Лінкі ўнівэрсальнага доступу

... а таксама: Выбары скончыліся – выбары пачаліся: ці магчымы адзіны кандыдат ад разьяднанай апазыцыі? Гэтыя тэмы – у чарговым “Тыдні з Радыё Свабода”, які вядзе дырэктар беларускай службы нашага радыё Аляксандар Лукашук. У перадачы ўдзельнічаюць аналітыкі Юры Дракахруст, Ян Максімюк і Дзяніс Мельянцоў.



Лукашук: На працягу году назіральнікі і экспэрты ўжо ня раз абвяшчалі, што прэзыдэнцкая выбарчая кампанія фактычна пачалася. Але на мінулым тыдні яна, здаецца, і сапраўды пачалася: пра свой удзел у прэзыдэнцкіх выбарах абвясьціў самы рэйтынгавы, пасьля дзейнага прэзыдэнта, беларускі палітык, адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў на мінулых выбарах, лідэр “Руху за Свабоду” і нефармальны лідэр Незалежніцкага блёку – Аляксандар Мілінкевіч.

Абвясьціў пра свой удзел і прэзэнтацыю эскізу сваёй перадвыбарчай праграмы Мілінкевіч зрабіў на вялікім сходзе з удзелам палітыкаў, журналістаў і дыпляматаў у адным з найлепшых гатэляў сталіцы з сымбалічнай назвай “Эўропа”.

Ян, чым тое, што прапануе, да чаго заклікае Аляксандар Мілінкевіч, адрозьніваецца ад ягонай праграмы адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў узору 2006 году?

Максімюк: Мілінкевіча на выбарах 2006 году скоўвалі ўсё ж абставіны – ён быў адзіным кандыдатам ня толькі ад БНФ, але і камуністаў. Ягоныя авансы ў бок аб’яднанай Эўропы тады былі вельмі нясьмелыя. Моцная эўрапейская нота ў ягоным голасе загучала ўжо пасьля выбараў, калі ён стаў тварыць рух “За Свабоду”. Цяпер гэтая нота будзе ў ягонай кампаніі дамінантнай.

І разам з тым – мы вельмі часта пачуем ад Мілінкевіча выразныя авансы ў бок Масквы. Трэба лавіць момант, калі Крэмль зазлаваў на Лукашэнку за ягонае ўмяшаньне ў працаўладкаваньне прэзыдэнтаў на эўраазійскай прасторы. Мілінкевіч – што б ні казалі пра ягоныя магчымасьці мабілізаваць палітычных прыхільнікаў і электарат – вельмі разважлівы палітык што да выбару палітычнай рыторыкі і збалянсаваньня гэтых двух праклятых вэктараў беларускага лёсу: усходняга і заходняга.

Лукашук: Мілінкевіч быў далёка ня першы, хто абвясьціў пра свой намер удзельнічаць у наступных прэзыдэнцкіх выбарах. Раней такія самыя намеры выказалі Мікола Статкевіч, Алесь Міхалевіч, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саньнікаў, намёкі на магчымасьць свайго вылучэньня рабілі былы кіраўнік БНФ Лявон Баршчэўскі, кіраўнікі АГП Анатоль Лябедзька і Яраслаў Раманчук, лідэр партыі “Справядлівы сьвет” – былых камуністаў – Сяргей Калякін. У сувязі з гэтым, Юры, як было сустрэтае абвяшчэньне Мілінкевіча, ці можа ён спадзявацца на падтрымку хаця б сваіх ідэалягічных аднадумцаў зь Беларускага незалежніцкага блёку?

Дракахруст: Спадзявацца можа, ці атрымае – пытаньне. У самай уплывовай палітычнай сіле, якая падтрымлівае Мілінкевіча, у Партыі БНФ – чарговы канфлікт. 23 уплывовыя сябры партыі распаўсюдзілі зварот, у якім заявілі пра ідэйна-палітычны раскол унутры партыі і пра ўнутрыпартыйны крызіс. Сярод аўтараў звароту — Лявон Баршчэўскі, Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч, Вацлаў Арэшка, Юры Хадыка...

Аўтары звароту скрытыкавалі цяперашняе партыйнае кіраўніцтва, сьцьвярджаючы, што пасьля зьезду 5 верасьня 2009 году Партыя БНФ паступова сыходзіць з палітычнага жыцьця Беларусі. 29 – 30 траўня пройдзе нечарговы зьезд, на якім Партыя БНФ вызначыць свайго кандыдата ў прэзыдэнты. Галоўная спрэчка вядзецца адносна працэдуры вылучэньня дэлегатаў на зьезд. Кіраўніцтва БНФ вырашыла даць вялікую квоту кандыдатам у дэпутаты на сёлетніх мясцовых выбарах. Аўтары ліста лічаць такую схему несправядлівай і антыстатутнай. Дзейны лідэр партыі Аляксей Янукевіч адкідае абвінавачаньні: ён, у прыватнасьці, мяркуе, што працэдура вылучэньня дэлегатаў на зьезд адпавядае статуту, што яна “дэмакратычная і прадстаўніцтва будзе найбольшае за ўсе папярэднія гады”.

Лукашук: Канфлікт у БНФ тлеў зь мінулага зьезду, і цяпер, у сувязі з набліжэньнем прэзыдэнцкай кампаніі, выплюхнуўся на паверхню.
Юры, на вашу думку, як ён вырашыцца?

Дракахруст: Я мяркую, што старая гвардыя БНФ паспрабуе ўзяць рэванш за паразу на леташнім зьезьдзе. Так выглядае, што зараз канфлікт будзе мець пэрсанальнае ўвасабленьне – каго падтрымае партыя на прэзыдэнцкіх выбарах: Аляксандра Мілінкевіча ці Лявона Баршчэўскага.

Пасьля паразы на мінулым зьезьдзе вэтэраны з кіраўніцтва партыі засталіся ў яе шэрагах, але ня выключана, што любы вынік, любы выбар, зроблены на нечарговым зьезьдзе, можа прывесьці і да юрыдычнага расколу партыі.

Калі зьезд зробіць выбар на карысьць Баршчэўскага, што ўяўляецца малаімаверным, але магчымым, то Мілінкевіч страціць ільвіную долю сваёй арганізаванай падтрымкі. У адваротным выпадку ня страціць, але такі канфлікт на зьезьдзе БНФ наўрад ці пойдзе на карысьць ягонаму вобразу кандыдата ў прэзыдэнты.

Гледзячы больш шырока, можна заўважыць цікавую рэч. Летась выхад шэрагу партыяў і арганізацыяў са складу Аб’яднаных дэмакратычных сілаў і ўтварэньне БНБ тлумачылася імкненьнем захаваць ідэалягічную чысьціню, стварыць саюз сапраўдных аднадумцаў. Але, як бачым, і сярод аднадумцаў і нават аднапартыйцаў віруюць такія ж сваркі, якія раней віравалі паміж палітыкамі розных ідэалягічных перакананьняў. Раней была адна пляцоўка сварак, цяпер іх стала дзьве.

Лукашук: Яшчэ адзін канфлікт у лягеры Беларускага незалежніцкага блёку – Павал Севярынец пакрыўдаваў на Аляксандра Мілінкевіча. Ён сказаў нават, што БХД можа паставіць пытаньне аб выключэньні “Руху за Свабоду” з БНБ.

Ян, у чым прычына гэтага канфлікту? І ваш прагноз – чым ён можа скончыцца?

Максімюк: Выказваньні Аляксандра Мілінкевіча на прэзэнтацыі перадвыбарчай праграмы выклікалі рэзкую рэакцыю паплечнікаў у Беларускім незалежніцкім блёку. У прыватнасьці, абурыліся стваральнікі партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”.

Прэзэнтуючы 3 траўня свой намер удзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі, Мілінкевіч адзначыў, што ў БНБ ёсьць сур'ёзныя дыскусіі. Па яго словах, БХД апошнім часам кажа, што Беларусі ня трэба ісьці ў Эўропу, бо там ня вельмі добра з маральнымі каштоўнасьцямі, і што нам трэба быць нэўтральнай краінай.

Сустаршыня аргкамітэту для стварэньня БХД Павал Севярынец адзначыў, што гэтая заява не адпавядае праўдзе. Ён падкрэсьліў, што далучэньне Беларусі да Эўразьвязу прадугледжанае праграмай БХД. Акрамя таго, нядаўна БХД падала заяўку на ўступленьне ў Эўрапейскую народную партыю.

Севярынец патрабуе, каб Мілінкевіч публічна абверг свае словы. У іншым разе рэакцыя аргкамітэту БХД можа быць больш жорсткая. Севярынец заявіў: “Мы можам паставіць пытаньне пра выключэньне руху “За Свабоду” зь Беларускага незалежніцкага блёку”.

На думку Севярынца, выказваньне Мілінкевіча выклікана тым, што той баіцца прайграць праймэрыз БНБ па выбарах адзінага кандыдата ў прэзыдэнты кандыдату ад БХД Віталю Рымашэўскаму. Паводле Севярынца, аргкамітэт БХД у гэтым сэнсе мае большыя магчымасьці, чым рух “За Свабоду”. Гэты канфлікт можа прывесьці да яшчэ большага драбненьня апазыцыйнага руху і фактычнага распаду БНБ.

Лукашук: Калегі, на падставе рэакцыі іншых прэтэндэнтаў на заяву Мілінкевіча аб тым, што ён ідзе на выбары, на фоне тых канфліктаў, пра якія мы казалі, які ваш прагноз хады выбарчай кампаніі, хады вылучэньня кандыдатаў?

Максімюк: Ужо сёньня праглядваецца пэрспэктыва, што галоўнай праблемай апазыцыі, прынамсі на першым этапе выбарчай кампаніі, будзе не недахоп прэзыдэнцкіх кандыдатаў, а недахоп рук, каб усім ім назьбіраць па 100 тысяч подпісаў, патрэбных для рэгістрацыі.

Дракахруст: Хацелася б памыліцца, але калі працягваць тэндэнцыю, якую мы назіраем цяпер, у будучыню, можна прагназаваць, што ніякага адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на наступных выбарах ня будзе, што спрэчкі і сваркі будуць працягвацца і іх палкасьць будзе нават нарастаць. Цалкам імаверна, што ў барацьбу ўключацца і тыя прэтэндэнты, якія цяпер стаяць, так бы мовіць, “на нізкім старце” – я маю на ўвазе найперш лідэраў “Справядлівага сьвету” Сяргея Калякіна і АГП Анатоля Лябедзьку. Фактарам, які крыху, а можа і значна зьменшыць гэтую разнастайнасьць, стануць умовы выбараў – неабходнасьць сабраць 100 тысяч подпісаў у сваю падтрымку. Гэты этап адсее віртуальных кандыдатаў, тых, хто ня мае за плячыма рэальных структураў, якія здольныя гэтыя подпісы сабраць.



Лукашук: Год таму ў Празе прайшоў саміт “Усходняга партнэрства” – краіны Эўразьвязу і шэсьць постсавецкіх краін (Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь, Грузія, Малдова і Ўкраіна) прынялі праграму эканамічнай інтэграцыі і палітычнага збліжэньня краін-партнэраў з Эўропай. Тады з гэтай ініцыятывай зьвязваліся пэўныя надзеі.

Вось што, напрыклад, казаў тады старшыня Эўракамісіі Жазэ Мануэл Барозу:

“Гэтае партнэрства дае нашым партнэрам дакладны выбар для паглыбленьня іх двухбаковых адносінаў з Эўразьвязам ува ўсіх сфэрах і прывядзе нас да пагадненьня аб асацыяцыі, свабодным гандлі, гэтак жа як і да большай свабоды перамяшчэньня для грамадзянаў. Партнэрства дасьць больш дапамогі для правядзеньня палітычных і эканамічных рэформаў, якія неабходныя для краінаў, каб наблізіцца да Эўразьвязу. Шмат што павінна быць зроблена, у адных краінах больш, чым у іншых. І нам неабходныя поўныя абавязаньні краін-партнэраў, каб надаць форму гэтаму партнэрству. Я веру, што набліжэньне да эўрапейскіх стандартаў у палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сфэрах прынясе ўсім нам больш стабільнасьці і росквіту”.

А вось што казала тады наконт пэрспэктываў “Партнэрства” эўракамісарка ў пытаньнях пашырэньня і праграмы добрасуседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр:

“Для Беларусі мы распрацавалі пэўны набор крытэраў. Эўразьвяз заявіў, што Беларусі неабходна зьмяніць выбарчае заканадаўства і характар правядзеньня выбараў. Акрамя таго, папрацаваць над законам аб СМІ, спрасьціць умовы рэгістрацыі няўрадавых арганізацыяў, спыніць перасьлед апанэнтаў улады і забясьпечыць датрыманьне асноўных правоў чалавека, у прыватнасьці права на свабоду сходаў. Мы будзем вельмі ўважліва сачыць за разьвіцьцём сытуацыі ў Беларусі і яе крокамі на шляху дэмакратычнага разьвіцьця. Цяпер мы можам сказаць, што ў краіне сапраўды адбыліся некаторыя зьмены на лепшае, але яшчэ шмат што павінна быць зроблена”.

Лукашук: Аляксандар Лукашэнка на леташнім саміце “Ўсходняга партнэрства” не прысутнічаў, афіцыйны Менск прадстаўлялі першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка і міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў.

Сёньня, праз год, як можна падвесьці балянс плюсаў і мінусаў сяброўства Беларусі ва “Ўсходнім партнэрстве”, ці можна цяпер сказаць, што Эўразьвяз пасьпяшаўся, запрасіўшы Беларусь ва “Ўсходняе партнэрства”? Што меў на ўвазе Лукашэнка, калі ў інтэрвію агенцтву Reuters заявіў, што “Захад нас кінуў”? З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да аналітыка Дзяніса Мельянцова:

“Вынікі “Ўсходняга партнэрства” і беларускае сяброўства ў гэтай ініцыятыве былі розныя для розных груп насельніцтва. Для ўраду, безумоўна, гэтыя вынікі не такія вялікія, як ён хацеў бы бачыць, паколькі беларускія праекты яшчэ не фінансуюцца. Для грамадзянскай супольнасьці, безумоўна, удзел ва “Ўсходнім партнэрстве” – гэта вельмі вялікае дасягненьне: узяць хаця б Форум грамадзянскай супольнасьці, дзе беларуская дэлегацыя паказала сябе вельмі добра. Гэта інтэнсыфікавала і ўнутраныя працэсы ў Беларусі, у беларускай грамадзянскай супольнасьці стала больш шчыльнай камунікацыя. Беларусы атрымалі магчымасьць даводзіць свае думкі на эўрапейскім узроўні. Зь іншага боку, калі казаць пра Беларусь у цэлым, беларускія нацыянальныя інтарэсы, то на маю думку, “Усходняе партнэрства” можна ацаніць з плюсам, паколькі яно прывяло да больш інтэнсіўнага дыялёгу з Эўразьвязам, урэшце пачаліся размовы беларускіх афіцыйных асобаў з эўрапейскімі чыноўнікамі. І гэта дае падставы меркаваць, што нашы адносіны будуць паглыбляцца і далей.

Я думаю, што ўсё ж такі гэта не была памылка Эўразьвязу, што ён запрасіў Беларусь. Але тут пытаньне ў нюансах. Таму што Эўразьвяз мусіць быць да канца пасьлядоўны. Калі ён запрашае Беларусь ва “Ўсходняе партнэрства”, то нельга чыніць перашкоды з тым самым “Эўранэстам”. Але я думаю, што Эўразьвяз на добрым шляху і “Ўсходняе партнэрства” – гэта частка палітыкі ўцягваньня, якая можа быць у далёкай пэрспэктыве эфэктыўная для Беларусі.

Чаму Лукашэнка заявіў, што Захад яго “кінуў”? Яму трэба інвэстыцыі, фінансаваньне інфраструктурных праектаў – тое, што Беларусь хацела ад “Усходняга партнэрства”. Калі цяпер жывыя грошы не ідуць, для ўраду гэтая праграма дрэнная. Але эўрапейцы самі кажуць, што тыя праекты, што падала Беларусь, яны не зусім патрапляюць ва “Ўсходняе партнэрства”, паколькі інвэставаньне павінна ісьці з Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку. Але гэта ня справа партнэрства – фінансаваць такія інфраструктурныя праекты. Тут шмат пытаньняў, але дыялёг ідзе, гэта ў любым разе добра”.

Лукашук: А зараз пытаньне да вас, калегі. На ваш погляд, што меў на ўвазе Лукашэнка, калі ў інтэрвію агенцтву Reuters на гэтым тыдні заявіў, што “Захад мяне кінуў”? А ён Захад хіба ня “кінуў”, калі карыстацца ягонай мовай?

Дракахруст: Вы маеце рацыю. Можна прайсьціся па пунктах: зьмены выбарчага заканадаўства ніяк не зьмянілі ўмоваў правядзеньня і вынікаў мясцовых выбараў, пра ўмовы працы СМІ яскрава сьведчаць ператрусы ў кватэрах і офісах вядомых журналістаў, ліквідацыя шэрагу рэгіянальных выданьняў і канфіскацыя іх накладаў, пра спрашчэньне рэгістрацыі грамадзкіх арганізацыяў можа шмат чаго распавесьці, напрыклад, БХД, якой у рэгістрацыі адмоўлена ўжо каторы раз, а таксама Саюз палякаў на чале з Анжалікай Борыс.

Магчыма, беларускія ўлады лічылі, што вызваленьнем вязьняў у жніўні 2008 году, легалізацыяй “Нашай нівы” і “Народнай волі” і рэгістрацыяй руху “За Свабоду” яны пайшлі на такія велізарныя саступкі, што Эўропа павінна быць назаўжды ўдзячная Аляксандру Лукашэнку за такую нечалавечую ласку. Ну, усім уласьціва памыляцца. Эўропа палічыла гэта толькі першымі крокамі ў правільным кірунку і марна чакала наступных.

Што меў на ўвазе Лукашэнка, калі казаў, што “Захад яго кінуў”? Мне здаецца, наўрад ці спрэчкі аб прадстаўніцтве Беларусі ў “Эўранэсьце” і адмову Рады Эўропы кантактаваць з афіцыйным Менскам. Афіцыйны Менск уступаў у “Партнэрства” для дасягненьня досыць практычных мэтаў. Вось зь імі, відаць, выйшла непаразуменьне. Беларусь атрымлівала грошы толькі праз МВФ, ад Эўразьвязу як такога дапамога была замарожаная, за сваркамі Менску з Масквой Брусэль назіраў з алімпійскім спакоем, не сьпяшаючыся прыйсьці на дапамогу партнэру. Ну сёе-тое далі, але хацелася б болей. Праўда, у сёлетнім штогадовым пасланьні Лукашэнка, папікаючы Расею, сказаў, што вось у крызісе Беларусі дапамагла не яна, а “ворагі” – МВФ і Эўразьвяз. Значыць, усё ж не зусім кінулі.

Лукашук: Выступаючы зь сёлетнім штогадовым пасланьнем, Лукашэнка выказаў пэўную крыўду на Захад яшчэ і ў тым сэнсе, што дамовісься з аднымі, а пройдзе час – на іх месцы ўжо іншыя. Можа, тут мае месца ўзаемнае расчараваньне? Ян, як вы лічыце, ці не расчараваліся Захад, Эўропа ў сваёй ініцыятыве?

Максімюк: Цягам апошняга тыдня я львіную частку свайго часу на працы аддаў менавіта пошуку адказу на гэтае пытаньне. Значыць, чаму “Захад нас кінуў” і чаму, калі верыць Аляксандру Лукашэнку, тыя, з кім ён дамаўляўся, ня выканалі сваіх абяцаньняў. З кім ён мог дамаўляцца і хто яму мог нешта паабяцаць, пра што мы ня ведаем?

У першую чаргу – з асноўнымі архітэктарамі “Ўсходняга партнэрства”. На той час гэта былі вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў пытаньнях замежнай палітыкі і бясьпекі Хавіер Саляна ды камісар Эўразьвязу ў пытаньнях замежных сувязяў і палітыкі добрасуседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр. Абедзьве гэтыя асобы наведалі Менск і сустрэліся з прэзыдэнтам Беларусі. Нам удалося адшукаць інстытуцыі, куды ўладкаваліся спадар Саляна і спадарыня Вальднэр пасьля таго, як у выніку гэтак званай Лісабонскай дамовы іх у Брусэлі замянілі іншыя асобы – Кэтрын Эштан і Штэфан Фюле. Але асобы, адказныя за кантакты з грамадзкасьцю ў гэтых дзьвюх інстытуцыях, не далі нам ніякіх каардынатаў Саляны і Фэрэра-Вальднэр, каб мы маглі ў іх спытацца пра тое, што нас цікавіць. Яны ўжо адышлі ад палітыкі і ня хочуць у яе вяртацца. Так што тое, пра што яны дамаўляліся з Лукашэнкам, хутчэй за ўсё, ужо назаўжды канула ў забыцьцё. Хіба што Саляна і Фэрэра-Вальднэр цяпер пішуць успаміны.

Выснова з гэтага якая? У дэмакратычнай сыстэме, хутчэй за ўсё, ня дзейнічаюць мэханізмы нейкіх патайных дамоваў і абяцаньняў. У дэмакратычнай сыстэме верх бяруць дэмакратычныя працэдуры і практыкі. Чалавек пры рулі зьмяняецца, але аўтамашына едзе далей тым жа самым шляхам, што ехала раней.

Я яшчэ спрабаваў скантактавацца са спадарыняй Кэтрын Эштан, цяперашнім міністрам замежных справаў Эўразьвязу, якая прыйшла на зьмену Саляну. Прэсавая прадстаўніца спадарыні Эштан паведаміла мне, што з нагоды першай гадавіны “Ўсходняга партнэрства” спадарыня Эштан ня мае намеру выступаць зь нейкай заявай, ні вуснай, ні пісьмовай. Нават калі дапусьцім, што Хавіер Саляна і перадаў ёй нешта пра свае дамоўленасьці з Лукашэнкам, дык яна, відавочна, не надала гэтаму ніякай увагі. У палітыцы няма месца на нешта такое, што мы, звычайныя сьмяротнікі, называем расчараваньнем. Не дасягнуўшы нечага істотнага на сваім усходнім кірунку, Брусэль проста перастаў біцца галавой аб сьценку. То бок, як сказаў Аляксандар Рыгоравіч, “Захад нас кінуў”. Слова “нас” датычыць у першую чаргу беларускага прэзыдэнта, а не беларускі народ агулам. У Эўразьвязу, калі быць шчырым, цяпер іншыя турботы і прыярытэты. Пагляньце на Грэцыю, напрыклад.

Адзінае, што мне ўдалося ў маіх пошуках канцоў у вадзе ў сувязі з расчараваньнем Аляксандра Лукашэнкі Эўразьвязам, гэта атрымаць абяцаньне на правядзеньне кароткага інтэрвію з камісарам Эўразьвязу па палітыцы добрасуседзтва Штэфанам Фюле. Ён будзе ў Празе, і ў мяне ўжо ёсьць папярэдняя дамова зь ягоным прэсавым прадстаўніком на такое інтэрвію. Але я не спадзяюся, што спадар Фюле ведае, пра што насамрэч Лукашэнка дамаўляўся з Салянам і Фэрэра-Вальднэр.

Па-мойму, і я думаю, што Юра са мной пагодзіцца, “Усходняе партнэрства” – гэта быў і застаецца шанец перш за ўсё для шасьці постсавецкіх краінаў, каб наблізіцца хутчэй да Эўропы, чым шанец для Брусэлю, каб адцягнуць тыя краіны далей ад Расеі. Аляксандар Лукашэнка няправільна ацаніў вагу Беларусі ў гэтых геапалітычных гульнях і разьліках, а таму апёкся і цяпер гаворыць пра сыход у зямлянкі.

Лукашук: На ваш погляд, якую ролю ў прэзыдэнцкай кампаніі адыграе той факт, што Беларусь – сябра “Ўсходняга партнэрства”, што яе стасункі з аб’яднанай Эўропай усё ж не такія, якімі былі падчас мінулых прэзыдэнцкіх выбараў ці нават 2 гады таму? Эўрапейская Беларусь – лёзунг перадвыбарчай кампаніі Мілінкевіча, пра тое ж гавораць і Андрэй Саньнікаў, і Мікола Статкевіч. А што будзе казаць на гэты конт кандыдат Лукашэнка, ці будуць гэтыя выбары ў ідэйнай плоскасьці выбарам паміж Захадам і Усходам?

Максімюк: Я думаю, у выступах кандыдата Лукашэнкі ўзмоцніцца рыторыка, зьвязаная з сыходам у зямлянкі. Магчыма, ён прыдумае нейкі іншы вобраз да сытуацыі Беларусі ў тым месцы, куды ён яе завёў, менш зьвязаны з акопамі і партызаншчынай, але сутнасьць застанецца такая ж. Мы – горды народ, а таму нам трэба ставіць панцэрфаўсты супраць танкаў як з захаду, так і ўсходу. Узмоцніцца антыкрамлёўская рыторыка і спробы адмежаваньня Пуціна і Мядзьведзева ад “рускіх”, то бок славянскіх расяянаў і беларусаў, якія для Аляксандра Лукашэнкі ўсё яшчэ застануцца адзіным народам. Прынамсі, у гэтай прэзыдэнцкай кампаніі.

На гэтым тле апазыцыя, якая поўнасьцю разгорне эўрапейскі штандар, нарэшце стане безь ніякіх комплексаў гаварыць, што беларусы і расейцы – браты па крыві і кішэні, і што нам, маўляў, нарэшце трэба ўзяцца папраўляць стасункі з братняй Расеяй, якія так неразважна папсаваў першы беларускі прэзыдэнт.

Дракахруст: Сапраўды, цяпер праэўрапейская лінія апазыцыйных кандыдатаў праглядаецца больш выразна, чым у папярэдніх кампаніях, хаця, здаецца, формулу – “Беларусь у Эўразьвяз, але ня ў НАТО” агучваў яшчэ Сямён Домаш падчас выбарчай кампаніі 2001 году. Але мяркую, што мы будзем назіраць далейшую эвалюцыю кандыдата Лукашэнкі. Ужо лёзунг кампаніі 2006 году “За Беларусь” азначаў пэўны адыход ад Расеі. Зьвярніце увагу, на працягу прыкладна 10 гадоў Лукашэнка тлумачыў, што Захад цісьне на Беларусь, бо хоча пакараць за прыхільнасьць да Расеі. Гэты аргумэнт ужо даўно зьнік цалкам: цяпер, паводле Лукашэнкі, і Захад, і Ўсход хочуць пакараць Беларусь за яе самастойнасьць і незалежнасьць. І таму ня выключана, што гэтым разам мы ўбачым афіцыйную кампанію пад ізаляцыянісцкімі лёзунгамі, праект Беларусі, якая трымае дыстанцыю і ад Расеі, і ад Захаду. Яна можа быць нават калі не антырасейскай, то ўжо пэўна антыкрамлёўскай і антымаскоўскай.
XS
SM
MD
LG