Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аляксандар Лукашэнка падпісаў загад пра стварэньне аргкамітэту па падрыхтоўцы чарговага Ўсебеларускага сходу. Лукашэнка даручыў кіраўніку Адміністрацыі Ўладзіміру Макею і прэм’ер міністру Сяргей Сідорскаму да 1 ліпеня 2010 года падрыхтаваць прапановы па даце правядзеньня сходу і колькасьці яго ўдзельнікаў. Для чаго Лукашэнка праводзіць Усебеларускія Сходы, што яны азначаюць у цяперашняй палітычнай сыстэме Беларусі? Ці можна меркаваць, на якую дату будуць прызначаныя прэзыдэнцкія выбары? На гэтыя пытаньні адказвае шэф-рэдактар часопіса «Архэ» Валер Булгакаў.


Цыганкоў: Навошта Лукашэнку патрэбны Ўсебеларускі Сход? Якая функцыя надаецца гэтаму мерапрыемству, чаму безь яго не пачынаецца ніводная прэзыдэнцкая кампанія?

Булгакаў: Безумоўна, варта адзначыць функцыю мабілізацыі дзяржаўнага апарату. Беларускім грамадзянам актыўна ўводзіцца ў вушы, што дзяржаўны апарат працуе зладжана, кампэтэнтна і бяз збояў. Але на самой справе гэта далёка ня так — на месцах пануе карупцыя, адсутнасьць дысьцыпліны і ўвогуле дэмаралізацыя, якая цяпер фактычна тычыцца ўсіх структураў улады.

Таму такое мерапрыемства пакліканае даць новы імпульс, сыгнал дзяржаўнаму апарату, перш за ўсё — вэртыкалі. Сыгнал пра тое, што неўзабаве надыходзіць ключавая для пяцігадовага палітычнага цыклю кампанія, таму трэба напружыцца, каб надзейна забясьпечыць патрэбны вынік.
Дзейны рэжым успрымае выбары фактычна як паўвайсковую спэцапэрацыю.

Цыганкоў: У распараджэньні Лукашэнкі сказана, што прэзыдэнт Беларусі даручае кіраўніку Адміністрацыі Уладзіміру Макею і прэм’ер міністру Сяргей Сідорскаму да 1 ліпеня 2010 года падрыхтаваць прапановы па даце правядзеньня сходу і колькасьці яго ўдзельнікаў. Сыходзячы з гэтага, ці можна меркаваць, калі пасьля правядзеньня Сходу пачнецца прэзыдэнцкая кампанія?

Булгакаў: Мяркую, што дата выбараў будзе знаходзіцца не пазьней чым праз 6 месяцаў ад даты правядзеньня Сходу. Як і мінулыя разы, Лукашэнка будзе выкарыстоўваць нестандартныя, нетрывіяльныя сюжэты. Першае, што прыходзіць у галаву — гэта зьмяненьне даты выбараў, каб патэнцыйныя апанэнты ня здолелі мабілізавацца для правядзеньня паўнавартаснай кампаніі. Таму гэтая выбарчая кампанія будзе несьці з сабой шмат якія неспадзяванкі, спробы напусканьня туману, «маскіроўкі».

Дзейны рэжым успрымае выбары фактычна як паўвайсковую спэцапэрацыю. Таму грамадзянская супольнасьць мусіць быць гатовая да ўсяго.


  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG