Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.


ПАХМУРНА...


...і з дажджом, але цёпла: 10 — 18 С.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


Прэзэнтацыя спэцпраекту часопісу “ARCHE”, які называецца “Хронікі і летапісы Беларусі: Сярэднявечча і раньнемадэрны час”, з удзелам укладальніка Васіля Вароніна і рэдактара Валера Булгакава адбудзецца ў Наваполацку. Творчае мерапрыемства распачнецца а 17-й у памяшканьні бібліятэкі імя Якуба Коласа. Бібліятэка знаходзіцца па адрасе: вул. Маладзёжная, 104.

У сядзібе Партыі БНФ (пр. Машэрава, 8) адбудзецца прэзэнтацыя кнігі вершаў “Мы марылі дома спаткацца” Надзеі Дземідовіч, адной з найстарэйшых удзельніц беларускага руху, зьняволенай ГУЛАГу. Пачатак а 18.00.

ТАМ ДЗЕ НАС НЯМА:


У Канах пачынаецца Канскі кінафэстываль – самая прэстыжная імпрэза такога тыпу ў сьвеце. Закончыцца 23 траўня.

Папа Бэнэдыкт ХVI у Партугаліі.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


У 1364 заснавана Ягелонскі ўнівэрсытэт у Кракаве.

У 1864 на загад генэрал-губэрнатара Мураўёва ў Жалудку быў расстраляны вікары мясцовага касьцёлу Станіслаў Ішора. 24-гадоваму Ішору закідалася чытаньне ў касьцёле паўстанцкага маніфэсту і прывядзеньне да прысягі асобаў, які накіроўваліся ў партызанскія аддзелы. У Беларусі дагасала паўстаньне Каліноўскага, і ўсіх падазроных каралі асабліва жорстка – без суду і сьледзтва.

У 1921 беларускі філёзаф Ігнат Канчэўскі ставіць кропку ў галоўнай працы свайго жыцьця – дасьледзінах беларускага сьветагляду “Адвечным шляхам”, у якой найлепшым чынам акрэсьлена месца беларусаў сярод іншых народаў і на шляхах сусьветнай геапалітыкі. Гэтая праца неўзабаве зьявіцца асобнай кніжкай пад псэўданімам Ігнат Абдзіраловіч. А яшчэ менш чым праз два гады аўтар памрэ ад сухотаў у віленскім шпіталі.

У 1935 памер польскі дзяржаўны дзяяч і дыктатар Юзаф Пілсудзкі, якому палякі галоўным чынам ўдзячныя за адраджэньне незалежнай Польшчы ў 1918 пасьля 123 гадоў расейска-нямецка-аўстрыйскай няволі.

ЁСЬЦЬ НАГОДА:


Сусьветны дзень мэдсястры. Дата прымеркаваная да дня нараджэньня Флорэнс Найтынгейл (1820-1910), найбольш вядомай мэдсястры сьвету.

МІНУС 365:


Год таму на сайце "Свабоды": "Асуджаныя ў "працэсе 14-ці" прызнаныя вязьнямі сумленьня".

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


"Хто ня быў бунтаром у маладосьці, той будзе сьвіньнёю пад старасьць" — Юзаф Пілсудзкі.
XS
SM
MD
LG