Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самалёт зь беларускім лётчыкам вёз зброю для “Хамас”


Зброя, якая знаходзілася ў арыштаваным у Тайляндзе самалёце «ІЛ-76» з казаска-беларускім экіпажам, прызначалася для тэрарыстычных груповак «Хамас» і «Хезбала».


Пра тое, што зброя прызначалася для «Хамасу» і «Хезбалы», заявіў міністар замежных спраў Ізраілю Авігдор Лібэрман падчас свайго візыту ў Японію, паведаміла агенцтва Associated Press. Аднак крыніцы гэтай інфармацыі шэф ізраільскіх дыпляматаў не назваў.

Летась у сьнежні ў Тайляндзе быў арыштаваны «ІЛ-76» з грузам гранатамётаў, зэнітна-ракетных комплексаў і стралковай зброі. Усяго зброі было 40 тон, але ў дакумэнтах груз пазначаўся як «буравое абсталяваньне». Самалёт ляцеў з Паўночнай Карэі нібыта ў Кіеў, а ў Бангкоку сеў на дазапраўку. Паводле другой вэрсіі, яго прымусілі сесьці пасьля падказкі амэрыканцаў, якія адсочваюць незаконны гандаль зброяй па ўсім сьвеце. Экіпаж самалёта быў інтэрнацыянальны: чатыры лётчыкі з Казахстану, бортінжынэр Міхаіл Петухоў — грамадзянін Беларусі. Сам самалёт належаў грузінскай фірме, быў арандаваны з Украіны, а прыпісаны да маскоўскага аэрапорту «Шарамецьева». Каму прызначалася знойдзеная на борце зброя, афіцыйныя ўлады Тайлянду так і не паведамілі. Сябры экіпажу казалі, што нічога пра гэта ня ведаюць і нават нібыта ня ведалі, што ўвогуле везьлі зброю: маўляў, загрузка запакаваных скрыняў адбывалася безь іхнага ўдзелу. Праз два месяцы лётчыкаў, якіх трымалі ў мясцовай турме ў даволі цяжкіх умовах, адпусьцілі. Міхаіл Петухоў вярнуўся ў Беларусь да сям’і.

Міхаіл Петухоў
Сёньня жонка лётчыка Вера адмовілася перадаць мужу слухаўку для размовы пра заяву ізраільскага міністра адносна таго, што «ІЛ-76» вёз гранатамёты ды іншую зброю тэрарыстам:

«Знаходзьце фірму і ў іх пытайцеся. Хлопцы тут пры чым? Ён нават і размаўляць пра гэта ня будзе».

Карэспандэнт: «А як у яго справы? Працуе, лятае зноў?»

«Усё, да пабачэньня».

Адмысловец у супрацьпаветранай зброі, падпалкоўнік у адстаўцы Мікалай Статкевіч не сумняваецца ў праўдзівасьці дадзеных пра тое, што пераносныя зэнітныя комплексы, якія знаходзіліся на борце «ІЛ-76», прызначаліся для палестынскіх арганізацый «Хамас» і «Хезбала», якія на Захадзе лічацца тэрарыстычнымі:

«Зброя „Хамасу“ патрэбная. Раней яе ў асноўным пастаўляла Сырыя, але цяпер на Сырыю чыняць ціск, таму яны шукаюць іншыя крыніцы. Зброя, якая паступае з Паўночнай Карэі, як кажуць, савецкага паходжаньня: альбо яна канструктыўна падобная, альбо вырабленая ў былым Саюзе і закупленая Пхеньянам. Гэтая зброя знаёмая байцам „Хамасу“, таму я цалкам дапускаю, што гэта так і ёсьць — зброю везьлі ў гарачыя кропкі Блізкага Ўсходу».

Ці рабіліся гэтыя пастаўкі зброі пры ўдзеле афіцыйнага Менску? Мікалай Статкевіч мяркуе, што беларускі сьлед у гэтай гісторыі выпадковы — на месцы беларускага лётчыка ў самалёце мог аказацца лётчык зь любой краіны СНД — «проста як звычайны наёмнік». Незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін падзяляе гэты пункт гледжаньня:

«Іх задача — круціць баранку, вазіць грузы па ўсім сьвеце. Гэта лічыцца адным з самых выгадных відаў бізнэсу. У сьвеце існуе вялікі дэфіцыт паслуг на перавоз грузаў транспартнай авіяцыяй, асабліва вялікай грузападымальнасьці. Нават калі б экіпаж быў цалкам беларускім, казаць пра беларускі сьлед, што Беларусь забясьпечвае „Хамас“ і „Хезбалу“ зброяй, не выпадае. Тым больш, загружалі самалёт у Пхеньяне».



У сьнежні 2009 году брытанская газэта «Гардыян» са спасылкай на свае ўкраінскія крыніцы сьцьвярджала, што адпраўным пунктам палёту «Іл-76» была Беларусь, а ў Кіеве ён усяго толькі садзіўся на дазапраўку на шляху ў Паўночную Карэю.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG