Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З нагоды першай гадавіны падпісаньня дэклярацыі аб Усходнім партнэрстве, да якога 7 траўня 2009 году далучыліся Азэрбайджан, Армэнія, Грузія, Беларусь, Малдова і Ўкраіна, мы запыталіся пра посьпехі і паразы гэтай ініцыятывы ў Штэфана Фюле, камісара Эўразьвязу ў пытаньнях пашырэньня і эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва.


Максімюк: Спадар камісар, калі я вас папрашу адказаць коратка на пытаньне, ці Ўсходняе партнэрства аказалася для Эўразьвязу посьпехам ці паразай, дык што вы скажаце?

Фюле: Гэта быў абсалютны посьпех. Мы павінны мець на ўвазе, што Ўсходняе партнэрства існуе ўсяго год. Але калі паглядзім на адносіны паміж Эўразьвязам і гэтымі шасьцю ўсходнімі краінамі, дык убачым, што шмат якія зь іх ужо выкарыстоўваюць патэнцыял Усходняга партнэрства. Усходняе партнэрства — гэта ўнікальная структура. Упершыню ў сваёй гісторыі Эўразьвяз прапануе ўсходнім партнэрам удзел у супольным гандлі і доступ на свой унутраны рынак. Упершыню прапануюцца канкрэтныя сфэры супрацоўніцтва, у якіх усходнія партнэры маглі б дапасаваць сваю палітыку да агульнай палітыкі Эўразьвязу. І ўпершыню Эўразьвяз сур’ёзна падыходзіць да перамяшчэньня людзей з усходу і візавых пытаньняў.

Максімюк: Ці вы можаце назваць канкрэтныя прыклады посьпехаў Эўразьвязу ў адносінах да гэтых шасьці краінаў?

Фюле: Ёсьць краіны, якія выкарыстоўваюць гэты патэнцыял амаль поўнасьцю. Украіна і Малдова, я думаю, добрыя тут прыклады. Гэтыя краіны ўжо пачалі перамовы наконт дамоваў аб асацыяцыі. А Ўкраіна пачала перамовы аб тым, што я называю дамовай аб эканамічнай інтэграцыі. З Грузіяй нам удалося падпісаць дамову аб вяртаньні нелегальных мігрантаў і дамову аб спрашчэньні візавага рэжыму. З трыма каўкаскімі краінамі Ўсходняга партнэрства мы цяпер пачынаем размовы пра падрыхтоўку дамоваў аб асацыяцыі. Мы павялічылі фінансавыя рэсурсы, каб дапамагчы ўсходнім суседзям наблізіцца да Эўразьвязу ў рамках гэтай ініцыятывы. У наступным годзе мы пачынаем новую праграму Ўсходняга партнэрства для шасьці краінаў — гэтак званую праграму пабудовы інстытутаў. Палова з сумы 350 мільёнаў эўра, якая была выдзеленая для Ўсходняга партнэрства, будзе выдаткаваная на гэтую праграму. Праграма мае на меце палепшыць адміністрацыйныя здольнасьці ў гэтых шасьці краінах, каб наблізіць іх да эўрапейскіх стандартаў.

Максімюк: Давайце цяпер зьвернемся да вельмі супярэчлівага ўдзелу Беларусі ва Ўсходнім партнэрстве. Шмат хто ў Беларусі, пасьля таго як Менску дазволілі далучыцца да гэтай ініцыятывы, выказваў думку, што далучэньне было незаслужаным авансам для прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі з боку Эўразьвязу. Некаторыя нават казалі, што гэтае рашэньне дало Лукашэнку карт-блянш, каб ён працягваў сваю звычайную палітычную лінію. Ці Брусэль не шкадуе, што запрасіў Беларусь ва Ўсходняе партнэрства?

Фюле: Не, мы не шкадуем. Мы хочам ангажаваць Беларусь.

Максімюк: Але, гаворачы пра посьпехі Ўсходняга партнэрства, вы згадалі ўсіх, акрамя Беларусі? Тут не было гэтых посьпехаў?

Фюле: Няшмат. Беларусь зьяўляецца часткай Усходняга партнэрства, але яна ўдзельнічае толькі ў тым, што мы называем шматбаковым фарматам (multilateral track), а ня ўдзельнічае ў двухбаковым фармаце супрацоўніцтва. Па-другое, я лічу, што толькі ад беларускага кіраўніцтва залежыць, які род ангажаванасьці Беларусі выбраць у стасунках з Эўразьвязам. Бо з нашага боку мы гатовыя — мы гатовыя дапамагчы фінансава, мы гатовыя дапамагчы ў візавых пытаньнях, і мы гатовыя дапамагчы ў мадэрнізацыі эканомікі і ў сацыяльным разьвіцьці. Але гэтая ангажаванасьць моцна залежыць ад адносін беларускага кіраўніцтва да правоў чалавека і асноўных свабодаў. Таму што Ўсходнае партнэрства грунтуецца на пэўных каштоўнасьцях. Я не кажу, што нашы стасункі зь Беларусьсю павінны быць абумоўленыя крок за крокам — то бок вы атрымаеце гэта, калі зробіце гэта, і таму падобнае. Не. Але я кажу, што мы ня можам супрацоўнічаць з краінай, якая, што тычыцца павагі да гэтых асноўных каштоўнасьцяў, ідзе ў супрацьлеглым ад нас кірунку.

Максімюк
: Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка сказаў у нядаўнім інтэрвію агенцтву Reuters, што Эўразьвяз ня выканаў таго, што нібыта паабяцаў яму перад далучэньнем Беларусі да Ўсходняга партнэрства. "Захад мяне кінуў", – сказаў прэзыдэнт Беларусі. Перад самітам Усходняга партнэрства ў Празе ў 2009 годзе ў Менск езьдзіў былы кіраўнік замежнай палітыкі Эўразьвязу Хавіер Саляна і былы камісар па зьнешніх сувязях Бэніта Фэрэра-Вальднэр. Я спрабаваў зь імі зьвязацца апошнім часам, каб нечага дазнацца пра гэтыя абяцаньні, але марна. Дык я пытаюся ў вас. Вы ня ведаеце, што Лукашэнка меў на ўвазе? Вам Саляна і Фэрэра-Вальднэр перад сыходам з Брусэлю нічога не перадавалі наконт іхніх абяцаньняў Лукашэнку?

Фюле: Не, нічога. Я быў бы зьдзіўлены, калі б перадавалі. У нас няма схаваных намераў у палітыцы адносна суседзяў. Наша палітыка — вельмі празрыстая і вельмі прадказальная.

Максімюк: Ці вы сапраўды лічыце, што Беларусь стала крыху больш незалежнай ад Расеі, калі далучылася да Ўсходняга партнэрства? Я нагадаю вам, што пасьля гэтага далучэньня Беларусь правяла на сваёй тэрыторыі вялікія вайсковыя манэўры з Расеяй і падпісала дамову аб Калектыўных сілах апэратыўнага рэагаваньня на эўразійскай прасторы. Ці ня думаеце, што гэтыя крокі сьведчаць хутчэй пра набліжэньне да Расеі, чым аддаленьне?

Фюле: Усходняе партнэрства не зьяўляецца прыладай для таго, каб адцягнуць краіны Ўсходняй Эўропы далей ад Масквы. Справа, як фармаваць свае адносіны з Масквою дзеля забесьпячэньня сваіх інтарэсаў, належыць да сувэрэнных рашэньняў нашых усходніх партнэраў. Усходняе партнэрства ня ставіць перад усходнімі суседзямі выбару — або Масква, або Брусэль. Зусім не. Усходняе партнэрства зьяўляецца структурай, у якой нават Расея магла б удзельнічаць у нейкай ступені з карысьцю для нашых усходніх партнэраў. Інакш кажучы, узровень удзелу краінаў ва Ўсходнім партнэрстве ня будзе ацэньвацца паводле ўзроўню іхніх адносінаў з Масквою. Насамрэч, Брусэль наймацней з усіх зацікаўлены ў тым, каб гэтыя краіны мелі добрыя адносіны з Масквою.

Максімюк: Вы калісьці якраз сказалі, што постсавецкія краіны не абавязаныя выбіраць паміж Усходам і Захадам. Я магу зразумець гэтае выказваньне ў дачыненьні да культурнага сваяцтва ці блізкасьці. Але я ня ўпэўнены, што гэта магчыма ў дачыненьні да палітычнай сфэры. Вы ж хочаце, каб Беларусь прыняла эўрапейскую мадэль дэмакратыі, а ня тую мадэль, якая цяпер існуе ў Расеі ці Казахстане, праўда? Ці вы маглі б патлумачыць, што вы мелі на ўвазе, кажучы, што такі выбар неабавязковы?

Фюле: Кажучы гэта, я хацеў падкрэсьліць, што разьвіцьцё адносінаў з Эўразьвязам не павінна адбывацца за кошт разьвіцьця адносінаў з Расеяй. Гэта ня значыць, што гэтыя краіны не павінны выбіраць сыстэмы каштоўнасьцяў Эўразьвязу, што яны не павінны супрацоўнічаць з намі, каб увесьці гэтыя каштоўнасьці ў сябе. Як я разумею, для некаторых расейская мадэль дэмакратыі не падаецца прывабнай. І мы працуем дзеля таго, каб гэтыя краіны ўвялі ў сябе эўрапейскую мадэль дэмакратыі, якая жыве ўжо даволі доўга, і не бяз посьпехаў.
XS
SM
MD
LG