Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцу Кацярыну Садоўскую выклікаюць у пракуратуру


Кацярына Садоўская

Кацярына Садоўская

Кацярыну Садоўскую запрасілі прыйсьці ў пракуратуру Ленінскага раёну 14 траўня на размову, пры гэтым тэму размовы не патлумачылі.

"Мяркую, гэта зьвязана з маім затрыманьнем каля Вярхоўнага суду, калі я патрабавала экспэртызы здароўя Аляксандра Лукашэнкі. Я сапраўды вельмі занепакоеная сытуацыяй ў краіне: па віне кіраўніцтва Беларусь можа канчаткова ператварыцца ў міжнароднага ізгоя, а гэта небясьпечна для ўсіх яе грамадзянаў", -- тлумачыць праваабаронца Садоўская.

6 траўня пасьля працэсу над Мікалаем Аўтуховічам каля ўваходу ў Вярхоўны суд грамадзяне наладзілі акцыю салідарнасьці з абвінавачанымі. Сярод тых, каго затрымала міліцыя, была праваабаронца Кацярына Садоўская, якая прыйшла да суду з плякатам з патрабаваньнем экспэртызы Аляксандра Лукашэнкі. У міліцэйскім пастарунку Кацярыне Садоўскай стала кеспка і яе адвезьлі ў шпіталь.

12 траўня Ленінскім судом Менска былі пакараныя штрафамі удзельнікі тых падзеяў Аляксандр Казулін, Алесь Макаеў, Зьміцер Дземідзенка і Уладзь Яроменка.

У 2006 годзе Кацярына Садоўская была асуджаная на 2 гады паводле артыкулу аб зьнявазе Аляксандра Лукашэнкі. Праваабаронца адбывала пакараньне ў Гомельскай жаночай калёніі і выйшла на волю датэрмінова.
XS
SM
MD
LG