Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Велапрабег у гонар Булак-Булаховіча


15 траўня ў Варшаве арганізацыя "Беларуская Нацыянальная Памяць" арганізуе велапрабег у гонар Станіслава Булак-Балаховіча.

Збор удзельнікаў а 15-й ля помніка Шарлю дэ Голю. Імпрэза прымеркаваная да 70-й гадавіны сьмерці выбітнага грамадзкага і ваеннага дзеяча.

Яшчэ пры жыцьці генэрал Булак-Балаховіч стаў легендай. Сьвядомы антыкамуніст, ён ваяваў у арміях розных дзяржаваў, узначальваў корпус генэрала Юдзеніча ў 1919 годзе. Яго Беларускі аддзел удзельнічаў у баях супраць Палескай групы Чырвонай арміі падчас расейска-польскай вайны.

У 1920-м з атрадам у 1,5 тысячы шабляў генэрал быў прыняты ў склад войска БНР. У верасьні яго армія пачала барацьбу за вызваленьне Беларусі ад бальшавікоў. Кавалерысты Балаховіча зьдзейсьнілі пераход з Латвіі на Палесьсе, дзе разьбілі 67-ы полк 1-й коннай чырвонай арміі, узялі Пінск. У лістападзе ўжо 20-тысячная армія Булак-Балаховіча распачала наступ уздоўж Прыпяці, а да сярэдзіны месяца ў войску было ўжо каля 60 тысяч чалавек.

Булак-Балаховіч ня толькі ваяваў, а спрабаваў увасобіць ідэю беларускай дзяржаўнасьці. Пры канцы верасьня 1920 года ўзьнік Беларускі Палітычны Камітэт на чале з Вячаславам Адамовічам. Камітэт зьвярнуўся да генэрала зь лістом, у якім выказаў упэўненасьць: "Армія прынясе Беларусі сапраўдную вольнасьць і магчымасьць стварэньня свайго дзяржаўнага быту".

Заняўшы Мазыр, Булак-Балаховіч абвясьціў сябе "начальнікам Беларускай Дзяржавы". Цывільную ўладу перадаў сябрам Беларускага Палітычнага Камітэта, якія прыбылі з Варшавы. Пачалося фармаваньне органаў самакіраваньня.

Аднак неўзабаве праца была спыненая. Разгром у Крыме генэрала Ўрангеля дазволіў Чырвонай арміі перакінуць у Беларусь значныя падмацаваньні. Пад іх ціскам пачаўся адыход войска Булак-Балаховіча. 26 лістапада 1920-га рэшткі войска выйшлі праз Жыткавічы на польскі бок і былі раззброеныя.

У наступныя гады генэрал працягваў барацьбу з бальшавікамі, фармаваў партызанскія аддзелы і накіроўваў іх на тэрыторыю Савецкай Беларусі. Да канца жыцьця ён заставаўся на антыкамуністычных і антыфашысцкіх пазыцыях. Загінуў Станіслаў Булак-Булаховіч падчас абароны Варшавы ад нямецкіх захопнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG