Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саветы ачольваюць вэртыкальнікі


Сёньня адбылася першая сэсія Гомельскага гарадзкога савету XXVI скліканьня, якая разгледзела арганізацыйныя пытаньні. Новым старшынём гарсавету абраны 55-гадовы Іван Барадзінчык — да гэтага часу ён 9 гадоў працаваў кіраўніком адміністрацыі Цэнтральнага раёну. Па прафэсіі спадар Барадзінчык — будаўнік. Раней займаў пасаду намесьніка старшыні гарвыканкаму ў пытаньнях будаўніцтва.


Беспартыйны Барадзінчык абіраўся ў Гагарынскай акрузе № 34 на безальтэрнатыўнай аснове. Прадстаўніца АГП, якая вылучалася ў гэтай акрузе, адмовілася ад удзелу ў выбарах у сувязі зь неўключэньнем у склад участковых выбарчых камісіяў прадстаўнікоў дэмсілаў.

Зьмяніўся пасьля выбараў і кіраўнік абласнога савету. Нядаўні старшыня Валер Сяліцкі, які працаваў на пасадзе паўтара дзесяцігодзьдзя, падаў у адстаўку, захаваўшы, аднак, за сабою мандат дэпутата. Цяпер аблсавет ачоліла былая начальніца ўправы адукацыі аблвыканкаму, выпускніца політэхнічнага інстытуту Марына Бондар.

У сваёй першай публічнай заяве спадарыня Бондар адзначыла, што «дэпутаты павінны будаваць сваю працу ва ўзаемадзеяньні з органамі выканаўчай улады». У абласным савеце новага скліканьня 93 адсоткі дэпутатаў — гэта кіраўнікі розных узроўняў.
XS
SM
MD
LG