Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці закончыўся эўрапейскі крызіс?


Краіны Эўразьвязу і Міжнародны валютны фонд ухвалілі ў нядзелю стварэньне стабілізацыйнага фонду памерам каля трыльёна даляраў. Сусьветныя фондавыя рынкі сустрэлі гэтую навіну зь вялікай палёгкай. Эўрапейскія і азіяцкія біржы пачалі расьці ўпершыню за апошні тыдзень. Падняўся курс эўра. Ці азначае ўсё гэта, што пагроза новага эканамічнага крызісу была пасьпяхова пераадоленая? І чаму эканамічныя праблемы ў адной невялікай краіне выклікалі паніку ўва ўсім сьвеце? Гэтыя пытаньні мы абмяркоўваем з эканамічным аглядальнікам Стасем Івашкевічам.


Карэспандэнт: Ці ўдалося прадухіліць прагназаваны агульнаэўрапейскі крызіс?


Івашкевіч: Гаварыць пра тое, што небясьпека мінула, заўчасна. Грэцыі выдзяляюць 110 мільярдаў эўра. Але ж яе запазычанасьць складае больш за 300 мільярдаў. Афіны, такім чынам, мусяць выплачваць мільярды даляраў штомесяц, вяртаючы гэтыя пазыкі і даплачваючы працэнты. Гандлёвы дэфіцыт складае каля паўсотні мільярдаў эўра. Бюджэтны дэфіцыт – прыкладна столькі ж.

З гэтага вынікае, што выдзеленая дапамога здольная прадухіліць грэцкі дэфолт толькі – у найлепшым выпадку – пры ўмове бездакорнага выкананьня Афінамі "драконаўскіх мераў" па "зацягваньні паясоў".
У выпадку пагаршэньня сытуацыі трыльён даляраў будзе "зьедзены" вокамгненна...


Гэта ўлічваючы тое, што Грэцыя (пры ўсіх сваіх сыстэмных недасканаласьцях) зьяўляецца надзвычай высокаразьвітай і індустрыялізаванай краінай – 25 месца ў сьвеце паводле разьвіцьця.

А крызіс беспасярэдне пагражае распаўсюдзіцца на Партугалію ды Гішпанію, якія і ў найлепшыя часы былі недалёка ад рэцэсіі. Ім "зацягваць паясы" фактычна няма куды. Далей на чарзе Італія, Ірляндыя, а ў выпадку шырэньня крызісу пад вялікім ціскам апынецца і Вялікая Брытанія, якая ў лідэрах паводле фінансавай завінавачанасьці. Такім чынам, у выпадку пагаршэньня сытуацыі трыльён даляраў будзе "зьедзены" вокамгненна, і, дарэчы, далёка не адзін трыльён.

Карэспандэнт: Якім чынам крызіс у адносна невялікай Грэцыі змог паставіць пад пагрозу ўсю Эўропу і нават увесь сьвет, мяркуючы з панічнай рэакцыі сусьветных фондавых рынкаў на мінулым тыдні?

Івашкевіч: Грэцкі крызіс зьяўляецца праявай другога этапу глябальнага эканамічнага крызісу ўсіх разьвітых краінаў: як Эўропы, так і Злучаных Штатаў. Рэч у тым, што стымуляцыйныя эканамічныя пакеты, якія ўратавалі індустрыю "першага сьвету" ад масавага банкруцтва і зрабілі магчымым цяперашняе аднаўленьне росту, заклалі гадзіньнікавую бомбу пад усю існоўную сыстэму.

Фінансавы крызіс у разьвітых краінах быў насамрэч толькі «прытушаны», бо гіганцкая фінансавая бурбалка, якая яго прычыніла, нікуды ня дзелася. Дзяржава проста пераняла запазычанасьць прыватнага сэктару на сябе, перакупіўшы яго пазыкі і даючы насельніцтву бясплатныя "стымуляцыйныя" грошы на тое, каб падтрымліваць прамысловасьць на паверхні.

Цяпер пад пагрозай банкруцтва знаходзяцца ня столькі ці, дакладней, ня толькі банкі ды іншыя карпарацыі, але і самі дзяржавы. Калі дэфолт абвесьціць адна дзяржава, фондавыя рынкі перастануць купляць аблігацыі іншых краін, якія церпяць ад падобных праблемаў. Для ўсіх астатніх істотна падвысяцца кошты пазычэньня грошай на біржы. А на гэтай "іголцы" сядзіць увесь разьвіты сьвет.

Карэспандэнт: Дык значыць, эканамічнага аздараўленьня не адбываецца? Калі ж мае скончыцца крызіс?
Крызіс нікуды ня дзенецца, пакуль багатыя краіны не "адпрацуюць" рэальна грошай, якія браліся "з паветра"...


Івашкевіч: Крызіс нікуды ня дзенецца да тае пары, пакуль багатыя краіны не "адпрацуюць" рэальна тых грошай, якія браліся апошнімі дзесяцігодзьдзямі "з паветра" і спажываліся ды разьдзімалі фінансавую бурбалку. Зрабіць яны гэта могуць толькі шляхам перамены накіраванасьці сваёй эканамічнай мадэлі на экспарт.

Цяпер гэты працэс структурнага, сапраўднага аздараўленьня паволі адбываецца ў Амэрыцы, у меншай ступені ў Эўропе. А краіны "другога" і "трэцяга" сьвету перанакіроўваюць высілкі з павелічэньня свайго індустрыяльнага патэнцыялу на ўнутранае разьвіцьцё. Гэта стварае патэнцыйны рынак для заходняга экспарту. Але ж гэтае выраўноўваньне глябальнага эканамічнага дысбалянсу – працэс, прынамсі, на гады.

Карэспандэнт: А якія ад гэтага ўсяго наступствы для Беларусі?
Беларусь атрымала ад грэцкага крызісу кароткатэрміновую выгаду...


Івашкевіч: Беспасярэднія наступствы мінулага тыдня прынесьлі кароткатэрміновую выгаду. На фоне нестабільнасьці на біржах вырасьлі цэны на нафту і нафтапрадукты, якія Беларусь прадае. У доўгатэрміновай пэрспэктыве крызіс у Эўропе – гэта, вядома, зьніжэньне патэнцыйных магчымасьцяў экспарту і залучэньня інвэстыцыяў.

Несумнеўна таксама, што ў сёньняшніх умовах міжнародныя арганізацыі будуць і надалей выказваць гатовасьць да фінансавай падтрымкі афіцыйнага Менску: ня толькі для прадухіленьня рэгіянальнай дэстабілізацыі, якая цяпер так лёгка распаўсюджваецца, але і ў рамках стратэгічнай канцэпцыі разьвіцьця экспартных рынкаў для Захаду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG