Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грэцкія ўрокі


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

“Што нам да той Грэцыі?” – такая рэакцыя на яскравыя кадры забурэньняў у калысцы эўрапейскай цывілізацыі ўласьцівая многім, калі ня большасьці, беларусаў. Між тым гэтыя падзеі насамрэч тычацца нас наўпрост.

Ня ў тым філязофскім сэнсе, што сьвет глябалізаваны, што любыя здарэньні ў самым глухім яго кутку адгукаюцца па ўсёй зямной кулі. Не любыя. Але некаторыя – так.

Усё ж Эўропа, Эўразьвяз – адзін з двух магутных беларускіх геапалітычных магнітаў. Апазыцыя, дык тая прачынаецца і кладзецца спаць з лёзунгам “Беларусь – у Эўропу” на вуснах, але і для ўлады, магчыма на падсьвядомым узроўні, Эўропа – узор і ідэал. Усім зразумела, што беларускі шлях у Эўропу – надзвычай даўгі і пакручасты, асабліва пры абраным Беларусьсю спосабе перасоўваньня ў заходнім кірунку. Але ўзьнікае асьцярога, што калі Беларусь будзе гатовая, то ці застанецца, захаваецца тая Эўропа, якую мы ведаем сёньня.

Грэцыя – бікфордаў шнур Эўразьвязу?

А вось што будзе з аб’яднанай Эўропай – гэта пытаньне. Праўда, скон Эўропы – здаўна ўлюбёная тэма эўрапейскіх мысьляроў, дый крах праекту аб’яднанай Эўропы прадказваўся пры кожным крызісе Эўразьвязу, якія ўсё ж пасьпяхова пераадольваліся. Але ўсё калісьці адбываецца ўпершыню. Усё ж тое, што Зьвяз, хоць мае ўжо шмат атрыбутаў агульнай дзяржавы, не дзяржава, але і яго складнікі ўжо як бы і не зусім сувэрэнныя дзяржавы – тая ўнутраная структурная супярэчнасьць, якая праяўляецца пры кожным, у тым ліку і пры цяперашнім, крызісе і зьвязвае рукі ўсім яго ўдзельнікам. Ну вось жыла б Грэцыя дагэтуль пры сваёй драхме, дык шлях вырашэньня яе лякальных праблемаў быў бы балючы, але відавочны – дэвальвацыя. Урад бы, магчыма, у выніку зьляцеў, магчыма, і не адзін, былі б і забурэньні і хваляваньні, але гэта было б сувэрэннай грэцкай справай у значна большай ступені, чым цяпер. І дапамога звонку ўспрымалася б як ласка, якая вымагае адпаведнай рэакцыі. І калі б Грэцыя была дэпрэсіўным штатам Злучаных Штатаў Эўропы, праблемаў было б меней.

А тут, як той казаў – ні два, ні паўтара. Грэцкі ўрад пры ўсім жаданьні ня можа дэвальваваць эўра. Але нанесьці яму шкоду можа, што пасьпяхова і робіць. Пры гэтым астатнія чальцы саюзу аказваюцца вымушаныя ратаваць Грэцыю, бо пад пагрозай апынуўся ўвесь Зьвяз. Ратуючы Грэцыю, ратуюць сябе, што разумеюць грэкі, разважаючы, што з балючым лячэньнем можна і не сьпяшацца, бо астатні Зьвяз урэшце нікуды ня дзенецца.

Гэты эканамічна-палітычны пат ізноў ажыўляе старую ідэю “Эўропы двух хуткасьцяў”: фармаваньне ў межах саюзу вузкага Эўразьвязу-1, складзенага з адказных і заможных дзяржаваў, зьнітаванага шчыльнымі эканамічнымі і палітычнымі сувязямі, і больш шырокага Эўразьвязу-2 у цяперашніх ці нават больш шырокіх межах, дзе абавязкі больш мяккія, але і ступень інтэграцыі менш шчыльная. У які з гэтых эўразьвязаў трапіць Беларусь, калі эканамічна і палітычна сасьпее для гэтага?

Рэфармаваць нельга бунтаваць

Дзе паставіць коску?

Другі грэцкі ўрок, можа, яшчэ больш павучальны – уласна грэцкі эканамічна-палітычны пат: меры, абсалютна неабходныя эканамічна, абсалютна немагчымыя палітычна, на гэтыя меры грамадзтва адказвае страйкам і непадпарадкаваньнем, якія робяць немагчымымі любую эканамічную дзейнасьць наагул.

Многія беларусы, гледзячы на кадры з Афінаў, кажуць: “Вось як нармальныя эўрапейцы за свае правы змагаюцца, ня тое, што нашы”. Камусьці, вядомы, вусаты твар дадзеў настолькі, што сымпатычным падаецца ня тое што грэцкі, але і кіргіскі сцэнар. Але са зьнікненьнем таго твару, пра што нават ягоны ўладальнік ужо стаў у абстрактнай плоскасьці разважаць, гісторыя ня скончыцца. І вось тады грэцкі сцэнар выглядае значна больш імаверным, чым цяпер. Уяўленьне пра тое, што ўлады павінны забясьпечваць народу дабрабыт, уласьцівае ня толькі грэкам. І апраўданьне гэтым памкненьням заўсёды знаходзіцца – заўсёды ёсьць урадавыя выдаткі, якія зьяўляюцца ці здаюцца дурнаватымі, заўсёды ёсьць багатыя людзі, якія часам дэманстратыўна тыкаюць у нос народу сваім багацьцем (а пасьля Лукашэнкі гэтага, баюся, будзе значна болей, чым сёньня), заўсёды чыноўнікі крадуць (больш ці менш). Дык чаму мы павінны зацягваць паясы, чаму б не скараціць дурныя выдаткі, не прыціснуць “тлустых катоў”, не спыніць чыноўнага крадзяжу? Папулізм, скажаце. Дык populus на лаціне – тое самае што па-грэцку demos.

І калі, скажам, няма дыктатуры зь яе татальным страхам і кантролем, а ёсьць кратыя гэтага самага дэмасу, дык як яго прымусіць рабіць тое, што з пункту гледжаньня эканамічных цудадзеяў яму неабходна, але чаго ён сам катэгарычна ня хоча?

Можа, ня ўсё так страшна?

“Ну ня варта перабольшваць, – скажа ўдумлівы чытач. – Чым і калі стане Эўразьвяз – усё ж для нас пытаньне ня сёньняшняга дня. Ды і з алярмічнымі прагнозамі, можа, варта і пачакаць, вось грэкам больш за 100 мільярдаў даюць, можа, і выблытаюцца. Ну а тое, што любы дзяржаўны карабель – хоць дыктатарскі, хоць дэмакратычны – даводзіцца весьці паміж Сцылай эканамічнай неэфэктыўнасьці і Харыбдай народнага незадавальненьня, дык гэта таксама не адкрыцьцё Амэрыкі. Прыйдзе час вырашаць гэтую праблему новым людзям – і будуць вырашаць”.

І тое праўда. Але ня ўся. У Беларусі, кажуць, хутка выбары. Ну кампанія ў сэнсе. Але нават у тых надзвычай своеасаблівых умовах, якія ёсьць у Беларусі, гэта – пэўны момант ісьціны, момант ня толькі плянаваньня Плошчы ці актуалізацыі мараў пра яе, але і момант прад’яўленьня, спаборніцтва праграмаў вырашэньня праблемаў, якія стаяць ці паўстануць перад грамадзтвам, спаборніцтва праектаў будучыні. Час ад часу на адрас апазыцыі гучаць папрокі, што яна, як сапсаваная кружэлка, агучвае тэзы ці не 20-гадовай даўніны. Тое не азначае, што калі тады гаварылі пра Беларусь у Эўропу і дэмакратыю, дык цяпер, каб трапляць у нагу з часам, трэба казаць іншае, а тое і адваротнае. Проста мяняецца ўсьведамленьне і Беларусі, і Эўропы, і дэмакратыі. І грэцкія ўрокі – ўзор таго, як гэтыя пытаньні ставяцца сёньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG