Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За патрабаваньне альтэрнатыўнай службы — крымінальны перасьлед


Жонка Смыка Алена, сам Дзьмітры Смык, Віктар Адзіночанка, вернік Сяргей ля суду.

Жонка Смыка Алена, сам Дзьмітры Смык, Віктар Адзіночанка, вернік Сяргей ля суду.

Сёньня ў Цэнтральным судзе Гомелю адноўлены разгляд дзьвюх крымінальных спраў супраць верніка грамады «Сьведкі Еговы» Дзьмітрыя Смыка й актывіста стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Яўгена Якавенкі. Абодва яны абвінавачваюцца ва ўхіленьні ад вайсковай службы.


Суды адначасова пачаліся ў дзьвюх розных залях. Гэта ўжо паўторны разгляд спраў супраць маладых людзей, якія прасілі альтэрнатыўнай службы. Дзьмітры Смык — з рэлігійных перакананьняў, Яўген Якавенка — з прычыны адмовы ваенкамату камунікаваць зь ім на роднай беларускай мове й немагчымасьці служыць у беларускамоўным вайсковым падразьдзяленьні.

Гаворыць спадар Якавенка: «Мяне абвінавачваюць у тым, што я перашкодзіў мэдкамісіі вынесьці рашэньне наконт маёй прыдатнасьці да службы. Я не зьявіўся ў ваенкамат паводле позвы 20 студзеня. Позва мне фактычна выдадзена не была, і я не разумею, чаму супраць мяне завялі ажно крымінальную справу».

Яўген Якавенка
Нагадаю, што папярэдняя адміністрацыйная справа супраць Якавенкі рассыпалася. Савецкі раённы суд штрафаваў актывіста БХД за нібыта няяўку ў ваенкамат паводле позвы 29 сьнежня. Але абласны суд адмяніў пакараньне, бо насамрэч Яўген позву не атрымаў — ваенкамат ня здолеў чамусьці выпісаць прызыўніку позву на беларускай мове.

Пакуль актывіст адбіваўся ад адміністрацыйнай справы, ваенкамат ініцыяваў супраць яго крымінальную. Абвінавачваньне падтрымала пракуратура Цэнтральнага раёну. Гэтым разам — за няяўку на так званыя «мерапрыемствы прызыву» 20 студзеня, хаця, зноў жа, ваенкамат ня выпісаў Якавенку позву на беларускай мове. Гэта, па сутнасьці, пацьвердзіў на судзе й начальнік аддзелу прызыву, падпалкоўнік Алег Бурсевіч. Пры гэтым службоўцы ўсяляк падкрэсьліваюць, што, маўляў, Якавенка разумеў, калі яму трэба было прыйсьці ў ваенкамат, бо вышэйшую адукацыю ён атрымліваў ва ўнівэрсытэце транспарту, дзе навучаньне вядзецца на расейскай мове.

У Дзьмітрыя Смыка сытуацыя таксама нагадвае тэатар абсурду. Ён як малады бацька набожнай сям’і не адмаўляецца выканаць свой абавязак перад дзяржавай, але хоча гэта зрабіць на альтэрнатыўнай аснове — такое права яму гарантуе Канстытуцыя. Аднак супраць яго распачалі крымінальную справу, і суд Цэнтральнага раёну аштрафаваў верніка на 3,5 мільёна рублёў.

Паводле пратэсту Вярхоўнага суду прэзыдыюм Гомельскага абласнога суду вырак адмяніў і накіраваў справу на новы разгляд іншаму судзьдзі. Гэтым разам — Алене Цалковай.

Сьведка з боку адказчыка Сяргей Печкуроў пацьвердзіў сёньня на судзе, што Дзьмітры Смык шчыра трымаецца абавязаньняў, узятых на сябе перад Тварцом. Стаўленьне вернікаў да службы ў войску сьведка выказаў словамі са Сьвятога Пісаньня: хто ўзьняў меч, той ад мяча й загіне.

Падпалкоўнік Алег Бурсевіч выступіў сьведкам і на судзе супраць Смыка. Са слоў Бурсевіча, ваенкамат ведае пра рэлігійныя перакананьні прызыўніка яшчэ з 2007 году. Тады верніка не накіроўвалі ў войска, зыходзячы з маральна-псіхалягічных меркаваньняў — такое было ўказаньне генэральнага штабу Міністэрства абароны.

Летась ваеннае ведамства, ня маючы закону пра альтэрнатыўную службу, вырашыла накіроўваць нават і вернікаў у транспартныя войскі.

Выглядае, што гэта й спарадзіла канфлікт і крымінальны перасьлед прызыўніка.

Дзьмітры Смык у судзе.
Сам Дзьмітры Смык лічыць, што цяперашні разбор адрозьніваецца ад папярэдняга — раней ягоныя рэлігійныя перакананьні наагул ня браліся пад увагу:

«Судзьдзя сапраўды спрабуе разабрацца ў маёй пазыцыі, пазыцыі вайсковых ведамстваў. Мне даюць магчымасьць выказацца наконт сваіх рэлігійных перакананьняў. На папярэдніх судовых паседжаньнях было крыху інакш».

Назіральнік БХК на судзе, выкладчык рэлігіязнаўства ўнівэрсытэту імя Скарыны Віктар Адзіночанка лічыць, што крымінальны перасьлед прызыўнікоў — гэта вынік старых савецкіх падыходаў да новых рэаліяў:

«Дзяржава імкнецца дзейнічаць старымі савецкімі мэтадамі — шляхам забароны, рэпрэсіяў і г.д. Зараз гэтыя мэтады яўна ня дзейнічаюць.

Улады баяцца, што прыняцьцё закону пра альтэрнатыўную службу, які, дарэчы, нібыта рыхтуецца, прывядзе да таго, што шмат хто з маладых людзей пачне адмаўляцца ад службы ў войску. Баяцца стварыць прэцэдэнты! Баяцца, што гэта разбурыць абароназдольнасьць краіны. Гэта глупства! Наколькі вядома, толькі адзінкі адмаўляюцца служыць у войску з прычыны рэлігійных перакананьняў».

Апошняе паседжаньне суду супраць Яўгена Якавенкі прызначана на 19 траўня. Разгляд крымінальнай справы супраць Дзьмітра Смыка працягнецца 25 траўня.
XS
SM
MD
LG