Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенцы баяцца падпісвацца за вуліцу Васіля Быкава?


Дом (справа) на вуліцы Парыскай камуны ў Горадні, дзе жыў Васіль Быкаў

Дом (справа) на вуліцы Парыскай камуны ў Горадні, дзе жыў Васіль Быкаў

Валянтэры кампаніі "Гавары праўду!" пачалі ў Горадні збор подпісаў, каб надаць імя Васіля Быкава вуліцы Парыскай камуны, на якой калісьці жыў пісьменьнік.

Гэта ўжо ня першая грамадзкая ініцыятыва за ўвекавечаньне прозьвішча Васіля Быкава ў горадзе, дзе ён пражыў амаль чвэрць стагодзьдзя і напісаў свае вядомыя творы. Якія могуць быць шанцы, што цяперашняя кампанія скончыцца ўдала?

Адной зь першых падлучылася да збору подпісаў у Горадні Ганна Шарэнда, якая цікавіцца краязнаўствам. Наколькі ахвотна ставілі гарадзенцы свае подпісы?
людзі ня супраць зьмены вуліцы Парыскай камуны на вуліцу імя Васіля Быкава...

"Як паказаў досьвед, людзі ня супраць зьмены вуліцы Парыскай камуны на вуліцу імя Васіля Быкава, толькі што баяцца — пішуць звычайна толькі сваё імя, горад, дзе яны жывуць, і ставяць подпіс. Астатнія таксама нібыта ня супраць, але сьцьвярджаюць, што ў нас будуецца многа новых мікрараёнаў — і хай там, маўляў, вуліца носіць яго імя, гэтага пісьменьніка".

Журналіст, краязнаўца Ўладзімір Хільмановіч мае досьвед збору подпісаў за пераназваньне гарадзенскіх вуліц: улады нэгатыўна ставяцца да такіх грамадзкіх ініцыятываў. Наколькі аптымістычна выглядае цяперашняя кампанія?
ён і пасьля сьмерці ня стаў іхнім і ніколі ня стане ...

"Я мяркую, што справа гэтая патрэбная і высакародная. Але калі рэальна ацэньваць сытуацыю, то сёньня, безумоўна, ніякіх шанцаў зьмены назваў вуліц, савецкіх тым больш, няма. Улада не мяняе свайго стаўленьня да беларускіх нацыянальных каштоўнасьцяў, да выдатных дзеячаў. Тое ж самае можна сказаць і пра Быкава: ён і пасьля сьмерці ня стаў іхнім і ніколі ня стане. Уся сутнасьць гэтай улады супярэчыць беларускасьці, нашаму нацыянальнаму адраджэньню".

Але Ўладзімір Хільмановіч цэніць кожную грамадзкую ініцыятыву ў гэтым кірунку:

"Тым ня менш тое, што гэтае пытаньне ўздымаюць грамадзкія актывісты, гэта вельмі важна, паколькі адбываецца пэўнае ўзьдзеяньне на грамадзкую думку. І ня трэба забывацца: "кропля точыць камень", калісьці нашыя вуліцы атрымаюць імёны выдатных беларускіх дзеячаў, якія жылі ў Горадні, якія тварылі тут і ўнесьлі важкі ўнёсак у нашую нацыянальную культурную спадчыну".

Адзін з валянтэраў кампаніі "Гавары праўду!" — Ігар Ламека. Ці можна спадзявацца на посьпех, калі ўлады толькі што не пагадзіліся пераназваць вуліцу Горкага ў вуліцу пісьменьніка Аляксея Карпюка?
Праблема ў тым, што людзі проста баяцца ставіць свае подпісы, пісаць свой адрас ...

"Праблема ў тым, што людзі проста баяцца ставіць свае подпісы, пісаць свой адрас. Але гэтая ініцыятыва па наданьні вуліцы Парыскай камуны імя Васіля Быкава, яна для жыхароў нашага гораду, я лічу, слушная і будзе падтрымана. Вуліца Парыскай камуны — гэта ня вуліца Максіма Горкага, што датычыць велічыні. Улады ж перш спасылаюцца, што трэба шмат сродкаў для перайменаваньня".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG