Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада па правах чалавека ААН разгледзіць сытуацыю ў Беларусі


Сёньня ў Жэнэве Рада па правах чалавека ААН распачынае працэдуру ўнівэрсальнага пэрыядычнага агляду становішча з правамі чалавека ў розных краінах. Справаздачу пра становішча ў Беларусі падрыхтавалі ўрадавыя структуры і беларускія праваабаронцы.


У падрыхтоўцы дакладу удзельнічалі праваабарончая арганізацыя «Вясна», Беларускі Хэльсынскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Асамблея няўрадавых арганізацый і іншыя структуры.

Беларускія праваабаронцы засьведчылі парушэньні правоў чалавека паводле 15 пунктаў: свабода СМІ, незалежнасьць судовай сыстэмы, дзейнасьць няўрадавых арганізацыяў і многіх іншых, кажа адзін са складальнікаў дакумэнту, прадстаўнік Асамблеі няўрадавых арганізацый Юры Чавусаў:

"Мы былі вельмі усьцешаныя той магчымасьцю, якую дае вось гэты мэханізм унівэрсальнага пэрыядычнага агляду, каб данесьці сваю думку на міжнародным узроўні адносна стану свабоды ў Беларусі. Сама гэтая працэдура – яна для нас каштоўная і тым, што дае магчымасьць паглядзець – а дзяржава што будзе рабіць? Дзяржаве трэба будзе адказаць на пытаньні, зададзеныя ў ААН адносна артыкулу 193.1, адносна свабоды СМІ і гэтак далей. Паглядзім, якая будзе рэакцыя улады на гэтыя элемэнты унівэрсальнага пэрыядычнага агляду".

Унівэрсальным пэрыядычны агляд, які ладзіць Рада ААН па правах чалавека – гэта справаздача 192 краін-чальцоў ААН пра тое, як выконваюцца міжнародныя нормы у галіне абароны правоў чалавека.

Беларусь такі агляд праходзіць упершыню. Цягам апошніх дзесяці гадоў афіцыйныя ўлады адмаўляліся супрацоўнічаць з праваабарончымі структурамі ААН.

Сёлета афіцыйны Менск падрыхтаваў сваю справаздачу, зьмест якой істотна адрозьніваецца ад агляду праваабаронцаў, кажа старшыня БХК Алег Гулак:

"Я быў зьдзіўлены, па праўдзе кажучы, што гэты агляд не адпавядае сучасным падыходам да гэтай праблематыкі. Я чакаў, што усё ж такі дзяржава падымецца на той узровень, каб хоць адносна адэкватна гаварыць пра праблемы, якія існуюць. Бо рабіць выгляд, што ў нас увогуле праблем не існуе, то гэта занадта не сур'ёзна.

Галоўнае нават ня тое, у якім становішчы краіна знаходзіцца зараз, галоўнае, каб краіна хацела гэтыя праблемы выпраўляць. І пакуль у нас няма дакладнага разуменьня таго, што мы гэта пабачым".

Рэкамэндацыі, як палепшыць становішча з правамі чалавека ў Беларусі для уладаў і міжнародных праваабарончых структураў беларускія праваабаронцы занатавалі ў дакумэнце. Ён утрымлівае 52 пункты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG