Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да санкцый Эўразьвязу супраць беларускіх чыноўнікаў далучыліся 8 краін


Да абмежавальных захадаў Эўразьвязу ў дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў далучыліся восем трэціх краін, паведамляе прэсавая служба Рады ЭЗ.

Эўразьвяз вітаў гэтае рашэньне Альбаніі, Босьніі і Герцагавіны, Ісляндыі, Ліхтэнштэйна, Македоніі, Нарвэгіі, Харватыі і Чарнагорыі.

Гэтыя краіны далучыліся да рашэньня Савета Эўразьвязу ад 15 сьнежня 2009 года, калі ў ходзе тэхнічнай працэдуры да 31 кастрычніка 2010 года была прадоўжаная забарона на ўезд у краіны ЭЗ 41 беларускаму чыноўніку.

Да гэтай жа даты было прадоўжана прыпыненьне санкцый у дачыненьні да ўсіх, акрамя пяці, прадстаўнікоў афіцыйнага Менска. Пасля заканчэньня гэтага пэрыяду пытаньне аб санкцыях будзе разгледжана з улікам сытуацыі ў Беларусі, паведамляе БелаПАН

Сьпіс неўязных быў адкрыты ў 2004 годзе, туды трапілі чатыры падазроныя ў дачыненьні да палітычных зьнікненьняў у 1999—2000 гадах — экс-міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў, былы дзяржсакратар Савета бясьпекі Віктар Шэйман, былы кіраўнік МУС Юрый Сівакоў і былы камандзір брыгады спэцыяльнага прызначэньня ўнутраных войскаў МУС Дзьмітрый Паўлічэнка.

Пасьля парлямэнцкіх выбараў у сьнежні 2004 года сьпіс быў пашыраны за кошт кіраўніка Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, а таксама Юрыя Падабеда, які тады ўзначальваў полк міліцыі спэцыяльнага прызначэньня.

У красавіку 2006 года сьпіс быў пашыраны да 37 чалавек, адказных за парушэньне правоў чалавека падчас прэзыдэнцкай кампаніі. У яго былі ўключаны прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка, тагачасны кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Генадзь Нявыглас, яго намесьнікі Натальля Пяткевіч і Анатоль Рубінаў, міністар адукацыі Аляксандр Радзькоў, экс-міністар інфармацыі Уладзімер Русакевіч, міністар юстыцыі Віктар Галаванаў, старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі, былы старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў, член Савета Рэспублікі Мікалай Чаргінец.

У кастрычніку 2006 года сьпіс павялічыўся да 41 чалавека: неўязнымі сталі судзьдзя суда Маскоўскага раёна Мінска Аляксей Рыбакоў і дзяржабвінаваўца Сяргей Бортнік — за прыгавор экс-кандыдату ў прэзідэнты Аляксандру Казуліну, а таксама судзьдзя суда Цэнтральнага раёна Менска Леанід Ясіновіч і дзяржабвінаваўца Андрэй Мігун — за прыгавор актывістам незарэгістраванай арганізацыі "Партнэрства".

У кастрычніку 2008 года ЭЗ вырашыў часова прыпыніць санкцыі ў дачыненьні да 36 чыноўнікаў. У сьпісе неўязных засталіся Ярмошына, Навумаў, Шэйман, Сівакоў і Паўлічэнка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG