Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня генэральны сакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа раскрыў некаторыя дэталі саміту Арганізацыі, які адбыўся 8 траўня ў Маскве. Ён паведаміў, што кіраўнікі краінаў-сябраў АДКБ нават ня сталі разглядаць перададзены Аляксандрам Лукашэнкам зварот Курманбека Бакіева пра ўвядзеньне міратворчых сілаў у Кіргізстан.

Паводле Мікалая Бардзюжы, лідэры заявілі, што гэта ўнутраная справа Кіргізстану і разьвязваць сытуацыю там павінны ўласнымі сіламі. Аднак саміт падтрымаў прапанову А.Лукашэнкі адзначыць, што ўлада ў Кіргізстане зьмянілася неканстытуцыйным шляхам.

Камэнтуючы захады кіраўніка Беларусі падчас саміту АДКБ, кіраўнік апарату Часовага ўраду Кіргізстану Эдыль Байсалаў заявіў, што ініцыятыва А.Лукашэнкі і К.Бакіева не знайшла падтрымкі:

Эдыль Байсалаў
"На жаль, узурпатар Курманбек Бакіеў, ратуючыся ад гневу народу Кіргізстану, апынуўся цяпер цацкай у руках іншага кіраўніка —Лукашэнкі — які цяпер выкарыстоўвае яго ў нейкіх сваіх геапалітычных гульнях. Для іх Кіргізстан, народ Кіргізстану, лёс нашага народу мае трэцеступеннае значэньне. Разам з тым ініцыятыва Лукашэнкі і Бакіева не знайшла падтрымкі ва ўсіх астатніх кіраўнікоў краін АДКБ. І гэты факт падкрэсьлівае, што ўсе астатнія краіны з глыбокім разуменьнем адсочваюць разьвіцьцё сытуацыі ў Кіргізстане. Яны суперажываюць нашаму народу і жадаюць як мага хутчэйшага аднаўленьня канстытуцыйнасьці і законнасьці. Адзінае — гэта падтрымаць намаганьні Часовага ўраду па правядзеньні выбараў і фармаваньні канстытуцыйных легітымных органаў улады".

Новыя ўлады Кіргізстану намагаюцца злавіць былога прэзыдэнта Курманбека Бакіева, які абвінавачваецца ў забойствах і перавышэньні службовых паўнамоцтваў. Кіргіская Генпракуратура накіравала ў Менск запыт на яго экстрадыцыю. Генэральная пракуратура Беларусі пацьвердзіла атрыманьне запыту, аднак запатрабавала дадатковыя матэрыялы. Начальнік аддзелу інфармацыі Генпракуратуры Пётар Кісялёў сказаў, што запыт пакуль разглядаецца і што "гэта справа не аднаго дня". Кіргіскі бок спасылаецца на Кішынёўскую канвэнцыю СНД аб прававой дапамозе. Згодна зь ёй, пасьля атрыманьня запыту пракуратура павінна вызначыць месцазнаходжаньне Курманбека Бакіева і ўзяць яго пад варту. Паводле спадара Кісялёва, месцазнаходжаньне Курманбека Бакіева ўдакладнялася:
Пад варту ня бралі. Усё будзе зроблена так, як у канвэнцыі ...

"Пад варту ня бралі. Усё будзе зроблена так, як у канвэнцыі, але ня так хутка. Калі трэба будзе, будуць запатрабаваны дадатковыя дакумэнты, але якія, мы ніколі не камэнтуем".

Паводле Эдыля Байсалава, пытаньне экстрадыцыі Бакіева вельмі важнае для Кіргізстанe:
Зацікаўленасьць у тым, каб Беларусь не разгойдвала човен і не ішла на повадзе ў былых кіраўнікоў, якія страцілі ўладу ...

"Наша краіна рухаецца наперад па шляху дэмакратычных пераўтварэньняў. Вядома, мы хочам паўтарыць, што наш народ і наша дзяржава ніколі не супакояцца, пакуль крывавы дыктатар ня будзе прыцягнуты да адказнасьці. Але разам з тым мы разумеем сувэрэннае права беларускага кіраўніцтва. Мы паўтараем свой заклік да Беларусі, да нашага бліжэйшага саюзьніка, партнэра, братэрскага народу — не дапускаць таго, што яго тэрыторыя і гасьціннасьць выкарыстоўваюцца для дэстабілізацыі становішча ў нашай краіне і ва ўсім нашым рэгіёне. Бо пажар у Бішкеку абавязкова закране нашых іншых саюзьнікаў па АДКБ ці СНД. Таму гэтая наша рэгіянальная зацікаўленасьць у тым, каб Беларусь не разгойдвала човен і не ішла на повадзе ў былых кіраўнікоў, якія страцілі ўладу".

Паводле спадара Байсалава, пытаньні экстрадыцыі і прыцягненьня да адказнасьці будуць вырашацца згодна з нацыянальным і міжнародным правам.

"Крывавыя дыктатары, якія неправамерна прымянілі сілу, узброеную сілу, і вінаватыя ў масавым забойстве няўзброеных грамадзянаў, будуць прыцягвацца да адказнасьці. Мы ведаем, што Беларусь зьяўляецца сябрам-заснавальнікам ААН і рана ці позна выканае свае міжнародныя абавязаньні адносна дыктатара, які часова знайшоў прыстанак у Беларусі".

Камэнтуючы апошнія дзеяньні кіраўніка Беларусі, палітоляг Андрэй Фёдараў адзначыў, што пасьля саміту АДКБ у афіцыйнага Менску няма магчымасьцяў працягваць сваю ініцыятыву:

Андрэй Фёдараў
"Бо фармальна ўжо абмеркаваньне адбылося і прыйшлі да пэўнага выніку. Чаканьні былі іншыя, што АДКБ можа вярнуць статус-кво. Заява наконт таго, што гэта ўнутраная справа, выключае магчымасьць умяшаньня АДКБ у падзеі ў Кіргізстане бліжэйшым часам. Беларускае кіраўніцтва дзейнічала пасьлядоўна і паспрабавала працягнуць лінію, што Бакіеў ёсьць легітымным прэзыдэнтам і трэба неяк АДКБ умяшацца. Яны нарэшце сабраліся. Лукашэнка паспрабаваў гэтую ідэю высунуць і атрымаць падтрымку. Але, як і трэба было чакаць, гэтага не адбылося".



Курманбек Бакіеў знаходзіцца ў Беларусі ад 19 красавіка. 4 траўня кіраўніца часовага ўраду Кіргізстану Роза Атунбаева падпісала дэкрэт адносна пазбаўленьня яго прэзыдэнцкай недатыкальнасьці. У той жа дзень беларускі кіраўнік Аляксандар Лукашэнка сказаў, што не зьбіраецца выдаваць Бакіева новым кіргіскім уладам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG