Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларуская вясна” ва Ўкраіне


У Кіеве і яшчэ некалькіх украінскіх гарадох пачаўся чацьверты штогадовы фэстываль партызанскай культуры “Беларуская вясна”. Арганізатары абяцаюць ня толькі паказаць найбольш цікавыя ўзоры беларускай літаратуры, музыкі, кіно і выяўленчага мастацтва, але і перадаць нацыянальныя творчыя таямніцы ўсім ахвотным. Фэстываль ужо здабыў сабе імідж аднаго з самых эпатажных у Эўропе. На адкрыцьці яго пабываў карэспандэнт украінскай службы нашага радыё Яўген Саланіна.

Цэнтар Кіева захапілі беларускія партызаны. Дэсант у складзе паэтаў, мастакоў, рэжысэраў зь Беларусі ўтрымлівае вуліцу Беларускую і прылеглыя кварталы каля станцыі мэтро Лук’янаўская. Асноўнай зброяй дэсантнікі вырашылі зрабіць мастацтва. Кіяўляне сустракаюць дэсант усьмешкамі, кветкамі і воплескамі.

Адначасна ў Браварох і іншых гарадох Украіны працягваюцца спаборніцтвы па традыцыйным беларускім відзе спорту – лыжных гонках па асфальце, якія ўжо сталі сымбалем сучаснай беларускай культуры, расказвае каардынатар фэстывалю Ілько Гладштэйн:

“Беларускі прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка зьяўляецца вялікім прыхільнікам лыжаў, і мы папулярызуем і пераасэнсоўваем гэты від спорту. Гэта будзе сусьветны флэш-моб: лыжныя забегі на асфальце адбудуцца адначасова ва Ўкраіне, у Аўстраліі і Польшчы. З найцікавейшага на фэстывалі – выставы забароненых у Беларусі твораў мастацтва, прэзэнтацыя адзінага беларускамоўнага тэлеканалу і адкрыцьцё беларускіх паліцаў у крамах некалькіх гарадоў Украіны”.

“Беларуская вясна” пасьпела зарэкамэндаваць сябе як найбольш эпатажны і непрадказальны сярод нацыянальных фэстываляў Эўропы. Так, летась сусьветнай сэнсацыяй сталі працы ўдзельніка фэстывалю, мастака Алеся Пушкіна, якія становяць сабою сапраўдныя шпакоўні, але неймаверных формаў і колераў.
Беларускае мастацтва – гэта культурная альтэрнатыва для ўкраінцаў...


Фэстываль пройдзе ня толькі ў Кіеве, але і ў Харкаве, Львове, Івана-Франкоўску, Цярнопалі, Браварох, Днепрапятроўску і Чарнаўцох. Канцэрты беларускіх гуртоў, кінапаказы, фотавыставы, флэш-мобы і паэтычныя слэм-спаборніцтвы – вось толькі невялікі пералік мерапрыемстваў. Акрамя таго, кожнага ахвотнага ўкраінца на фэстывалі будуць вучыць... быць беларусам. Арганізатары абяцаюць майстар-клясы па беларускай выцінанцы, анімацыі, фотажурналістыцы ва ўмовах цэнзуры і іншых нацыянальных відах мастацтва, якія будуць праводзіць беларускія мастакі. Дзякуючы фэстывалю «Беларуская вясна» Кіеў ужо 4 гады запар зьяўляецца нефармальнай культурнай сталіцай Беларусі. Аднак сёньня такі абмен становіцца важным ня толькі для беларусаў, якія жывуць ва Ўкраіне, але і для саміх украінцаў, адзначае Ілько Гладштэйн:

“Беларускае мастацтва – гэта культурная альтэрнатыва для ўкраінцаў, магчымасьць пашырыць свае гарызонты. Бо беларусы вельмі блізкія да нас, беларускую мову разумее кожны ўкраінец, нягледзячы на тое, што ніколі яе не вывучаў”.

Падобнага меркаваньня прытрымліваецца і ўкраінскі паэт, сталы ўдзельнік «Беларускай вясны» Аляксандар Ірванец:
Беларуская культура ўкраінцам бліжэйшая за расейскую і іншыя культуры сьвету...


“Беларуская культура ўкраінцам бліжэйшая за расейскую і іншыя культуры сьвету. Аднак ва Ўкраіне да гэтага часу мала кніг, фільмаў зь Беларусі, не прыяжджаюць сапраўдныя беларускія тэатры. Галоўнае, чаму можа навучыцца ўкраінец у беларуса, – выжываць! Апошнія 50 дзён новага рэжыму сьведчаць, што з гэтага часу ня толькі Ўкраіна будзе запасной пляцоўкай для беларускай культуры, але і наадварот” .

Беларуская вясна працягнецца ва Ўкраіне да канца траўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG