Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На рост эўра Нацбанк Беларусі пакуль не адрэагаваў


Раніцай у панядзелак пасьля 12-гадзінных перамоваў у Брусэлі міністры фінансаў краінаў Эўразьвязу дамовіліся пра мэханізм выратаваньня адзінай эўрапейскай валюты.

Фінансавыя рынкі адразу ж адрэагавалі на гэта, і ўжо празь некалькіх гадзінаў пасьля зацьверджаньня ў Брусэлі шматмільярднай праграмы падтрымкі эўра курс эўрапейскай валюты вырас на 5 цэнтаў і склаў 1,3 даляра ЗША. Як ваганьні курсаў адбіваюцца на беларускай эканоміцы.

У Беларусі тры выходныя дні, таму Нацыянальны банк краіны не адрэагаваў на падаражэньне эўра. У абменьніках застаўся курс валютаў, выстаўлены яшчэ ў пятніцу: эўра — 3801, і менчукі кінуліся скупляць эўра. Таму з эўра ў Менску перабоі.

І ўсё ж, як ваганьні курсаў адаб'юцца на беларускай эканоміцы?


На думку эканаміста Аляксандра Кавалёва, ужо гадоў 15 дынаміка сусьветных валютаў абсалютна не падпарадкоўваецца ніводнаму эканамічнаму закону:
Усе гэтыя ваганьні ўверх-уніз — усё гэта зьвязана, хутчэй, зь нейкай біржавой гульнёй, чым зь якімісьці сур'ёзнымі эканамічнымі парамэтрамі ...

"Усе гэтыя ваганьні ўверх-уніз — усё гэта зьвязана, хутчэй, зь нейкай біржавой гульнёй, чым зь якімісьці сур'ёзнымі эканамічнымі парамэтрамі. Ні працэнтныя стаўкі, ні дэфіцыт ці прафіцыт гандлёвага балянсу, як гэта звычайна было, ужо ня могуць растлумачыць гэтую дынаміку.

Што зараз? Хутчэй за ўсё, былі нейкія чаканьні наконт Грэцыі. Тое, што Эўропа вельмі доўга прымала нейкія рашэньні — дапамагаць Грэцыі ці не, гэта неяк нэгатыўна паўплывала на курс эўра".

Зараз эканамісты, фінансісты, банкіры робяць самыя розныя, часам супярэчлівыя прагнозы. 9 траўня галоўны эканаміст нямецкага Deutsche Bank Томас Маер (Thomas Mayer) заявіў, што, на яго думку, хутка даляр дасягне 1,2 эўра і ня выключана нават, што курсы могуць зраўняцца.

Эканаміст Леанід Злотнікаў наконт нядаўняга зьніжэньня эўра кажа:

"Ад таго, што панізіўся эўра, імпартныя эўрапейскія тавары могуць патаньнець працэнтаў на 15. Але ж даходы краіны ад экспарту і нафтапрадуктаў, і мінэральных угнаеньняў, якія мы экспартуем у краіны зоны эўра, таксама стануць меншымі".

Эканаміст Аляксандар Кавалёў, што тычыцца больш канкрэтных прагнозаў для Беларусі, кажа:

"У адрозьненьне ад зоны амэрыканскага даляра, наш экспарт, хутчэй за ўсё, накіраваны ўжо ў зону эўра. Гэта значыць, што беларускія тавары, якія экспартуюцца ў Эўропу, стануць крышку даражэйшыя для эўрапейцаў, калі беларускія прадпрыемствы ў коштах будуць прывязвацца да беларускага рубля. Калі яны прывязаныя да эўра, для эўрапейцаў нічога ня будзе. Што тычыцца плюсаў, пайшоў зноў значны паток аўтамабіляў патрыманых трошкі ў Беларусь з Эўропы. Таму што цана на іх у Беларусі прывязаная да даляра, а ў Літве ці Нямеччыне да эўра. А так яны крыху патаньнелі, нязначна, але ўсё ж такі".

У астатнім — тая ж адвечная праблема выбару: у якой валюце трымаць ашчаджэньні. Але ў Беларусі, нягледзячы на тое, што эўра ўпаў, даляр так істотна і не падрос, як, да прыкладу, у Літве, Польшчы, Чэхіі. Чаму так адбываецца, тлумачыць эканаміст Леанід Злотнікаў:

"У нас курс беларускага рубля падтрымліваецца адносна кошыка з трох валютаў: даляра, эўра і расейскага рубля. І калі так атрымліваецца, што ў сьвеце эўра ўпаў, а даляр павялічыўся прыкладна ў аднолькавай ступені, то гэта амаль што не адбіваецца на курсе беларускага рубля адносна кошыка. Нацыянальны банк Беларусі трымае гэты курс адносна трох валют".
XS
SM
MD
LG