Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стартуе фэстываль беларускамоўнай рэклямы "Adnak!"


13 траўня пачынаецца першы фэстываль беларускамоўнай рэклямы i прамоцыi "Adnak!" Асноўныя мэты фэсту – сабраць усе рэклямныя працы на беларускай мове, зробленыя за апошнія тры гады, падвысіць цікавасьць прафэсійных удзельнікаў рэклямнага рынку і грамадзкасьці да гэтага сэгмэнту, вызначыць найбольш цікавыя працы і ўганараваць іх аўтараў.


Арганізатары конкурсу беларускамоўнай рэклямы і прамоцыі "Adnak!" – кампанія "Будзьма беларусамі!" і спэцыялізаваны інтэрнэт-рэсурс Marketing.by.

Распавядае каардынатар кампаніі "Будзьма" Севярын Квяткоўскі:

"Рэкляма, у прынцыпе, гэта частка культуры. Гэта і дызайн, і прамоўшн, гэта ня толькі тэхналёгіі, гэта творчасьць. І вельмі важна, каб ідэя беларуская ішла праз розныя рэтрансьлятары. Ёсьць такія прыклады, калі той жа "Samsung", сусьветны брэнд, які прынцыпова толькі па-беларуску рэклямуе. Мы вырашылі, што гэта вельмі важна і цікава і з творчага погляду, і з практычнага. Пакажам людзям, што, з аднаго боку, гэта такое мастацтва, якое ўплывае на нацыянальную сьвядомасьць. А зь іншага боку, мы пакажам, што гэта можа мець і практычнае значэньне – беларуская мова ў рэкляме. Што гэтым можна нават і зарабляць".

Як ацэньваюць беларускамоўны сэгмэнт самі рэклямныя кампаніі? Дырэктар рэклямнай агенцыі Publicis Hepta Belarus Аляксандар Васілевіч кажа:

"Такі даволі маленькі. Няшмат кампаніяў замаўляюць. Калі хто-небудзь прыходзіў і казаў "Хачу беларускамоўную рэкляму" – я такога не памятаю, дакладна. Гэта больш наша агенцыя прапаноўвае, чым нехта сам жадае зрабіць беларускамоўную рэкляму. Гэта, хутчэй, нейкае выключэньне".

Карэспандэнтка: "А вы пераконвалі кагосьці?"

"Канечне. Кампанію "Samsung" пераконвалі, кампанію "Renault" пераконвалі. У свой час быў ролік "Nestle" на беларускай мове".

Было нават дасьледаваньне, згодна зь якім пазнавальнасьць рэклямы павышалася працэнтаў на 30, калі выкарыстоўвалася беларуская мова ў рэкляме
Так, кава "Нэстлэ", жуйкі "Дырол", аўтамабілі "Рэно", "Самсунг", "Адзідас", кітайскія газонакасілкі – менавіта замежныя кампаніі часьцей выкарыстоўваюць беларускамоўную рэкляму. Зь беларускіх узгадваецца хіба што "Прышпільны мабільны", "Шпаркі дамавік" ды "Купляйце беларускае"... Хаця на тле вялікай плыні расейскамоўнай рэклямы на беларускую мову слухач, гледач адразу ж зьвяртае ўвагу. Пра гэта сьведчаць вынікі дасьледаваньняў, сьвярджае дырэктар рэклямнай агенцыі Publicis Hepta Belarus Аляксандар Васілевіч:

"Я мяркую, што так. У свой час, калі мы гэта прапанавалі для такіх кампаніяў, як "Samsung" ці "Renault", дык гэта зьвяртала ўвагу даволі моцна, на наш погляд. Было нават дасьледаваньне, згодна зь якім пазнавальнасьць рэклямы павышалася працэнтаў на 30, калі выкарыстоўвалася беларуская мова ў рэкляме".

Назавем некалькі намінацыяў конкурсу беларускамоўнай рэклямы і прамоцыі "Adnak!": тэлевізійная і кінарэкляма; друкаваная і вонкавая рэкляма; дызайн (паштоўкі, календары, лягатыпы, буклеты, фірмовы стыль); інтэрнэт-рэкляма (банэры, прома-сайты, інтэрактыўныя праекты) ; радыё- ці аўдыёрэкляма (ролікі для радыёэфіру, для эфіру ў гандлёвых цэнтрах).

Конкурсны адбор распачнецца 14 траўня.
XS
SM
MD
LG