Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Bosch": "На паказьнікі 2008-га ў Беларусі выйдзем гады праз 3-4"


Рэнэ Шлегель
Рэнэ Шлегель

За мінулы год кансалідаваны абарот кампаніі Bosch у Беларусі склаў 28 мільёнаў эўра, што на 55% ніжэй за ўзровень 2008-га.

На зьніжэньне эканамічных паказьнікаў перш за ўсё паўплываў глябальны эканамічны крызіс у аўтамабільнай галіне стала прычынай і спад актыўнасьці ў мясцовай будаўнічай індустрыі – абедзьве галіны для нямецкай карпарацыі ў Беларусі найбольш значныя.

Як і ў іншых сфэрах, група "Bosch" вымушана была зьвярнуцца да скарачэньня працоўнага часу занятых на вытворчасьцях, што дазволіла ў значнай ступені кампэнсаваць выкліканую зьніжэньнем продажу недазагрузку магутнасьцяў і пазьбегнуць звальненьняў:

"Мы здолелі захаваць блізу 90% кліентаў. Гэта вельмі добры вынік, паколькі такія, правераныя часам адносіны, ёсьць асновай для аднаўленьня аб'ёму гандлю, калі справы пачнуць папраўляцца", -- адзначае Рэнэ Шлегель, паўнамоцны прадстаўнік групы кампаній "Bosch" у Беларусі, Расеі, Украіне і Казахстане.

Рэзкі спад на аўтамабільным рынку Беларусі нэгатыўна адбіўся на рэалізацыі новых арыгінальных камплектуючых. Але ў той жа час акрэсьлілася тэндэнцыя на павелічэньне аб'ёмаў рамонту патрыманых машынаў, што ўрэшце аказалася выгадна для сеткі "Bosch-Сэрвіс".

Ня гледзячы на эканамічныя цяжкасьці, кампанія працягвала пастаўкі на Менскі маторны завод паліўных сыстэм, якія забясьпечваюць стандарт нормаў Эўра-3 і Эўра-4, а таксама прадставіла новую, больш танную сыстэму, якая таксама адпавядае эўрапейскім нормам.

Значнае падзеньне назіралася ў 2009 годзе і ў сэгмэнце электраінструмэнтаў -- з-за спаду актыўнасьці ў будаўнічай галіне. Тым ня меней, сэрвісны цэнтар "Bosch" па гарантыйнаму і пасьлягарантыйнаму абслугоўваньню інструмэнтаў пачаў фіксаваць рост попыту і ў дадзеным сэгмэнце.

Пэрспэктывы далейшага разьвіцьця ў Беларусі Рэнэ Шлегель ацэньвае як "вытрымана-аптымістычныя": "Рост у нашым рэгіёне адновіцца, але ня хутка дасягне ўзроўню 2008 году. Мы чакаем, што ў 2011-м наш бізнэс у цэлым вернецца на ўзровень 2007-га, а цягам 2013-2014 гадоў — на узровень 2008-га. Але ў тых галінах, дзе нам належыць доля рынку ніжэй за 20%, магчымасьці росту вышэйшыя, чым у галінах, дзе мы ўжо займаем большую долю рынка".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG