Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каваленка: “Не давяраю суду, які стаіць на баку міліцыянтаў”


Сяргей Каваленка сёньня ў судзе

Сяргей Каваленка сёньня ў судзе

У Кастрычніцкім райсудзе Віцебску працягваецца разгляд крымінальнай справы актывіста Сяргея Каваленкі, які 7-га студзеня вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на галоўнай гарадзкой навагодняй ёлцы. У судзе былі дапытаныя сьведкі з боку абвінавачаньня і абароны.


Падчас сёньняшняга суду сябар КХП БНФ Сяргей Каваленка тройчы патрабаваў адводу абвінаваўцы, тройчы — усяго суду ў поўным складзе і чатыры разы — асабіста судзьдзі Яўгена Бурунова. На думку актывіста, суд выразна стаіць на баку пацярпелых міліцыянтаў — падпалкоўніка Андрэя Іванова, малодшага сяржанта Максіма Максімава і старшага сяржанта Васіля Палітыкі, якія цьвердзяць, што Каваленка аказваў ім супраціў падчас затрыманьня і што ягоны ўчынак — гэта злоснае хуліганства:

«Судзьдзя, абвінаваўца і сьведкі сьпяваюць ва ўнісон. А пацярпелыя задаюць пытаньні, якія іхнай справы ня тычацца. Ад іх усіх адказвае падпалкоўнік Іваноў — заўсёды за ўсіх траіх. Абвінаваўца задае сьведкам наводныя пытаньні, а судзьдзя, калі я нешта кажу, глядзіць празь мяне як праз шкло і ніводнага хадайніцтва не задавальняе».

Паводзіны судзьдзі Яўгена Бурунова абурылі ня толькі падсуднага. Незадавальненьне тым, як вядзецца працэс, выказала і жонка актывіста Алена Каваленка. З гэтай нагоды яна зьбіраецца пісаць скаргу старшыні суду:

Алена і Сяргей Каваленкі
«Судзьдзя паводзіць сябе неналежна. Увесь час насьміхаецца, увесь час саркастычнае, цынічнае стаўленьне да падсуднага. Ён правакуе, каб Сяргей хваляваўся, каб зьбіваўся. Выразна адчуваецца ягоная прыхільнасьць да пацярпелых і нядобразычлівасьць да падсуднага».

Сяргей Каваленка заявіў хадайніцтва, каб яго грамадзкімі прадстаўнікамі ў судзе прызналі жонку Алену Каваленку, брата Віталя Каваленку і сябра Тараса Сургана. Судзьдзя адхіліў і гэтае хадайніцтва.

У судзе выступілі сьведкі — супрацоўнікі прадпрыемства «Зеленбуд», якое патрабуе 62 тысячы рублёў за пашкоджаныя галінкі навагодняй ёлкі, а таксама прадстаўнікі пазашкольных дзіцячых устаноў, якія 7 студзеня ладзілі канцэрт на плошчы Перамогі. Яны паказалі, што зьяўленьне сьцяга не перашкодзіла мерапрыемству, хоць менавіта з прычыны таго, што на плошчы было шмат народу, учынак Сяргея Каваленкі кваліфікаваны міліцыяй як крымінальны.

Адвакат Пётар Каваленка ня бачыць у акцыі апазыцыянэра крымінальнага зьместу:

«Я лічу, што крымінальнага злачынства тут няма. Адміністрацыйнае правапарушэньне — гэта можа быць. Я буду на гэта рабіць намёкі…»

Алена Каваленка, Тарас Сурган, Віталь Каваленка (якім не дазволілі быць грамадзкімі прадстаўнікамі ў судзе) і Сяргей Каваленка.

На тым, што Сяргей Каваленка зьдзейсьніў хуліганскі ўчынак, вывесіўшы сьцяг, стаяць пацярпелыя міліцыянты. Яна запатрабавалі ад Сяргея Каваленкі кампэнсацыі маральнай шкоды памерам 10 мільёнаў кожнаму — за тое, што апазыцыянэр нібыта іх публічна абражаў, а таксама «наносіў адзінкавыя ўдары». Яны самі цьвердзяць, што актывіста не зьбівалі, хаця цялесныя пашкоджаньні ў Сяргея Каваленкі зафіксавала мэдычная экспэртыза.

Адзін бярэ за ногі, другі і трэці за рукі, мы акуратна чалавека кладзем, паціху надзяем кайданкі, калі гэта трэба, і дастаўляем у пастарунак.
Падпалкоўнік Іваноў цьвердзіць, што міліцыя абыходзіцца з затрыманымі ветліва і тактоўна:

«Мы так лічым, і на практыцы так робім, што затрымліваць чалавека павінны некалькі супрацоўнікаў. Калі іх двое ці трое, адзін бярэ за ногі, другі і трэці за рукі, мы акуратна чалавека кладзем, паціху надзяем кайданкі, калі гэта трэба, і дастаўляем у пастарунак».

Падпалкоўнік Іваноў кажа, што патрабаваньне ад Каваленкі па 10 мільёнаў мае маральна-выхаваўчы характар. Асабіста ён заяўляе, што адсуджаныя грошы ўсе да капейкі перадасьць Дубровенскаму дзіцячаму дому.

За рэплікі зь месца і падказкі судзьдзя абмежаваўся заўвагай на ягоны адрас. А вось актывіста Тараса Сургана выдаліў з залі нібыта за парушэньне дысцыпліны.

Суд над Сяргеем Каваленкам мае завяршыцца найбліжэйшымі днямі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG