Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Мазгавы штурм" на тэму чарговых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі сёньня распачала АГП. Яна рыхтуе стратэгічнае плянаваньне прэзыдэнцкай кампаніі. Да акцыі падключыліся і прадстаўнікі рэгіянальных партыйных структураў.


Старшыня АГП Анатоль Лябедзька згадвае: партыя ўжо прыняла палітычнае рашэньне аб сваім удзеле ў прэзыдэнцкай кампаніі:

"Цяпер пачалося тое, што мы называем мазгавой атакай, мазгавым штурмам. Мы вызначаемся са стратэгіяй кампаніі. Гэта пытаньні пасланьня насельніцтву ды шэраг іншых. Таму наступіў час працы мазгамі. На працягу некалькіх дзён будзем гэтым займацца, прыцягваем свае ўнутраныя інтэлектуальныя сілы".

Сярод партыйных інтэлектуалаў і былы народны дэпутат СССР Юры Варонежцаў з Гомелю. Ён падрыхтаваў разьдзел, які сам называе тэхналягічным:

"Там прапісаныя пэўныя крокі, якія трэба зрабіць, каб забясьпечыць высокую пазытыўную пазнавальнасьць кандыдата. І па-другое, каб гэтая пазнавальнасьць перарасла ў галасы, калі справа дойдзе да выбараў".

Яшчэ адзін былы народны дэпутат СССР Аляксандар Дабравольскі таксама выступае ў ролі экспэрта:

"На жаль, аб'яднаныя дэмакратычныя сілы ўжо не зусім аб'яднаныя з-за дзеяньняў некаторых лідэраў, а таксама, думаю, і спэцслужбаў. Але ж патрэбна разабрацца, як зрабіць лепш, каб і ў гэтай сытуацыі была карысьць для пераменаў. Таму і будзем думаць разам. Сёе-тое ўжо напісалі некаторыя нашы сябры. І будзем вырашаць, як лепей дзейнічаць, можа, нават не ў саміх выбарах, паколькі іх фактычна няма, а ў выбарчай кампаніі на карысьць пераменаў".

Анатоль Лябедзька разважае пра вынікі такога мазгавога штурму:

"Мы думаем, што маем мажлівасьць унесьці ў гэтую кампанію добры імідж, элемэнты цікавасьці і сур'ёзнасьці. Цікавасьці — для выбарцаў, сур'ёзнасьці — для краіны. Так што мы ставімся да гэтага вельмі сур'ёзна. І разьлічваем на вельмі моцную кампанію".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG