Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра гэта піша вэнэсуэльскае выданьне "Analitica".

Аўтар публікацыі Хуліё Сэсар Борхэс Асорыё адзначае:

"Сумна глядзець на тое, як наш урад, той самы, які няспынна прасоўвае лёзунг: "Вэнэсуэла для ўсіх", называе суайчыньнікамі беларусаў, кубінцаў, кітайцаў, а вось цяпер і расейцаў, на шкоду тым, хто нарадзіўся і жыве на радзіме Сімона Балівара. Гэта плявок і зьнявага годнасьці вэнэсуэльскіх спэцыялістаў".

У сваім артыкуле журналіст распавядае пра тое, як у часе візыту ў Вэнэсуэлу сёлета ў красавіку расейскі прэм’ер Уладзімер Пуцін быў вельмі крануты жыльлёвай праблемай у Каракасе і паабяцаў свайму сябру Уга Чавэсу цягам двух тыдняў прыслаць у краіну адмысловую камісію, каб вывучыць гэтае пытаньне. Камісія прыбыла ў абяцаны тэрмін. У яе ўваходзіў мэр Масквы Юры Лужкоў.

Журналіст, аднак, нагадвае, што яшчэ два гады таму вэнэсуэльскі правадыр у прэзыдэнцкім пасланьні паведаміў свайму народу, што Каракас падпісаў адмысловыя пагадненьні аб паскораных тэмпах жыльлёвага будаўніцтва зь Беларусьсю, а таксама Кітаем, Кубай, Іранам.

"Цяпер, праз два гады, мы даведваемся, што гэтым пытаньнем займаюцца расейцы", піша Хуліё Сэсар Борхэс Асорыё і пытаецца: "А які ж лёс папярэдніх пагадненьняў? Расеі ў тым сьпісе не было, а цяпер яна раптам зьявілася. Можа, размова ідзе пра чарговыя абяцаньні, якія з часам застануцца нявыкананымі? Як вучыць статыстыка, менавіта так і будзе, а бяздомныя так і застануцца бяз даху над галавой".

Аўтар артыкула адзначае, што абяцаньні расейцаў вырашыць жыльлёвую праблему Каракаса, зразумела, маюць сваю цану. "Дружалюбныя і сардэчныя расейцы запатрабуюць за свае паслугі не адзін мільён даляраў". Да таго ж падпісаньне кантракту з расейцамі непазьбежна адаб’ецца на вэнэсуэльскіх архітэктарах і будаўніках, якія прафэсійна займаюцца гэтымі пытаньнямі. Аўтар не выключае, што такім чынам расейцы возьмуць у свае рукі тыя сфэры дзейнасьці, якія па праву належаць вэнэсуэльскім спэцыялістам.

"Някепска было б Пуціну і галоўнаму баліварыянцу таксама ведаць, што яшчэ болей, чым яны, жыльлёвай праблемай занепакоеныя тыя, у каго няма даху над галавой. Яны, ва ўсялякім разе, ня вераць ні ў абяцанкі Пуціна, ні ў афіцыйную хлусьню, якую чуюць цягам апошніх дзесяці гадоў", піша журналіст вэнэсуэльскага выданьня "Analitica".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG