Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

15 гадоў таму, 14 траўня 1995 году, у Беларусі адбыўся першы рэфэрэндум. На падставе яго вынікаў улады зьмянілі дзяржаўную сымболіку, скасавалі дзяржаўны статус бел-чырвона-белага сьцяга і герба "Пагоня". Многія палітыкі і палітолягі лічаць — менавіта рашэньні таго рэфэрэндуму раскалолі беларускае грамадзтва.

Народны дэпутат СССР і дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня Аляксандар Дабравольскі лічыць, што рэфэрэндум 1995 году ў асноўным быў скіраваны супраць незалежнасьці Беларусі:

Аляксандар Дабравольскі
"Улада і шмат хто яшчэ рабілі гэта ня столькі сьвядома, колькі падсьвядома. Іх вабіла тое, што было ў мінулым. І тое, што адбылося за гэтыя 15 гадоў, стала поўным абвяржэньнем іх ідэяў. Цяпер у беларускім грамадзтве, дзякуй Богу, фактычна няма спрэчак, ці патрэбна Беларусі незалежнасьць.

І таму я скажу так: тады фармальна ўлада на рэфэрэндуме перамагла, а насамрэч прайграла. І цяпер наступствы рэфэрэндуму працуюць супраць улады. Нарэшце і яна гэта зразумела. Але бяда ў тым, што да ўлады, да Лукашэнкі даходзіць толькі праз 10—15 гадоў тое, што відавочна адразу тым, хто думае пра сваю краіну".

Супраць правядзеньня рэфэрэндуму рэзка выступіла фракцыя БНФ у Вярхоўным Савеце Беларусі 12-га скліканьня. Сярод тых, хто ўдзельнічаў у галадоўцы на знак пратэсту ў Авальнай залі, быў і дэпутат Лявон Зданевіч:
гэта — вышыня эстэтыкі, сымбалізму і стылізацыі ...

"Беларуская нацыя дзякуючы лёсу, гісторыі, продкам — адна з тых, хто мае відавочна гістарычныя, выпрабаваныя часам і абароненыя крывёю нашых продкаў сымбалі. Найпрыгажэйшыя ў сьвеце! Бо бел-чырвона-белы колер — гэта кроў на белай тканіне.

Я магу сказаць як архітэктар, дызайнэр, што гэта — вышыня эстэтыкі, сымбалізму і стылізацыі. Ужо лепей, прыгажэй і ляканічней быць ня можа".

У Беларусі мноства людзей цярпелі ад уладаў за сваю адданасьць нацыянальным сымбалям. Не аднойчы цярпеў ад гэтага і сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі БХД Павал Севярынец:

Павал Севярынец
"Бел-чырвона-белы сьцяг — гэта сьвятое для кожнага беларуса. І для кожнага верніка. Таму што гэта сьцяг Хрыста. Гэта палатніна, якая засталася пасьля ўкрыжаваньня і ўваскрэсеньня Ісуса Хрыста. Гэта знак Божай перамогі над сьмерцю.

І гэта знак нацыянальнага руху Беларусі. Ён мае глыбокую гісторыю і сакральны сэнс. І таму для кожнага беларуса гэта тая выява, якая ідэнтыфікуе яго. І ўчынкі Мірона, альбо Сяргея Каваленкі, альбо маладафронтаўцаў — гэта подзьвігі сучаснай беларускай гісторыі".

Лявон Зданевіч перакананы: бел-чырвона-белы сьцяг і "Пагоня" абавязкова зноў стануць дзяржаўнымі сымбалямі Беларусі:

"Абсалютна ўпэўнены, што гэтыя сымбалі зноў прыйдуць на нашу зямлю. Я абсалютна ў гэтым упэўнены. Яны закансэрваваныя за намі міжнароднай супольнасьцю. Яны — нашыя! І ніхто іх не возьме".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG