Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На пажары ў Менску загінулі 4 пажарныя


Фота: nn.by

Фота: nn.by

25 пажарных машын і 105 чалавек былі задзейнічаныя для тушэньня пажару па вуліцы Прытыцкага ў Менску. Чатыры пажарныя загінулі ад падзеньня даху. Двое памерлі на месцы пажару, яшчэ двое – у шпіталі.


З факту гібелі 4 пажарных заведзена крымінальная справа. Пра гэта "Інтэрфаксу" паведаміў начальнік РУУС Фрунзэнскага раёну Менску Алег Гайдукевіч.

Гарэла сховішча гатовай прадукцыі Менскага заводу вылічальнай тэхнікі. Плошча пажару – 200 квадратных мэтраў.

Больш за тры гадзіны не ўдавалася ўтаймаваць агню. Абваліўся дах, – паведамляюць у Менскай гарадзкой управе МНС.

Паводле прэсавага сакратара МНС Беларусі Віталя Навіцкага, пры тушэньні пажару ад падзеньня канструкцыяў даху пацярпелі 8 чалавек, 4 зь іх, якія гасілі пажар у памяшканьні, загінулі, яшчэ 4, якія былі на даху, шпіталізаваныя зь цяжкімі траўмамі.

Прэсавы сакратар МНС Віталь Навіцкі адзначыў, што пажар быў высокай ступені складанасьці:

"Рэч у тым, што была вельмі вялікая загружанасьць складу, там захоўваўся паралон у рулонах, які выдзяляе вялікую колькасьць дыму пры гарэньні. Быў пашкоджаны дах складу плошчаю 200 мэтраў квадратных. Падчас ліквідацыі пажару адбылося разбурэньне канструкцыі даху".

Пажар пагасілі ў 11.40.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG