Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другі дзень суду над Сяргеем Каваленкам


Сяргей Каваленка

Сяргей Каваленка

У Кастрычніцкім райсудзе Віцебску працягваецца разгляд крымінальнай справы віцебскага актывіста Сяргея Каваленкі, які 7-га студзеня вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на галоўнай гарадзкой навагодняй ёлцы.


21.00 Сяргей Каваленка скажа сваё апошняе слова ў судзе заўтра. Пасьля таго, як сёньня ўвечары падсуднаму стала кепска і да яго была выклікана хуткая дапамога, судзьдзя пагадзіўся на перанос на заўтра апошняга слова падсуднага.

20.40
Для Каваленкі выклікалі хуткую дапамогу ў суд

20.00 Абвінаваўца папрасіў для Сяргея Каваленкі тры гады хіміі.

17.00 Каваленка: “Не давяраю суду, які стаіць на баку міліцыянтаў”.

14.10
Сяргей Каваленка зноў запатрабаваў адхіліць ад удзелу ў працэсе абвінаваўцу Зьмітра Рудакова за тое, што ён не дазваляе задаваць пытаньні міліцыянтам наконт затрыманьня 7 студзеня. Актывіст спрабаваў давесьці, што міліцыянты яго зьбівалі. Судзьдзя на адвод пракурора не пагадзіўся.

12.25
Каваленка заявіў адвод суду — за тое, што дазваляе пацярпелым падказваць сьведкам адказы на свае пытаньні. І за тое, што ўсе яго пытаньні пра палітычны зьмест акцыі судом адхіляюцца. Адвод судом не прыняты, працэс працягваецца.

11. 51
У судзе выступаюць сьведкі — з прадпрыемства "Зеленбуд", якое патрабуе 62 тысячы рублёў за пашкоджаныя галінкі навагодняй ёлкі. І прадстаўнікі ўстановаў, падчас наладжанага якімі 7 студзеня канцэрту і зьявіўся сьцяг.

11.41
На патрабаваньне Каваленкі з залі суду выдалены чалавек у цывільным, які здымаў працэс на відэакамэру. Каваленка заявіў, што патрабуе выдаліць з залі аднаго з пацярпелых, падпалкоўніка міліцыі Іванова — за зьняважлівыя рэплікі і камэнтары. Судзьдзя абмежаваўся заўвагай міліцыянту.

11.27
Каваленка заявіў пра недавер да суду ў поўным складзе. Ён запатрабаваў адхіленьня судзьдзі, сакратара і абвінаваўцаў на той падставе, што яго хадайніцтвы не задавальняюць. Адвод суду ў поўным складзе адхілены.

11.18
Каваленка абвясьціў адвод абвінаваўцу Рудакову. Суд адвод адхіліў.

11.00 Суд не прыняў адвод судзьдзі. Пасяджэньне працягваецца. Судзьдзя Яўген Буруноў выдаліў з залі Тараса Сургана за тое, што ён даваў парады падсуднаму.Судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Яўген Буруноў абвясьціў, што будуць дапытаныя сьведкі.

Сяргеем Каваленка заявіў хадайніцтва, каб яго грамадзкімі прадстаўнікамі ў судзе прызналі жонку Алену Каваленку, брата Віталя Каваленку і сябра Тараса Сургана. Судзьдзя адхіліў хадайніцтва. Актывіст запатрабаваў адводу судзьдзі з прычыны таго, што лічыць стаўленьне да сябе перадузятым. У судзе аб'яўлены перапынак.



7 студзеня сябар КХП БНФ Сяргей Каваленка вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на галоўнай ёлцы Віцебску. За гэта яго вінавацяць у злосным хуліганстве. Яго таксама вінавацяць у тым, што ён аказаў супраціў міліцыянтам падчас затрыманьня. Паводле двух крымінальных артыкулаў Сяргею Каваленку пагражае да 5 год абмежаваньня волі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG