіміі».

На думку абаронцы Пятра Каваленкі, гэта даволі мяккі прысуд:

«З улікам усіх акалічнасьцяў, калі вы памятаеце падобныя працэсы над апазыцыянэрамі, якім лёгка давалі „хімію“, то гэты прысуд нармальны.
Ну мы ж ня думалі, што апазыцыянэра тут апраўдаюць!
Ну мы ж ня думалі, што апазыцыянэра тут апраўдаюць! Казуліна вось хіба апраўдалі? Гэта я да таго, што пакараньне прызначылі прымальнае. І кампэнсацыя маральнай шкоды прымальная. Ужо ня йдзе гаворка пра 10 ці 5 мільёнаў, а толькі пра мільён і паўтара мільёны».

Абаронца асуджанага апазыцыянэра нагадвае, што першапачаткова трое міліцыянтаў, якія затрымлівалі Сяргея Каваленку, ня толькі абвінавацілі яго ў супраціве, але й запатрабавалі матэрыяльнай кампэнсацыі маральнай шкоды — па 10 мільёнаў кожнаму. Яны заявілі, што апазыцыянэр іх публічна абражаў. Згодна з прысудам, падпалкоўніку Андрэю Іванову і старшаму сяржанту Васілю Палітыку належыць атрымаць па адным мільёне рублёў, а малодшаму сяржанту Максіму Максімаву — паўтара мільёна рублёў.

Апрача кампэнсацыі міліцыянтам, Сяргей Каваленка мусіць сплаціць судовыя выдаткі, 122 тысячы рублёў прадпрыемству «Гарсьвятло» за нібыта папсаваныя ёлачныя гірлянды і 62 тысяч рублёў — прадпрыемству «Зеленбуд» за галінкі на навагодняй ёлцы, якія давялося замяняць.

Актывіст, які цягам усяго судовага працэсу цьвердзіў, што зьдзейсьніў не хуліганскі ўчынак, а палітычную акцыю і што ня ён абражаў і зьбіваў міліцыянтаў, а наадварот — яны яго, зьбіраецца абскарджваць вынесены сёньня прысуд:

Я буду абскарджваць прысуд, бо гэтага вымагае мая барацьба.
«Я буду абскарджваць прысуд, бо гэтага вымагае мая барацьба — яна вымагае заўсёднага змаганьня, пэрманэнтнага. Той прысуд — хлусьня суцэльная зь іхнага боку. Але жорсткі прысуд мне даць пабаяліся, бо цяпер тысячы людзей назіраюць за нашай барацьбой — ня толькі маёй, але і іншых людзей, якія праводзяць сапраўдныя вулічныя акцыі».

Віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда лічыць, што адносная мяккасьць прысуду Сяргею Каваленку — гэта ўсё ж сьведчаньне павагі да дэмакратычных поглядаў у несвабодным беларускім грамадзтве.

«Я лічу, што вялікую ролю адыграла падтрымка Сяргея Каваленкі дэмакратычнай грамадзкасьцю, недзяржаўнымі СМІ. Гэта — перамога!»

На думку Барыса Хамайды, менавіта падтрымка дэмакратычнай грамадзкасьці паспрыяла таму, што Сяргея Каваленку выпусьцілі ў студзені са сьледчага ізалятара, дзе пасьля сьцяга на ёлцы яго зьбіраліся пратрымаць два месяцы. І цяпер, дзякуючы гэтай падтрымцы, актывіста не наважыліся пасадзіць у турму або адправіць на «хімію», а пакінулі дома, зь сям’ёй.

Сяргей Каваленка з сваякамі пасьля абвяшчэньня прысуду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG