Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наваградак: судзяць пастара царквы "Новае пакаленьне"


Пастара Уладзімера Качагура вінавацяць у правядзеньні набажэнстваў у кватэры, дзе ён жыў, без дазволу на тое мясцовых уладаў.

Суд над пастарам царквы "Новае пакаленьне" распачаўся яшчэ 12 траўня, але быў перанесены па просьбе самога пастара, каб ён мог азнаёміцца з матэрыяламі справы. Сёньня яго працяг аб 11 гадзіне.

Са слоў Уладзімера Качагура, скаргу на яго ў міліцыю напісала суседка. Маўляў, з кватэры пастара пасьля 24.00 чуваць гучная рэлігійная музыка, сьпевы, па начох там нібыта праводзяцца служэньні і ў кватэру ходзяць людзі.

У сераду да Уладзімера Качагура ўчастковы міліцыянт прынёс позву а 6-й раніцы. Суд пачаўся быў у той самы дзень, але яго перанесьлі на сёньня.

Учора ўвечары ў кватэры пастара адбыўся ператрус. Міліцыянты шукалі, зь яго слоў, зялёную фарбу і сказалі яму, што нехта такой фарбай абліў аўтамабіль. Якое гэта мае дачыненьне да пастара, міліцыянты не патлумачылі.

Уладзімер Качагур — сябра аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Ён лічыць, што насамрэч дзеяньні міліцыянтаў зьвязаныя менавіта з гэтым. Пастар Качагур жыве з жонкай і двума непаўналетнімі дзецьмі.
XS
SM
MD
LG