Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Многія лідэры АДКБ пахвалілі Лукашэнку


Многія лідэры дзяржаў АДКБ прызналі, што кіраўніцтва Беларусі паступіла высакародна і па-мужчынску, аказаўшы дапамогу лідэру саюзнай краіны Курманбеку Бакіеву.

Пра гэта заявіў генэральны сакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве, перадае Інтэрфакс.

"Гэта сувэрэнная справа кіраўніцтва Беларусі, але не асаблівая пазыцыя адносна АДКБ", — адзначыў М.Бардзюжа.

Ён таксама паведаміў, што ў крытычнай сытуацыі кіраўніцтва Расеі і Казахстану прыняло рашэньне вывезьці Курманбека Бакіева ў Казахстан, каб не дапусьціць расправы над прэзыдэнтам і яго сям'ёй.

"Аляксандар Лукашэнка сказаў адносна падзеяў у Кіргізстане тое, што сказалі і іншыя лідэры АДКБ, а менавіта — што ў Кіргізстане адбылася неканстытуцыйная і нелегітымная зьмена ўлады. Асаблівасьць пазыцыі палягае толькі ў тым, што беларускі прэзыдэнт запрасіў да сябе прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева. Гэта сувэрэннае права Беларусі", — адзначыў М.Бардзюжа, перадае БелТА.

Разам з тым М.Бардзюжа лічыць немагчымым выкарыстаньне сілавога патэнцыялу АДКБ для вырашэньня праблемаў у Кіргізстане.

Раней ён паведаміў, што кіраўнікі краінаў-сябраў АДКБ нават ня сталі разглядаць перададзены Аляксандрам Лукашэнкам зварот Курманбека Бакіева пра ўвядзеньне міратворчых сіл у Кіргізстан.

На саміце АДКБ 8 траўня ў Маскве вырашана надалей дапамагаць Кіргізстану ў вырашэньні эканамічных і сацыяльных праблемаў, і такая дапамога ўжо аказваецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG