Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забаўляць і рэклямаваць — можна, інфармаваць — не


Лілія Ананіч
Лілія Ананіч

Рэдактары трох недзяржаўных рэгіянальных газэт зь Віцебску, Салігорску і Наваполацку наведалі сёньня намесьніка міністра інфармацыі, каб высьветліць прычыну адмовы ў рэгістрацыі. Яны заяўляюць, што ў міністэрстве шукаюць зачэпкі, каб не рэгістраваць газэты. Паводле зьвестак БАЖ, цягам апошніх пяці гадоў з 12 выданьняў, якія падавалі дакумэнты на рэгістрацыю, было зарэгістравана толькі чатыры. Прычым у гэты сьпіс ня трапіла ніводная газэта грамадзка-палітычнай накіраванасьці.


Сяргей Балай тройчы спрабаваў зарэгістраваць наваполацкую газэту «Хімік. Два гарады». Сёньня ён наведаў намесьніцу міністра інфармацыі Лілію Ананіч. Разам зь ім былі заснавальнік віцебскай газэты «Наш дом» Вадзім Баршчэўскі, рэдактар газэты «Салігорск Плюс» Уладзімер Шыла і старшыня «Цэнтру прававой трансфармацыі» Алена Танкачова.

«Пазыцыя чыноўнікаў Міністэрства інфармацыі адназначна выглядае як нэгатыўная адносна самога факту таго, што мы зьбіраемся рэгістраваць менавіта грамадзка-палітычнае выданьне. У прыватных размовах яны кажуць: „Падавайце забаўляльныя, рэклямныя — і без праблемаў зарэгіструеце“.

Падавайце забаўляльныя, рэклямныя — і без праблемаў зарэгіструеце.
Калі размова пра грамадзка-палітычнае выданьне, то адразу сьцяна. Я спадзяюся, што пасьля нашага сумеснага паходу прынамсі будзе нейкая рэакцыя. Можна будзе зрабіць нейкія высновы: ці чакаць нам нейкай лібэралізацыі, ці будуць чыноўнікі думаць, што праблема паўстала. Калі прыйшло столькі людзей, калі будзе рэакцыя ў СМІ, то трэба будзе паглядзець, як яны адаб’юць мяч на наша поле», — сказаў Сяргей Балай.

Алена Танкачова таксама мела гутарку з намесьніцай міністра інфармацыі. Яна прапаноўвала наладзіць круглы стол, каб пачаць дыялёг рэдактараў з чыноўнікамі. Як паведаміла Алена, сп.Ананіч заявіла, што ня бачыць праблемаў з рэгістрацыяй рэгіянальнай прэсы.

Алена Танкачова пасьля размовы з чыноўніцай зрабіла выснову, што толькі сумесныя намаганьні журналістаў падвысяць шанцы рэгіянальных СМІ ў справе рэгістрацыі.

Заснавальнік газэты «Салігорск Плюс» Уладзімер Шыла: «Гэта палітычнае рашэньне. Мэта адна — не пускаць чужых у сфэру інфармацыі, бо гэтая сфэра вельмі адчувальная для дзяржавы. Гэта адзін з рэсурсаў, на якіх трымаецца ўлада.

Думаю, што пытаньне нават не ў палітычнай выбарчай кампаніі, а ў тым, што сыстэма нават ня можа ўявіць, што ў яе зьнікне манаполія на інфармацыю. Тут усё прадказальна».

Рэгіянальныя газэты цягам паўгода спрабавалі зарэгістравацца тройчы. Заснавальнік віцебскай газэты «Наш дом» Вадзім Баршчэўскі лічыць, што чыноўнікі кожны раз будуць знаходзіць розныя прычыны, каб не рэгістраваць газэту. Пры гэтым ён зазначыў, што апошнім часам пачала вастрэй адчувацца патрэба насельніцтва ў аб’ектыўнай інфармацыі.

У дзяржаўных цяпер толькі — усё так добра! А людзі ж бачаць, што ня ўсё добра.
«Людзі з задавальненьнем чытаюць гэтыя газэты, таму што яны даюць ня тое, што дзяржаўныя. У дзяржаўных цяпер толькі — усё так добра! А людзі ж бачаць, што ня ўсё добра. Нам прыйшоў ліст у рэдакцыю, там скардзяцца, што дурны помнік прыдумалі князёўне Вользе, ну, той, што скапіявалі з кіеўскай.

Шмат подпісаў там жыхароў гораду. Яны ўсюды накіроўвалі — у дзяржаўныя выданьні. Потым нам напісалі: „Ну, нідзе ж не друкуюць. Можа, вы хоць надрукуеце“. Мы зрабілі вытрымку і адказ карэспандэнта на гэта».

Міхаіл Пастухоў, які прысутнічаў на прэс-канфэрэнцыі, сказаў, што ў рэгіёнах засталося вельмі мала недзяржаўных інфармацыйных выданьняў, і на гэтым тле адмова ў рэгістрацыі яшчэ больш пагаршае становішча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG