Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сяргей Маркаў: “Натаўскае лобі зьвіло гняздо непадалёк ад А.Лукашэнкі”


Сяргей Маркаў

Сяргей Маркаў

Расейскі дэпутат Сяргей Маркаў заявіў, што кіраўніка Беларусі ўвяло ў зман натаўскае лобі. Нагадаем, 29 красавіка Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы прыняла рэзалюцыю па Беларусі, у якой пастанавіла замарозіць кантакты з парлямэнтам і ўрадам Беларусі, але выказала гатовасьць вярнуцца да дыялёгу ў адказ на будучыя пазытыўныя крокі афіцыйнага Менску.


У цэнтры чарговага беларуска-расейскага скандалу апынуўся дэпутат Дзярждумы Расеі Сяргей Маркаў. Аляксандар Лукашэнка нават паскардзіўся на яго расейскаму прэзыдэнту Дзьмітрыю Мядзьведзеву падчас візыту ў Маскву 8 траўня. Маўляў, Сяргей Маркаў падчас прыняцьця рэзалюцыі па Беларусі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы “прагаласаваў супраць Беларусі”. Паводле А.Лукашэнкі, для Мядзьведзева “гэта было нечаканасьцю, і ён сказаў, што разьбярэцца”. Ацэньваючы пазыцыю С.Маркава, кіраўнік Беларусі адзначыў, што тут расейскаму боку “трэ было ўставіць шпільку”, але “ня трэба выходзіць на міжнародную арэну і выносіць з хаты сьмецьце”.

Нагадаем, падчас выступу на сэсіі ПАРЭ Сяргей Маркаў назваў дыялёг зь Беларусьсю “вельмі цяжкім”. Ён між іншым заявіў:

“Сапраўды мы бачым нэгатыўнае разьвіцьцё Беларусі апошнім часам. Сапраўды мы абураныя сьмяротнымі пакараньнямі, прымененымі адносна людзей. Мы мяркуем, што мясцовыя выбары прайшлі зь вельмі маленькай канкурэнцыяй і безь міжнародных назіральнікаў. І мы тут параілі б Беларусі павучыцца ў сучаснай Украіны, якая правяла цудоўныя выбары з рэкорднай колькасьцю назіральнікаў. Мы таксама сур'ёзна заклапочаныя тым, што ажыцьцяўляюцца перашкоды для распаўсюджваньня расейскіх мэдыяў у Беларусі. І гэта, безумоўна, абмежаваньне свабоды слова. Плюс нас турбуе сытуацыя з польскай меншасьцю, якой павінны быць прадстаўлены палітычныя правы, каб быць рэалізаванымі”.

Нягледзячы на гэтыя свае словы, камэнтуючы рэакцыю кіраўніка Беларусі, Сяргей Маркаў сказаў, што А.Лукашэнку ўвялі ў зман:
Гэта тое натаўскае лобі, якое зьвіло сабе гняздо ў найвышэйшых эшалёнах беларускай улады і спрабуе пасварыць яго з Расеяй...


“Яму не далі поўнай інфармацыі, а можа нават падманулі. Магчыма, яму далі толькі раздрукоўку выступу і не сказалі пра тое, што я выступаў ад імя групы эўрапейскіх дэмакратаў, якія найперш уключаюць брытанскіх кансэрватараў, турэцкую партыю Ардагана, дэпутатаў парлямэнту Польшчы, Чэхіі, Фінляндыі, Ірляндыі, Італіі, Францыі і дэпутатаў “Адзінай Расеі”, якія складаюць безумоўную меншасьць. І ад імя гэтай групы крытыкаваў”.

С.Маркаў заяўляе, што разам з тым яму ўсё ж “удалося падкрэсьліць пазытыў у беларусаў і абараніць Беларусь ад нападак ПАРЭ”. Маўляў, беларускія дыпляматы нават падышлі і падзякавалі яму за гэта:

“Калі Аляксандар Рыгоравіч скардзіўся на мяне Мядзьведзеву, то яго, хутчэй за ўсё, увялі ў зман. Прозьвішчаў ня ведаю, відаць, гэта тое натаўскае лобі, якое зьвіло сабе гняздо ў найвышэйшых эшалёнах беларускай улады, непадалёк ад Аляксандра Лукашэнкі, і спрабуе пасварыць яго з Расеяй і ў прыватнасьці са мной”.

Дзіўна, што Сяргей Маркаў ня памятае, як ён галасаваў аб рэзалюцыі па Беларусі, у якой ПАРЭ заклікала абмежаваць кантакты на высокім узроўні з афіцыйным Менскам.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька, які браў удзел у гэтай сэсіі ПАРЭ, адзначыў, што заявы кіраўніка краіны сьведчаць пра тое, што крызіс у беларуска-расейскіх стасунках працягваецца і гэта вельмі турбуе А.Лукашэнку:
Усё гэта было санкцыянавана Крамлём. Гледзячы на рэакцыю Лукашэнкі, расейцы дасягнулі сваёй мэты...


“Усё гэта было санкцыянавана Крамлём. “Адзіная Расея” – гэта крамлёўская партыя, і там ніякіх выпадковасьцяў быць ня можа. І калі Маркаў дамогся, каб ён быў сьпікерам ад эўрапейскіх дэмакратаў (кансэрватараў), то для гэтага трэба было прыкласьці пэўныя намаганьні. Ён ведаў, што пазыцыя кансэрватараў па беларускім пытаньні ня будзе мяккай, што яна будзе рэзкай і сьпікер ня проста выкладае сваю пазыцыю, а акумулюе пазыцыю ўсёй фракцыі. Гэта было зроблена мэтанакіравана і, гледзячы на рэакцыю Лукашэнкі, тут расейцы дасягнулі сваёй мэты”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG