Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэпарат Enovid 10, у склад якога ўвайшлі кантрацэптыўныя гармоны эстраген і прагестын, упершыню зьявіўся ў аптэках ЗША ў траўні 1960 году. Яго празвалі "anti-baby pills" — "таблеткі ад дзяцей". Прэпарат узьдзейнічае на жаночы гарманальны цыкль, перашкаджаючы авуляцыі. Неўзабаве аналягі Enovid 10 зьявіліся і ў шмат якіх іншых краінах сьвету. Сёньня гарманальнымі кантрацэптывамі карыстаюцца прыкладна 100 мільёнаў жанчын ува ўсім сьвеце.

Процізачаткавыя таблеткі істотна паўплывалі на дэмаграфічную сытуацыю ў сьвеце і сэксуальную мараль. Спэцыялісты адзначаюць зваротна-прапарцыйную сувязь паміж частатой ужываньня кантрацэптыўных прэпаратаў, з аднаго боку, і ўскладненьнямі падчас цяжарнасьці і родаў, а таксама бясплоднасьцю — з другога. Бяз доступу да кантрацэпцыі штогод у краінах, якія разьвіваюцца, гінуць тысячы жанчын.

Як лічыць Усясьветная арганізацыя аховы здароўя (УААЗ), гарманальная кантрацэпцыя — ня менш важнае дасягненьне мэдыцыны, чым вакцынацыя ці адкрыцьцё антыбіётыкаў.

Паводле статыстыкі, у краінах Заходняй Эўропы і Паўночнай Амэрыкі кантрацэптывы падчас актыўнай фазы сэксуальнага жыцьця прымаюць да 50% жанчын. У Беларусі гэтая лічба складае 28%, што на 12% менш за аптымальную норму, ухваленую УААЗ.

Апытаньні паказваюць, што многія жанчыны ставяцца да словаў "штучныя гармоны" з пэўнай асьцярогай.

Згодна з дасьледаваньнямі брытанскага цэнтру Opinion Health, які апытаў тысячу жанчын ва ўзросьце ад 18 да 50 гадоў, кожная дзясятая брытанка перакананая, што такога кшталту "хімія" можа так ці інакш пашкодзіць яе здароўю. Прыкладна такі самы адсотак апытаных лічыць, што ў выніку прыняцьця "anti-baby pills" яны потым няхутка змогуць зацяжараць. Самае ж цікавае сярод вынікаў апытаньня: кожная пятая жанчына прызналася, што схіляецца больш да выкарыстаньня так званых альтэрнатыўных, "народных" сродкаў кантрацэпцыі. Сярод іх называліся кока-кола, чыпсы, кебаб і іншае.

Паводле спэцыялісткі ў пытаньнях здароўя жанчын з Брыстальскага цэнтру сэксуальнага здароўя Ані Эванс, такія адказы дэманструюць, што ў Вялікай Брытаніі існуе шмат мітаў адносна мэтадаў кантрацэпцыі. "Калі ўлічыць, што ў Аб’яднаным Каралеўстве дагэтуль самы высокі на Захадзе ўзровень непажаданай цяжарнасьці і, як вынік, абортаў, то мяне апытаньне ніколькі ня дзівіць", — адзначае Эванс.

Што да Беларусі, то, паводле акушэраў-гінэколягаў, іхныя пацыенткі паміж гарманальнымі кантрацэптывамі і абортам выбіраюць аборт.

У якасьці прычынаў даволі часта называецца эканамічная. Гарманальныя таблеткі патрабуюць доўгатэрміновага і рэгулярнага выкарыстаньня. Сумарныя кошты іх ужываньня значна вышэйшыя, чым кошт аборту. Існуюць і перабольшаныя страхі адносна пабочных дзеяньняў мэдыкамэнтаў, кажуць адмыслоўцы. Бальшыня маладых жанчын перакананая, што ад выкарыстаньня гармонаў рэзка набіраецца вага.

У навуковай літаратуры гэтая тэза шмат разоў абвяргалася. Набіраньне вагі, галаўныя болі, падвышэньне ціску, схільнасьць да разьвіцьця трамбозаў, дэпрэсія і г.д. назіраліся пераважна пры выкарыстаньні першага пакаленьня "anti-baby pills" зь вельмі высокім утрыманьнем штучных гармонаў. Цяпер жа ўва ўсім сьвеце ўжываюць трэцяе пакаленьне прэпаратаў, якія ўтрымліваюць нізкія (30-35 мкг) ці мінімальныя дозы эстрагенаў, а таксама высокасэлектыўныя гестагены. У выніку пабочных эфэктаў значна паменшала. Выкарыстаньне гэтых сучасных кантрацэптываў у шэрагу выпадкаў зьніжае інтэнсіўнасьць запаленьня органаў малога таза, зьмяншае рызыку ўзьнікненьня анкалягічных захворваньняў, мастапатыі… Навукоўцы, аднак, папярэджваюць: лекары-гінэколягі павінны вельмі адказна паставіцца да падбору кантрацэптываў для сваіх пацыентак. У першыя месяцы пацыенткі павінны прымаць прэпараты пад наглядам лекара.

Паводле дасьледаваньня групы амэрыканскіх навукоўцаў на чале з прафэсарам-нэўролягам Хасэ Білерам, адзін выпадак высокай рызыкі інсульту прыпадае на 25 тысяч жанчын, якія прымаюць "anti-baby pills".

"Прапісваючы аральныя кантрацэптывы, лекары мусяць узважваць гэтую рызыку і карысьць ад ужываньня прэпаратаў у кожным асобным выпадку, — кажа Джос Білер. — Для здаровай маладой жанчыны, якая ня мае схільнасьці да інсульту, аральныя кантрацэптывы, хутчэй, карысныя. Тым жа, хто мае такую схільнасьць, кантрацэптываў прымаць нельга".

Амэрыканскія навукоўцы вылучаюць групу жанчын, у якіх прыём аральных кантрацэптываў можа павышаць рызыку інсульту. Гэта жанчыны, якія кураць, а таксама якія маюць павышаны ціск ці мігрэневыя болі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG