Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт Сусьветнага банку пра газавую залежнасьць Беларусі ад Расеі


Дырэктар Дэпартамэнту ўстойлівага разьвіцьця Эўропы і Цэнтральнай Азіі Сусьветнага банку (СБ) Пітэр Томсан лічыць, што Беларусь у доўгатэрміновай пэрспэктыве ня зможа цалкам пазьбегнуць газавай залежнасьці ад Расеі.

"Беларусь ня зможа проста перастаць купляць расейскі газ. Але Беларусь імкнецца скараціць залежнасьць ад адной крыніцы энэргарэсурсаў хаця б да нейкай ступені", - сказаў П. Томсан ў сераду ў Менску, прадстаўляючы даклад СБ аб стане энэргетычнага сэктару ў рэгіёне Эўропы і Цэнтральнай Азіі.

Між тым, ён не выключае, што пастаўкі газу ў Беларусь могуць зьнізіцца ў доўгатэрміновай пэрспэктыве, калі Расея не забясьпечыць неабходны аб'ём інвэстыцый для падтрымкі ўзроўню газаздабычы. На яго думку, у якасьці кампраміснага варыянту ў гэтым выпадку варта адкрыць для Беларусі магчымасьць інвэставаць у распрацоўку газавых радовішчаў на тэрыторыі РФ. Для прадухіленьня пагрозы зьніжэньня транзыту і паставак газу ў Беларусь "ёй трэба разам з Расеяй інвэставаць у мэтавую распрацоўку радовішчаў".

У той жа час экспэрт упэўнены, што "Беларусь зьяўляецца надзейны імпартэрам газу, і Расея будзе ажыцьцяўляць пастаўкі ў далейшым". Ён нават не выключае, што ў выпадку скарачэньня здабычы газу ў Расіі магчымы варыянт скарачэньня ўнутранага спажываньня газу на карысьць забесьпячэньня экспартных паставак. Расея можа гэта зрабіць за кошт павелічэньня выкарыстаньня іншых відаў энэргарэсурсаў, у прыватнасьці, вугалю, мяркуе П. Томсан.
XS
SM
MD
LG