Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ёсьць у Беларусі роўнасьць моваў?


15 гадоў таму, 14 траўня 1995 году, у Беларусі адбыўся рэфэрэндум, у выніку ягога была зьмененая дзяржаўная сымболіка, а таксама расейская мова стала другой дзяржаўнай.


Таварыства беларускай мовы з нагоды 15-годзьзя рэфэрэндуму распаўсюдзіла заяву, у якой – патрабаваньне выкананьня рашэньняў гэтага рэфэрэндуму пра роўнасьць моваў.

У заяве ТБМ адзначаецца, што ў краіне "адсутнічае сыстэма нацыянальнай адукацыі на дзяржаўнай беларускай мове, колькасьць беларускамоўных вучняў скарацілася да 18%, беларускамоўныя школы і нават клясы адсутнічаюць у большасці абласных і раённых гарадоў Беларусі. Прынятыя ў 1998 годзе папраўкі ў закон “Аб мовах ” пярэчаць Канстытуцыі і дазваляюць чыноўнікам не карыстацца беларускай мовай".

У Палаце прадстаўнікоў апошнім і бадай што адзіным за апошнюю пяцігодку законапраектам, які прымаўся на беларускай мове, быў закон "Аб правiлах беларускай арфаграфii i пунктуацыi". Гэта адбылося ў чэрвені 2008 году. На сэсіях беларуская мова з вуснаў дэпутатаў не гучыць. Таму калі месяц таму старшыня Памежнага камітэту генэрал-маёр Ігар Рачкоўскі прэзэнтаваў у Палаце прадстаўнікоў даклад пра беларуска-ўкраінскую мяжу на беларускай мове, гэта выклікала шырокі рэзананс у СМІ.

Мовазнаўца Зьміцер Саўка такім чынам пракамэнтаваў гэта:

Зьміцер Саўка
"Калі такія факты робяцца ў цэнтры ўвагі, гэта сьведчаньне таго, наколькі згаладаліся і журналісты. І нездарма яны экстрапалююць свае пачуцьці на чытачоў, на шырэйшую публіку. Усе хочуць нейкіх станоўчых зрухаў. Бо іх няма. Гэта сьведчаньне такой катастрофы! Мы б усё даравалі Лукашэнку – ягоны недэмакратызм, ягоны аўтарытарызм – бо ўсё гэта можна пераадолець у выніку. Але зацятасьць у барацьбе зь любымі праявамі беларушчыны, якая працінае нашу дзяржаву зь верху да нізу, да апошняга нейкага чыноўніка, ня можа ў мяне як у беларуса, у патрыёта не выклікаць ня проста расчараваньня, а абурэньня".

Таварыства беларускай мовы рэгулярна піша звароты ў дзяржаўныя органы ўлады з патрабаваньнем роўнасьці моваў. Старшыня ТБМ Алег Трусаў распавёў, што апошні зварот быў да кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімера Макея аб новым узоры правоў кіроўцаў, дзе няма беларускай мовы. "Просім вас паспрыяць таму, каб дзяржаўная беларуская мова на новых міжнародных правах заняла тое ж месца, як і ангельская, бо непаважлівае стаўленьне да мовы тытульнай нацыі зноў можа выклікаць непаразуменьне і нават кпіны з боку Эўразьвязу". Адказ на зварот спадар Трусаў атрымаў 12 траўня ўжо зь Дзяржаўтаінспэкцыі:

"Праўда, адказ яны зрабілі па-расейску, але ён мяне задавальняе нават і на расейскай мове. Сэнс такі: "Усе надпісы на блянку новага ўзору пасьведчаньня кіроўцы будуць выкананыя на трох мовах: беларускай, расейскай і ангельскай. Пэрсанальныя дадзеныя ўладальніка пасьведчаньня паводле яго жаданьня будуць друкавацца на адной з нацыянальных – гэта "ноў-хаў" міліцыянтаў! – нацыянальных моваў Рэспублікі Беларусь і дублявацца лацінскімі літарамі. Вось і выйгралі мы гэтыя пасьведчаньні".

Застаецца толькі кіроўцам праявіць нацыянальную сьвядомасьць і патрабаваць свае пэрсанальныя дадзеныя друкаваць менавіта на беларускай мове.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG